Лёгкасць, вытанчанасць, прыгажосць

- 11:20Культура

Днямі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры”. Яе ўдзельнікамі сталі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў, якія прадставілі больш за 400 індывідуальных і калектыўных выцінанак.

На выставе дэманструецца шырокая панарама творчых пошукаў беларусаў у выцінанцы. Яна паказвае, наколькі выцінанка разнастайная і багатая па змесце і форме, бо на экспазіцыі ёсць і побытавыя фіранкі, сурвэткі, падузорнікі, і сюжэты на традыцыйныя тэмы (букеты, кветкі ў вазонах, дрэвы жыцця, птушкі), і кампазіцыі з антрапаморфнымі і архітэктурнымі выявамі, а таксама адлюстраваннем народных свят, абрадаў і іншых арт-аб’ектаў. Усе яны здзіўляюць лёгкасцю, вытанчанасцю і прыгажосцю. Кожная работа адметна сваёй складанай кампазіцыяй, сваёй гісторыяй, сюжэтам, тэматыкай і тэхнікай выканання.

Для прафесійнай ацэнкі работ-канкурсантаў было сфарміравана журы конкурсу на чале з мастачкай Наталляй Сухой. Яна акцэнтавала ўвагу на значнасці гэтага мастацкага праекта і выказала падзяку ўсім удзельнікам выставы-конкурсу, пажадаўшы ім творчых поспехаў і перамог.

Адказваючы на пытанне, якія работы найбольш яркія з чатырох соцень, загадчыца сектара выставачнай работы НЦ МТДіМ Святлана Скварнюк адзначыла сурвэткі і ручнікі, выкананыя навучэнцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, наборы паштовак “Ад Масквы да Брэста…” выхаванкі ўзорнай студыі саломапляцення і выцінанкі “Добры настрой” сярэдняй школы № 3 Мінска Вікторыі Бародзіч, у якіх “адлюстраваны мастацкі пошук новага вобразнага і графічнага выяўлення паперы, выкарыстаны новыя канстукцыйныя і дэкаратыўныя прыёмы”.

— У сучасных фіранках Дар’і Коўшар, навучэнкі аб’яднання па інтарэсах “Папяровыя карункі” Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, можна пабачыць выразныя і разнастайныя падыходы да ўвасаблення народных традыцый і актуальных сучасных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх аб’ектаў з паперы, — дадала Святлана Леанідаўна. — Вялікую цікавасць выклікае работа выхаванкі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Фантазія і Я” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Аліны Лявонавай “Казка ў чамадане” — такі сапраўдны тэатр ценяў з казачнымі героямі, які толькі і чакае, каб у ім зладзілі спекталь. А яшчэ асабіста мне вельмі спадабалася вялізная выцінанка “Тут Радзімы маёй пачатак”, зробленая ў выглядзе банера. Яе аўтар — прадстаўніца аб’яднання па інтарэсах “мастацтва цудаў” мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва Марыя Каралёва. Увогуле, мяне вельмі ўразіла колькасць канкурсантаў. І нават калі ўзя ць традыцыйную намінацыю “Дрэва жыцця”, то проста неверагодна, наколькі разнапланава і разнастайна яна прадстаўлена ў колеры, кампазіцыі і розных элементах выцінанкі!

Усе прадстаўленыя на выніковай выставе работы тым ці іншым чынам звязаны з народнымі традыцыямі, ва ўсіх назіраецца непадробная цікавасць да захавання старажытных тэхналогій. Да таго ж можна заўважыць, што педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку працы, захоўваючы пры гэтым найважнейшыя якасці дзіцячых твораў — непасрэднасць, свабоду фантазіі, яркую вобразнасць.

Святлана Скварнюк нагадала, што ў пачатку года выцінанка адзначыла 100-гадовы юбілей. “Выцінанка — гэта мастацтва выразання карункавых ўзораў з белай і каляровай паперы. Яно стала распаўсюджвацца ў народным побыце беларусаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’ера традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя. Сучасная выцінанка — сапраўднае мастацтва, якое працягвае традыцыі продкаў, — патлумачыла яна. — Сёння выцінанку не сустрэнеш у дамах, але яе перавялі на прынцыпова новы ўзровень і ствараюць у гэтай тэхніцы сапраўдныя творы мастацтва. Такім чынам, выцінанка стала адначасова і традыцыйным мастацтвам, і вельмі сучасным і экалагічным. Займацца выцінанкай можа кожны. Для гэтага патрэбны толькі нажніцы, папера і фантазія!”

Спазнаць мастацтва паперы і нажніц можа любы жадаючы да 16 кастрычніка. А школьнікі да таго ж могуць наведаць і міні-майстар-клас, на якім змогуць упрыгожыць уласна выразанымі дарункамі восені агульнае палатно. Пазней жа, 6—7 кастрычніка, адбудзецца рэспубліканскі майстар-клас па выцінанцы для педагогаў краіны. Выцінанка — гэта занятак для душы, які прыносіць задавальненне і дзецям, і дарослым. Педагогі сцвярджаюць, што вучні, якія займаюцца выцінанкай, становяцца больш уседлівымі, развіваюць фантазію і прасторавае мысленне, — і ўсё гэта чым не нагода для авалодвання такім вытанчаным і дзівосным мастацтвам!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.