Лялькі на шчасце

Да Дня беларускай лялькі, які з 2010 года адзначаецца ў нашай краіне 16 лістапада, у БДУ прэзентавалі тэматычную выставу. На экспазіцыі ў кабінеце-музеі беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта прадстаўлена больш за 50 лялек, выкананых у самых розных тэхніках: з саломкі, абрэзкаў, нітак, ільну, дрэва, керамікі.

“Роля лялькі ў гісторыі розных народаў свету вельмі значная. Гавораць, што лялькі — выратавальніцы, бо яны ў пэўнай ступені выратавалі людскі род ад чалавечых ахвяр, якія прыносілі шматлікім багам, — расказала прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта старшыня Саюза жанчын БДУ Ірына Казакова. — У розных легендах і паданнях гаворыцца, што прыгожых жанчын прыносілі ў ахвяру духам прыроды, каб іх зміласцівіць. І вось нехта першы ўзяў драўлянае палена, апрануўшы яго ў сарафан і прыгожую хустку, і аддаў на ахвяру замест жанчыны. З гэтага і пачалося стварэнне лялек”.

Наведвальнікам выставы былі прадстаўлены калекцыі абрадавых і абярэгавых лялек, бо першасная роля лялькі — рытуальная: захаванне ў доме шчасця, дабрабыту і багацця, ураджаю. А другасная функцыя — забаўляльная, бо лялька ва ўсе часы выкарыстоўвалася як дзіцячая цацка. “Лялька для дзяцей — гэта пэўнага роду і сацыялізацыя, і пазнанне свету, бо гульні з лялькамі садзейнічаюць засваенню дзецьмі сацыяльных роляў і знаёмяць іх са штодзённым жыццём, навакольным асяроддзем, людзьмі”, — патлумачыла філолаг.

Вельмі сімвалічна, што менавіта ўвосень святкуецца Дзень беларускай лялькі. Бо жанчыны-сялянкі маглі вырабляць лялькі толькі глыбокай восенню, па завяршэнні палявых работ, калі ў іх з’яўляўся вольны час, падкрэсліла Ірына Валер’еўна, паказваючы адну з самых папулярных лялек — зярнушку: “Унутр яе насыпалі зерне з першага снапа і захоўвалі ў хаце цэлы год, каб былі дабрабыт, здароўе і будучы ўраджай таксама быў добрым. А вось гэта вясельныя лялькі-абярэгі (дзве фігуркі мужчыны і жанчыны ў белай вопратцы, злучаныя ў пару), якія маладым дарылі на вяселле блізкія людзі, каб пара была неразлучнай і доўга ды шчасліва жыла”.

Самыя ж распаўсюджаныя і папулярныя лялькі, якія робяць і сёння, — гэта так званыя лялькі-жадальніцы. “Маці вучыла дачку, як зрабіць такую ляльку, якой пасля на вушка трэба было шапнуць жаданне, пакласці пад падушку ці схаваць, каб ніхто не бачыў, і тады яна споўніць жаданне. Дарэчы, як тысячу гадоў назад, так і зараз самае актуальнае дзявочае жаданне — шчаслівае замужжа. А выраблялі такія лялькі з абрэзкаў, якія нельга было рэзаць нажом ці ножнамі, а толькі ­рваць жаночымі рукамі, укладаючы ў абрэзкі добрую энергетыку”, — паведаміла старшыня Саюза жанчын БДУ.

Побач знаходзяцца лялькі-мотанкі, якія былі і падарункам, і абярэгам на добрую дарогу, і ўпрыгажэннем хаты на розныя святы. “Беларускія лялькі рабілі з розных матэрыялаў, найбольш распаўсюджаныя — лён, галоўная культура, з якой рабілі адзенне, і саломка, вырабы з якой захоўвалі энергію і зямлі, і сонца. Таму фігуркі з гэтых матэрыялаў лічыліся вельмі моцным абярэгам для дома, які абараняе ўсю сям’ю”, — дадала І.Казакова.

Сярод такіх лялек можна ўбачыць і званкі, якія былі характэрны як для рускай, так і для беларускай культуры. Імі ўпрыгожвалі хату на святы — Каляды, Новы год, Вялік­дзень, каб “адагнаць злыя сілы, каб анёлы пачулі, што ў хаце свята, і каб усё было добра”.

Акрамя таго, на выставе дэманструюцца экспанаты калекцыі “Лялькі свету”, лялькі, зробленыя студэнтамі на майстар-класах, і лялькі сучасных майстроў. Сярод іх экспанаты вядучага бібліятэкара Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Валянціны Трушкевіч, якая на адкрыцці выставы паказала невялікую лялечную пастаноўку. “Мае лялькі — Дзед Мароз і Баба Яга — нарадзіліся ў 1999 годзе. І вось ужо 21 год мы разам паказваем вясёлую сцэнку, якую я сама і напісала, — расказала майстрыха. — Людзі, якія збіраюць або вырабляюць лялькі, ствара­юць у сваім доме атмасферу дабрыні, радасці і шчасця”.

Кабінет-музей традыцыйнай беларускай культуры на філалагічным факультэце БДУ існуе амаль 15 гадоў. “Наш вучэбны кабінет-музей выконвае важную функцыю ў адукацыйным працэсе як для нашых айчынных студэнтаў, так і для замежных, якія праяўляюць вялікую цікавасць менавіта да беларускай традыцыйнай культуры, — адзначыла І.Казакова. — Нашы выставы суправаджаюць выкладанне такіх дысцыплін, як “Гісторыя і культура Беларусі”, “Сусветная культура”, “Фалькларыстыка”, спецкурс “Беларускі фальклор у сусветным кантэксце” і г.д. Вельмі часта ў нас адбываюцца творчыя выставы, сустрэчы з майстрамі, цікавыя мерапрыемствы, прысвечаныя розным святам — і духоўным, і дзяржаўным, і народным. Прынамсі, лялечныя выставы мы ладзім пастаянна. Бо, вывучаючы лялькі, можна прасачыць і асноўныя рысы нацыянальнага характару: гасціннасць, павагу да старэйшых, працавітасць”.

Арганізатарам выставы выступае Саюз жанчын БДУ, таму для ўсіх зацікаўленых экспазіцыю размясцілі ў віртуальнай прасторы на сайце саюза.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.