Лячэнне мастацтвам

- 9:51Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Арт­тэрапія — універсальны від творчасці, які дапамагае перамагчы стрэс, унутраныя страхі і фобіі, а таксама развіць крэатыўнасць мыслення і раскрыць уласны патэнцыял.

Я працую ў класе інтэграванага навучання і выхавання поўнай напаўняльнасці з вучнямі з цяжкасцямі ў навучанні і вучнямі з інтэлектуальнай недастатковасцю. Пачынаючы сваю дзейнасць у першым класе інтэграванага навучання і выхавання, сутыкнулася з праблемай недаразвіцця вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, пазнавальных працэсаў, форм мыслення. На працягу некалькіх гадоў, назіраючы за работай сваіх вучняў, заўважыла, што метад арт-тэрапіі дапамагае вырашаць гэтыя праблемы. Мэтай маіх заняткаў з’яўляецца дапамога вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў праяўленні эмоцый праз гульнятэрапію, выяўленчую тэрапію, казкатэрапію, арыгамі, маскатэрапію, драматэрапію, музыкатэрапію, колератэрапію, пясочную тэрапію, танцавальна-рухальную тэрапію.

На занятках я выкарыстоўваю гульню і сюрпрызны момант, на працягу якіх вучні праяўляюць творчае мысленне, уяўленне. Галоўным прынцыпам у час заняткаў з’яўляюцца даверлівыя адносіны паміж мной і дзецьмі, іх жаданне ўдзельнічаць. Стараюся заахвоч­ваць, хваліць вучняў і ствараць для іх атмасферу незвычайнасці і таямнічасці. Важна, каб прапанаваны матэрыял быў яркім, незвычайным, прыгожым.

Адзін з напрамкаў, якія выкарыстоўваю ў сваёй рабоце, — казкатэрапія. Мы з вучнямі завучваем урыўкі казак, гумарыстычных сцэнак, баек і інсцэніруем іх на школьных мерапрыемствах. Удзельнічаем у розных конкурсах, адным з такіх з’яўляецца раённы інклюзіўны конкурс “Мы разам”, дзе дзяцей узнагародзілі дыпломамі.

Вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця неабходна ўдзяляць больш увагі, вызваляць ад негатыўных эмоцый. Для гэтага выкарыстоўваю
адзі­н з метадаў арт-тэрапіі — выяўленчую тэрапію. Гэты метад актыўна практыкую на перапынках. Прымяняю маляванне ватнымі палачкамі, сыпучымі прадуктамі (рыс, проса, грэчка, манныя крупы), рознымі прадметамі (губка, трубачка, зубная шчотка, пена для галення). Дзеці з карысцю бавяць час, становяцца больш дысцыплінаванымі, разняволенымі, стараюцца правільна выказваць свае думкі, вучацца фантазіраваць.

Гульня — гэта крыніца станоўчых эмоцый і неад’емная частка адукацыйнага і карэкцыйнага пра­цэсу. Выяўлен­чая тэрапія — адна з маіх любімых форм работы. Пры дапамозе гульнявой дзейнасці дзіця набывае новыя веды, уменні, удасканальвае свае навыкі, раскрывае здольнасці, развівае моўную актыўнасць, пазнавальныя працэсы. Я выкарыстоўваю як дыдактычныя гульні, так і электронныя (https://learningapps.org), дасягаю гэтым павышанай цікаўнасці да навучання.

Практычны вопыт маёй работы дае магчымасць зрабіць вывад, што выкарыстанне элементаў арт-тэрапіі з вучнямі з асаблівасцямі садзейнічае фарміраванню ў іх цікаўнасці да далейшага навучання і ўспрымання навакольнага свету. Заняткі, на якіх прысутнічаюць элементы арт-тэрапіі, прыносяць дзецям шмат эмоцый, задавальнення і пазітыўнага настрою.

Юлія ЛЕБЕДЗЕВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 18 Барысава.