Ліцэісты дапамогуць выбраць профіль

- 11:07Адукацыйная прастора

Днямі ў ліцэі № 2 Мінска стартаваў новы праект. Ва ўстанове адукацыі пачала працаваць інтэрактыўная прафарыентацыйная пляцоўка “Гід па прафесіях”. Адметна, што навучэнцы ліцэя самі вывучалі і рыхтавалі інфармацыю, якая дапаможа дзевяцікласнікам розных устаноў адукацыі не памыліцца спачатку з выбарам профілю, а ў перспектыве і з выбарам прафесіі.

Як расказала дырэктар ліцэя № 2 Мінска Святлана Міхайлаўна Грыцюта, ідэя праекта з’явілася яшчэ ў лютым. На працягу некалькіх месяцаў ішла грунтоўная падрыхтоўка. Навучэнцы правялі вялікую работу, каб расказаць гасцям не толькі аб профілях, якія ёсць у іх установе адукацыі, але і аб прафесіях, з якімі можна звязаць сваё жыццё. Для гэтага яны пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, узялі інтэрв’ю ў прадстаўнікоў розных прафесій (фармацэўта, бухгалтара, праграміста, вэб-дызайнера, эканаміста і іншых) і знялі відэа, каб потым прадэманстраваць кароткія фільмы і падзяліцца ўласнымі меркаваннямі. У кожным такім фільме расказваецца, што ўваходзіць у службовыя абавязкі, як праходзіць працоўны дзень, якія плюсы і мінусы, перспектывы развіцця тоіць у сабе кожная з прадстаўленых прафесій. 

— Мы назвалі свой новы праект “Velfie з прафесій” (англійскае слова Velfie утворана ад слоў сэлфі і відэа), — патлумачыла С.М.Грыцюта. — У выніку праведзенай навучэнцамі работы ў нашай скарбонцы цяпер шэраг невялікіх відэафільмаў, героямі якіх сталі прадстаўнікі розных прафесій. эты працэс будзе мець працяг, так што з часам у нас з’явіцца яшчэ больш відэа для дэманстрацыі. Радуе, што наша моладзь захапілася новай справай, з вялікай цікавасцю рыхтавалася да адкрыцця пляцоўкі і непасрэдна падчас мерапрыемства працавала з дзевяцікласнікамі.

Адным з галоўных ініцыятараў праекта і кіраўніком творчай групы, якая была задзейнічана ў рабоце, стала педагог-псіхолаг Галіна Пятроўна Кашпур. Яна даўно працуе ў ліцэі, паглыблена займаецца тэмай прафарыентацыі.

— Хацелася стварыць аптымальную сітуацыю для таго, каб дзевяцікласнікі, якія маюць жаданне далей атрымліваць профільную адукацыю, рабілі правільны выбар і не расчароўваліся ў ім пазней, — падкрэсліла Г.П.Кашпур. — На жаль, бываюць выпадкі, калі пасля некалькіх месяцаў вучобы дзіця разумее, што знаходзіцца не на сваім месцы, яму цікавей паглыблена вывучаць іншыя прадметы. Упэўнена: гэта агульная праблема для ўсіх навучальных устаноў, дзе ёсць профільныя класы. Каб дапамагчы юнакам і дзяўчатам правільна сарыентавацца і выбраць профіль у сваёй школе, гімназіі ці ліцэі, узнікла ідэя стварыць такую інтэрактыўную пляцоўку і задзейнічаць у яе рабоце непасрэдна саміх ліцэістаў. Парады навучэнцаў, якія старэйшыя ўсяго на некалькі гадоў, іх уласны вопыт і меркаванні выклікаюць у дзевяцікласнікаў нашмат больш цікавасці і даверу. На мерапрыемстве мы ўпэўніліся ў правільнасці такога падыходу. Маладыя людзі гаварылі на адной мове, да таго ж ліцэісты, якія самі пабывалі на прадпрыемствах і пагутарылі з прадстаўнікамі розных прафесій, добра авалодалі інфармацыяй і падрабязна адказвалі на ўсе пытанні.

Першае мерапрыемства прайшло паспяхова. На інтэрактыўнай прафарыентацыйнай пляцоўцы “Гід па прафесіях” сустрэліся навучэнцы дзесяці ўстаноў адукацый Ленінскага раёна. Удзельнікаў вітала начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталля Генадзьеўна Кучынская, якая высока ацаніла новую задуму ліцэістаў. Потым у рамках маштабнага мерапрыемства навучэнцы ўсіх профіляў ліцэя № 2 прадставілі гасцям свае варыянты прафесійных проб у фармаце Velfie. Таксама адбыліся сустрэчы з загадчыкам адной з аптэк РУП “Белфармацыя”, а прадстаўнікі БДУ прапанавалі цікавую квест-гульню. Госці ліцэя наведалі некалькі кабінетаў, прысвечаных пэўнаму профілю, дзе маглі не толькі атрымаць тэарэтычную інфармацыю, але і прайсці анкетаванні і апытанні праз QR-коды і прыняць удзел у практычных доследах. На завяршэнне каманды атрымалі дамашняе заданне, пасля выканання якога пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Першы прафарыентацыйны марафон прайшоў паспяхова. Ліцэісты з задавальненнем прадставілі свой вопыт і гатовы працягнуць работу ў гэтым кірунку, зрабіўшы яе добрай традыцыяй. У планах ладзіць такую інтэрактыўную пляцоўку некалькі разоў на год, запрашаючы на яе спачатку дзевяцікласнікаў іншых устаноў адукацыі раёна, а затым і ўсяго горада.

Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіва ліцэя № 2 Мінска.