Якім павінен быць музей у школе, пачынаеш разумець, калі трапіш у таямнічы свет лесу, наведаўшы сярэднюю школу № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання.
Наш музей створаны менавіта для дзяцей. Тут кожны вучань можа патрымаць у руках каштоўныя экспанаты (прадметы побыту, зробленыя з дрэва, інструменты для апрацоўкі дрэва і інш.) пачатку ХХ стагоддзя, адчуць непаўторны водар сасновага бору, наталіцца залівістымі спевамі лясных птушак, зрабіць сваімі рукамі сувенір на памяць з прыроднага матэрыялу.
А за вялікім дубовым сталом можна паласавацца пачастункамі з “Лясной кухні”. Вучні з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у віктарынах і конкурсах, гульнях на прыродную тэматыку і тым самым пашыраюць веды аб прыродным багацці лесу.
Апынуўшыся ў гэтым маленькім кутку жывой прыроды, адчуваеш цеплыню, камфорт і спакой. І гэта нездарма. Бо толькі тут сапраўды разумееш, што чалавек — маленькая частачка прыроды. І толькі знаходзячыся з ёй так блізка, можна адчуць усе гэтыя пачуцці і эмоцыі.
У музеі ладзяцца займальныя экскурсіі, майстар-класы па вырабе сувеніраў з прыроднага матэрыялу. Актыўна выкарыстоўваецца наш музей для правядзення ўрокаў біялогіі, геаграфіі, вучэбнага прадмету “Чалавек і свет”, а таксама пазакласных мерапрыемстваў.
Вера АРЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання.