Лізавета і музыка

Шасцікласніца Лізавета Піліпук вучыцца ў Маларыцкай раённай гімназіі пераважна на “дзявяткі” і “дзясяткі”. Не горшыя поспехі мае і ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў, дзе з’яўляецца адной з лепшых вучаніц. Яе партрэт вісіць на Дошцы гонару ўстановы “Таленавітыя дзеці — квітнеючая краіна”.

Ужо 4 гады Лізавета вучыцца іграць на фартэпіяна пад кіраўніцтвам настаўніцы Маргарыты Рэянтовіч. У дзяўчынкі спадчынная цяга да музыкі: бабуля і мама Лізаветы скончылі дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна.

— У маёй сям’і любяць музыку, таму ў нас яна гучыць дома не толькі тады, калі я рыхтую музычныя дамашнія заданні, — гаворыць Лізавета. — Вучыцца ў музычнай школе ніхто не прымушаў. Мяне проста зачаравалі гукі, якія выляталі з-пад пальцаў мамы, калі яна іграла на фартэпіяна. Не раз думала, ці змагу так калі-небудзь сыграць сама. Таму год наведвала цэнтр эстэтычнага выхавання, тым самым рыхтуючыся да паступлення ў дзіцячую школу мастацтваў.

Маргарыта Рэянтовіч расказала, што сёння Лізавета Піліпук вядзе актыўную конкурсную дзейнасць як сольна, так і разам з Маргарытай Федарук у складзе ансамбля “Сугучча”. І там, і там даволі вынікова. У скарбонцы творчых дасягненняў Лізаветы — перамогі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Дзяўчынка сур’ёзна рыхтуецца да кожнага выступлення, таму і вынікі заканамерныя. На рахунку Лізаветы — 17 дыпломаў і грамат, у тым ліку 6 міжнароднага ўзроўню, 3 дыпломы І ступені.

Нядаўна дзяўчынка ўдзельнічала ў Міжнародным фестывалі “Мы разам”, які праходзіў у Брэсце пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. Па выніках творчага спаборніцтва Лізавета атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Інструментальная творчасць. Сола”. На суд прафесійнага журы дзяўчынка прадставіла п’есу Аліны Безянсон “Дамашні планетарый”.

— Мне вельмі падабаецца класічная музыка, — прызнаецца Лізавета. — У вольны час люблю слухаць творы Баха, Моцарта, Бетховена і Вівальдзі. Не абыходжу ўвагай і музыку рускіх кампазітараў-класікаў Пятра Чайкоўскага, Сяргея Рахманінава, Аляксандра Барадзіна, Мадэста Мусаргскага. Асабліва захапляюся выкананнем твораў сучасных аўтараў. Праўда, на шырокай публіцы іграю толькі тое, што не раз адрэпеціравана з настаўніцай, каб слухачы атрымалі эстэтычную асалоду.

У Лізаветы ёсць запаветная мара — навучыцца іграць на шасціструннай гітары гэтак жа добра, як і на фартэпіяна.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *