Ля вытокаў сацыяльных змен

Дзейнасць кожнай грамадскай арганізацыі пачынаецца з асабістай жыццёвай гісторыі яе заснавальнікаў. Гісторыя цяжкасцей і пераадоленняў, перамог і дасягненняў адбылася з прыгожай жанчынай, творчым чалавекам, журналістам па прафесіі Аленай Цітовай — старшынёй Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. І за гэта яна гаворыць “дзякуй” свайму 28-гадоваму сыну Міцю.

Майстар-клас па стварэнні ганчарных вырабаў.

Роўныя правы = роўныя магчымасці?

25 гадоў назад каманда бацькоў-аднадумцаў, якія выхоўвалі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Першымі ў краіне яны пачалі ўзнімаць непапулярныя на той момант пытанні, якія тычацца якасці жыцця дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў. БелАДДІіМІ стала start-up-пляцоўкай для многіх сацыяльных змен, для распаўсюджвання лепшых перадавых практык. Арганізацыя пачала рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты, апрабоўваць новыя паслугі, формы і метады работы, вывучаць іх эфектыўнасць, рыхтаваць спецыялістаў і перадаваць вопыт дзяржаўным установам.

Бацькі, у якіх з’явілася дзіця з асаблівымі патрэбамі, сёння могуць звяртацца па дапамогу ў цэнтры ранняга ўмяшання, якіх у краіне 37, у кабінеты ранняй комплекснай дапамогі (138). Дзеці з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця наведваюць ЦКРНіР, якіх у краіне 141 і дзе ў 2018 годзе адукацыйныя паслугі атрымалі 9906 дзяцей. У дашкольных установах дзейнічаюць 3115 інтэграваных груп, дзе выхоўваюцца 4648 дзяцей, у агульнаадукацыйных школах — 5056 інтэграваных класаў, у якіх вучацца 9906 дзяцей. Пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае 156 аддзяленняў дзённага знаходжання, якія наведваюць 5213 чалавек, 285 рэабілітацыйна-працоўных майстэрань і 1388 гурткоў па інтарэсах.

Алена Цітова і Настасся Жырмонт

Дзякуючы намаганням БелАДДІіМІ, з 2013 года на заканадаўчым узроўні была зацверджана паслуга “пражыванне пры суправаджэнні”. З 2017 года пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрываюцца аддзяленні пражывання пры суправаджэнні. Толькі за 1 квартал бягучага года 2106 чалавек з інваліднасцю 1 і 2 групы скарысталіся гэтай паслугай па месцы жыхарства. Наступны важны праект арганізацыі — працаўладкаванне пры суправаджэнні. За 5 гадоў было працаўладкавана больш за 60 чалавек з інваліднасцю. Гэтая паслуга ўвайшла ў праект Закона “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”.

У Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, якую ратыфікавала Беларусь, ёсць артыкул 19 “Самастойны лад жыцця і ўключанасць у мясцовую супольнасць”, які мае на ўвазе развіццё альтэрнатыўных форм пражывання (вучэбнае пражыванне пры суправаджэнні; дамы і кватэры групавога пражывання пры суправаджэнні; дамы і кватэры індывідуальнага пражывання пры суправаджэнні).

“У чым адрозненне паняццяў “інклюзія” і “інтэграцыя”? Калі чалавек падстройваецца пад грамадства, у якім жыве, — гэта інтэграцыя. Калі грамадства стварае ўмовы для таго, каб кожны чалавек, незалежна ад таго, якія ў яго асаблівыя патрэбы, мог камфортна жыць, — гэта інклюзія. Мы жадаем, каб паміж паняццямі “роўныя правы” і “роўныя магчымасці” стаяў знак роўна. Жадаем, каб людзі з інваліднасцю маглі выбіраць месца жыхарства, тое, дзе і з кім ім пражываць, а не былі абавязаны жыць у пэўных умовах, — гаворыць Алена Цітова. — Жадаем, каб людзі з інваліднасцю мелі доступ да розных відаў паслуг, што аказваюцца дома, па месцы жыхарства, а таксама да іншых дапаможных паслуг, якія ўключаюць персанальную дапамогу, неабходную для далучэння да мясцовай супольнасці, а таксама для недапушчэння ізаляцыі ці сегрэгацыі. Жадаем, каб паслугі і аб’екты калектыўнага карыстання, прызначаныя для насельніцтва ў цэлым, былі ў роўнай ступені даступныя для людзей з інваліднасцю і адпавядалі іх патрэбам”.

Партнёры і сябры

Падчас дэгустацыі страў з вешанак.

Развіццё партнёрскіх адносін з дзяржаўнымі ведам­ствамі — яшчэ адна прынцыповая пазіцыя БелАДДІіМІ. Падчас урачыстасцей з нагоды 25-годдзя арганізацыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак узнагародзіў яе супрацоўнікаў ганаровымі дыпломамі і граматамі.

“БелАДДІіМІ для нас адзін з галоўных партнёраў, разам з якім мы працуем у інтарэсах людзей з інваліднасцю, — адзначыў А.А.Румак. — На заканадаўчым узроўні нам удалося вырашыць праблемныя пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю і апякаюць сваіх дарослых дзяцей. Падрыхтаваны праект Закона “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, згодна з якім атрымаюць развіццё аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, што будуць займацца пытаннямі іх жыццеўладкавання. Абмяркоўваецца магчымасць зняцця супрацьпаказанняў для наведвання выпускнікамі ЦКРНіР аддзяленняў дзённага знаходжання пры ТЦСАН”.

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур падкрэсліла: “Немагчыма пераацаніць той уклад, які робіць ваша арганізацыя па абароне правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі, аказанні ім дапамогі, прадастаўленні новых паслуг, паляпшэнні якасці жыцця”. Важную ролю ў развіцці БелАДДІіМІ адыграла Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID, пры ўдзеле якога з 2012 года рэалізоўваецца маштабны праект “Мастацтва — за інклюзію людзей з інваліднасцю”. За 7 гадоў сумеснай работы праведзены важныя інфармацыйныя кампаніі, міжнародныя канферэнцыі і стажыроўкі, адукацыйныя мера­прыемствы, рэалізаваны мясцовыя ініцыятывы. У выніку ўдзелу ў праекце, напрыклад, узнік танцавальны калектыў “Аўра” (Гродна). Мастацкі кіраўнік гро­дзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Ірына Аляксандраўна Красікава падрыхтавала некалькі нумароў, з якімі калектыў прымаў удзел у конкурсах і фестывалях. У 2018 годзе “Аўра” стала лаўрэатам Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу ў Хабараў­ску “Юныя зоркі”, а вясной 2019 года прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі “Вясновы зарапад” у Івацэвічах, дзе калектыў атрымаў 1-е і 2-е месца.

Соф’я Бранько і Соф’я Празнова, калектыў “Маgic girls”.

Нараджэнне дзіцяці з інваліднасцю раздзяляе жыццё сям’і на да і пасля. Каб змякчыць сітуацыю, спецыялісты БелАДДІіМІ ў 2004—2007 гадах ажыццяўлялі праект “Сям’я для кожнага дзіцяці”, які быў накіраваны на папярэджанне адмаўлення ад дзіцяці з інваліднасцю ва ўзросце да 12 месяцаў і прадухіленне яго накіравання ў дзіцячы дом. Праект быў падтрыманы Міністэрствам аховы здароўя, Міністэр­ствам адукацыі, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, а таксама Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) і рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы англійскай дабрачыннай арганізацыі “Лісце надзеі для беларускіх дзяцей”. Ідэі праекта былі ўзяты за аснову дзейнасці іншых грамадскіх і міжнародных арганізацый. Пасля завяршэння праекта колькасць дзяцей, якіх аддавалі ў дзіцячыя дамы, скарацілася ў 2 разы. Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, якая таксама далучылася да віншаванняў, адзначыла сур’ёзныя дасягненні
БелАДДІіМІ ў рэалізацыі многіх сацыяльна значных праектаў.

З 1993 года БелАДДІіМІ падтрымлівае адносіны са шведскай царквой “Аркен”, дзякуючы чаму дзеці і маладыя людзі, якія маюць паказанні да санаторна-курортнага лячэння, і асобы, якія іх суправаджаюць, штогод могуць адпачываць і атрымліваць лячэнне ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “На­дзея”. 

На працягу 25 гадоў БелАДДІіМІ су­працоўнічае з дабрачыннай шведскай арганізацыяй “Зорка надзеі”, якая аказвае дапамогу ў стварэнні сістэмы падтрымкі сем’яў і дзяцей з інваліднасцю — ад ранняга ўмяшання да пражывання пры суправаджэнні, у тым ліку фінансавую дапамогу.

Майстар-клас па вырабе папяровых кветак.

Дзякуючы шматгадоваму ўзаемадзеянню БелАДДІіМІ з Таварыствам апекі людзей з парушэннем інтэлекту “Вільціс” (Літва), сем’і з Беларусі маюць магчымасць з 2010 года аздараўляцца ў Літве на беразе Балтыйскага мора. Партнёрскія адносіны БелАДДІіМІ з рэлігійнай місіяй Дабрачыннага таварыства “Карытас” (Аўстрыя) Мінска-Магілёўскай архіепархіі таксама даўнія. Штогод сем’і БелАДДІіМІ прымаюць удзел у аздараўленчых зменах, якія праводзіць “Карытас”. Акрамя таго, праводзяцца адукацыйныя курсы для спецыялістаў. Адны з апошніх — практычны модуль “Базавы курс кінестэтыкс”.

З арганізацыяй “Кораал Груп” і ўніверсітэтам прыкладных навук “Фонтус” (Галандыя) БелАДДІіМІ супрацоўнічае з 2000 года ў кірунку дапамогі пярвічным арганізацыям і сем’ям Мінска. “Сафіты” — гэта сумесны культурны праект са шведскай арганізацыяй Share Sweden Music, накіраваны на абмен ведамі і вопытам, развіццё і распаўсюджванне творчых метадаў работы. Партнёрства з гэтай арганізацыяй, якое рэалізоўваецца з 2014 года, прынесла ў Беларусь такія кірункі, як узаемадзеянне з журналістамі для змянення грамадскай думкі, унясенне змен у грамадскія нормы і ў парадыгму ўспрымання чалавека з інваліднасцю і пераход ад медыцын­скай мадэлі да сацыяльнай. Зараз праект “Сафіт-2” ажыццяўляецца сумесна з пярвічнай арганізацыяй БелАДДІіМІ Гомеля, якая ў сваім творчым развіцці прайшла шлях ад асобных нумароў, што рыхтаваліся пры ТЦСАН, да інклюзіўнай студыі.


Падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды 25-годдзя БелАДДІіМІ прадстаўнікі яе пярвічных арганізацый з Мінска, Жлобіна, Асіповіч, Валожына, Любані, Жыткавіч, Калінкавіч правялі майстар-класы па вырабе папяровых кветак з выкарыстаннем цукерак, па стварэнні ганчарных вырабаў, прапанавалі пакашта­ваць гарбату з мясцовых лекавых траў, стравы з вешанак, якія вырасцілі маладыя людзі з абмежаваннямі, праверыць на сабе ўздзеянне водаратэрапіі. З музычным падарункам да супрацоўнікаў БелАДДІіМІ прыйшлі папулярныя беларускія спевакі Георгій Калдун і Іскуі Абалян.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.