Лужкі: гордасць, радасць, любоў…

- 11:38Культура

Аўторак, 15 верасня 2015 года, 7.00. Дажджлівая і халаднаватая вераснёўская раніца. Белы мікрааўтобус “Мерседэс” на сталічнай плошчы Якуба Коласа. У ім паступова збіраемся мы, журналісты і блогеры, каб выправіцца ў няблізкі прэс-тур, арганізаваны агенцтвам “Трыніці”, у вёску Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.

Заходзячы ў бус, заўважаю знаёмых — журналістаў газет “Звязда”, “Культура”, інтэрнэт-парталаў… Бачу і незнаёмыя твары (але потым, бліжэй да вечара, да вяртання ў Мінск, яны таксама стануць знаёмымі): каардынатара прэс-тура, прадстаўніка агенцтва “Трыніці”, колішняй дырэктаркі легендарнай мастацкай галерэі “Шостая лінія” Ірыны Бігдай, нашага цудоўнага гіда, добра вядомага ў турыстычных айчынных колах, Алеся Варыкіша, мастака-эксперыменталіста, сябра і паплечніка знакамітага Алеся Родзіна Зміцера Юркевіча… А едзем мы ў Лужкі, каб стаць сведкамі ўнікальных для гэтай і патэнцыяльна любой іншай вёскі падзей — адкрыцця мастацкай галерэі дзіцячых твораў у Лужкоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і перадачы мясцовай школе мастацтваў матэрыялаў, неабходных дзецям для малявання. Праект ажыццёўлены дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі “Хайнц”, якая спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага харчавання, а таксама кетчупаў, соусаў і г.д.Тое, што наша паездка наўпрост звязана з установамі адукацыі, мяне як прадстаўніка “Настаўніцкай газеты” асабліва інтрыгуе. Але я яшчэ нават не здагадваюся, у якое незвычайнае месца мы едзем.
Лагойск, Плешчаніцы, Бягомль, Докшыцы, Глыбокае, Шаркаўшчына… І вось мы, нарэшце, у саміх Лужках. Цяпер ад сталіцы нас аддзяляюць амаль 200 кіламетраў і амаль 3 гадзіны часу. Кіламетры сціскаюцца ў час, час раствараецца ў кіламетрах. Але менавіта цяпер пачынаецца самае для нас цікавае!
Спачатку нас знаёмяць з самой вёскай, з яе гісторыка-культурнымі адметнасцямі. І проста дзіву даешся: колькі ўсяго цудоўнага, непаўторнага, характэрнага для ўсёй нашай радзімы можа ўмясціцца на маленечкім кавалку зямлі! А гэта ж усяго толькі вёска з насельніцтвам 800 чалавек. Ну, калі ласка, даруйце мне, любыя лужкоўцы, сёння вы аграгарадок!
А цяпер ужо сапраўды без ніякіх жартаў. Лужкі, якія маюць за плячыма 500 толькі пісьмова зафіксаваных гадоў сваёй гісторыі, на сто працэнтаў маюць права лічыцца адным са знакавых турыстычных аб’ектаў Беларусі.
Наш першы прыпынак — руіны сінагогі ХІХ стагоддзя. Пры ёй да 1930 года працаваў хедар — яўрэйская рэлігійная школа. Ведаеце, хто ў ёй вучыўся? Лейзэр-Іцхак-Перэльман, больш вядомы ў гісторыі сусветнай культуры як Эліезэр Бен-Егуда. Мовазнавец, грамадскі дзеяч, які ў свой час адрадзіў старажытную яўрэйскую мову іўрыт. Не было б яго, не было б беларускіх Лужкоў — не было б, напэўна, сёння і такой дзяржавы, як Ізраіль. Або Ізраіль быў бы проста нямым, што ўяўляецца малаверагодным.
Нашы наступныя два прыпынкі — праваслаўная царква Нараджэння Божай Маці і царкоўная брама (1794 год) і касцёл Архангела Міхаіла (1756 год). Апошні, між іншым, нашы гісторыкі мастацтва лічаць шэдэўрам стылю так званага віленскага барока. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца.
У касцёле нашай групе ласкава даюць магчымаць не толькі агледзець яго багаты інтэр’ер, але і… патрапіць у сховы — падняць з падлогі дыван, адкрыць драўляны люк і спусціцца туды, дзе ў трунах спачываюць вечныя ахоўнікі Лужкоў са знакамітых родаў іх уладальнікаў — Сапегаў, Чапскіх, Жабаў, Плятэраў… Шчыра скажу: блукаць між трун па скляпеннях касцёла, якому больш за дзве з паловай сотні гадоў і які над тваёй галавой сягае ў неба на дзясяткі метраў, — занятак не для слабанервовых. Але нервы там чамусьці якраз і супакоіліся.
Нарэшце, пераязджаем які кіламетр у вёску Гарадзец (паміж Гарадцом і Лужкамі няма нават мяжы, яны перацякаюць адно ў адно, утвараючы адзіны агракангламерат) і знаёмімся з сядзібай Плятэраў. Так-так, тых Плятэраў, з роду якіх паходзіць наша знакамітая беларуская Жана д’Арк — удзельніца паўстання 1830 года Эмілія Плятэр.Вяртаемся ў Лужкі. Дастаткова ўчытацца ў адны толькі назвы вуліц, якія мы мінаем на сваім шляху: Касцельная, Маставая, Млынавая… Ну хіба я не меў рацыю, калі казаў, што Лужкі са сваімі архітэктурнымі помнікамі, са сваімі вуліцамі, са сваімі старажытнымі могілкамі, са сваёй рэчкай з красамоўнай назвай Мнюта — гэта гісторыка-культурны канцэнтрат усёй Беларусі?
А нас тым часам сустракае дырэктар Лужкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Юрый Пазяйчук у прывабным будынку, дзе месціцца гэтая ўстанова. Цікава, што некалі ў гэтым будынку знаходзілася амбулаторыя, і спецыфічны медыцынскі пах тут адчуваецца нават зараз, праз 25 гадоў, пасля таго як медыкі пакінулі памяшканне.
Як высвятляецца, навучанне тут вядзецца па 3 кірунках — музычным, тэатральным і мастацкім. Прычым тэатральнае аддзяленне працуе за 12 кіламетраў ад Лужкоў, у вёсцы Германавічы, а мастацкае — на базе Лужкоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. На сённяшні дзень у Лужкоўскай дзіцячай школе мастацтваў займаюцца 77 юных музыкантаў, мастакоў і тэатралаў — для вясковага асяроддзя гэта вельмі нямала, нават калі ўлічыць, што сюды ездзяць вучыцца дзеці з усіх навакольных вёсак. “Мы жывём у невялікім аграгарадку, можна сказаць, у вёсцы, — гаворыць Юрый Ціханавіч, — але наша школа не губляецца на агульным фоне падобных устаноў краіны. Штогод нашы вучні паступаюць у спецыялізаваныя вучылішчы мастацкіх профіляў”.
Надта доўга ў школе мастацтваў мы не затрымліваемся і хутка апынаемся ў Лужкоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе — гэта, уласна кажучы, галоўны пункт назначэння нашага прэс-тура. І тут, у школе, перад намі адкрываюцца сапраўдныя цуды. Нават цяжка вызначыць з іх шэрага першасны: ці гэта дэндрарый з унікальнымі раслінамі, разбіты на прышкольным участку (з Цэнтральным батанічным садам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і асабіста з акадэмікам Мікалаем Уладзіміравічам Рашэтнікавым Лужкоўская школа супрацоўнічае з 2003 года!), ці гэта ўнікальны беларускамоўны куточак з адмысловымі скульптурамі, кожная з якіх адпаведна па-беларуску падпісана (“Бусел”, “Крэсла”, “Мураш”, “Вядзерца”, “Плот” і г.д.), а паленцы з драўлянай сцежкі таксама гавораць самі за сябе — “Сцежка”, ці гэта шыкоўны зімовы сад і заалагічны куток ужо ў самім будынку школы… Усё тут патанае ў зеляніне, у прыроднай прыгажосці. І дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна з гонарам расказвае пра гэта.
А 15 верасня да ўсіх цудаў Лужкоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы дабавіўся яшчэ адзін — мастацкая галерэя ў калідоры на другім паверсе. Яна нарадзілася літаральна на нашых вачах. Спецыяльна для яе маладая выкладчыца выяўленчага мастацтва Настасся Забалатнюк адабрала лепшыя творы сваіх навучэнцаў за апошнія 2 гады. Мастак Зміцер Юркевіч некалькі гадзін устанаўліваў на сцяне спецыяльныя экспазіцыйныя штангі. Мяркуецца, што выставы дзіцячых мастацкіх твораў будуць зменьваць адна адну прыблізна раз у месяц ці два — ад адной знамянальнай каляндарнай даты да другой, ад аднаго творчага задання да другога, ад аднаго натхнення ў адной дзіцячай душы да другога ў другой…
Перад адкрыццём галерэі Настасся Забалатнюк правяла ў прысутнасці ўдзельнікаў нашага прэс-тура адкрыты ўрок па выяўленчым мастацтве, падчас якога вельмі ўразілі і яна, і яе маленькія выхаванцы.
А пасля ўрока я меў з ёй гутарку. Пачалі з элементарнага: “Дзе нарадзіліся? Дзе выраслі? Якую ўстанову адукацыі скончылі, перад тым як прыйсці настаўнічаць? Чаму і як палюбілі выяўленчае мастацтва і прафесію настаўніка?”
Шчыра скажу: з першага погляду, з першых фраз па-журналісцку і па-чалавечы я ўлюбіўся ў сваю маладую абаяльную суразмоўніцу: “Я нарадзілася і вырасла ў Наваполацку. Там скончыла дзіцячую мастацкую школу імя І.Ф.Хруцкага. Потым адвучылася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце зразумела, што я не столькі мастак, колькі настаўнік, і што праца ў школе — гэта творчасць не меншая, чым маляванне… А ўжо бліжэй да заканчэння вучобы ў мяне з’явілася мара — паехаць працаваць настаўніцай малявання менавіта ў вёску. Прызнаюся: у мяне былі магчымасці размеркавацца ў Мінск, Оршу. Але ўсе гэтыя варыянты адпалі, як толькі я даведалася пра вёску Лужкі, пра тое, што тут ёсць дзіцячая школа мастацтваў і… касцёл. Школа і касцёл — гэтага было для мяне дастаткова, каб я сюды паехала жыць і працаваць…”
І на гэтым я пакуль стаўлю шматкроп’е. Падрабязней пра ўнікальную маладую настаўніцу з вёскі Лужкі Настассю Забалатнюк мы раскажам у святочным нумары нашай газеты, прысвечаным Дню настаўніка.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.