Лёгкіх пытанняў і простых адказаў не было

З 14 па 21 ліпеня ў швейцарскім Берне на базе Бернскага ўніверсітэта праходзіла 24-я Міжнародная біялагічная алімпіяда. Сёлета ў ёй прымалі ўдзел 240 школьнікаў з 62 краін. Беларуская каманда вярнулася з міжнародных спаборніцтваў з двума бронзавымі медалямі.
Алімпіяда разлічана на школьнікаў з “High school”

Беларусь у гэтым інтэлектуальным спаборніцтве прадстаўлялі адзінаццацікласнікі Маша Дунай (бронзавы медаль), Таццяна Дзянісава з Ліцэя БДУ (выкладчыкі В.С.Панкратаў і Ю.А.Кулікова), Аліна Вайцянкова (бронзавы медаль) з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 (выкладчык Н.С.Колчына) і дзесяцікласнік Мікіта Бокшыц з сярэдняй школы № 3 Любані Мінскай вобласці (выкладчык А.Л.Бокшыц).
Нягледзячы на ўсе алімпіядныя цяжкасці, беларускія школьнікі традыцыйна атрымліваюць медалі. Гэта сведчыць пра тое, што ў нашай краіне існуе эфектыўная сістэма адбору і падрыхтоўкі дзяцей да міжнародных спаборніцтваў, што ў школах працуюць настаўнікі-энтузіясты, здольныя падрыхтаваць алімпіядніка міжнароднага ўзроўню. Акрамя гэтага, дзеці шмат працуюць самастойна.
Міжнародная біялагічная алімпіяда, як і наша рэспубліканская, складалася з двух тураў — тэарэтычнага і эксперыментальнага. Тэарэтычныя заданні на сёлетняй міжнароднай алімпіядзе школьнікі выконвалі на працягу 7 гадзін у два этапы (кожны па 3,5 гадзіны з перапынкам). Тэматыка заданняў тычылася анатоміі і фізіялогіі жывёл, клетачнай і малекулярнай біялогіі, мікрабіялогіі, генетыкі, папуляцыйнай генетыкі і эвалюцыі, анатоміі і фізіялогіі раслін, экалогіі, эталогіі, сістэматыкі.
Падчас эксперыментальнага тура работа ішла ў чатырох лабараторыях (па 1,5 гадзіны ў кожнай): параўнальнай і эвалюцыйнай біясістэматыкі, малекулярнай біялогіі, экалогіі і фізіялогіі раслін, эвалюцыйнай эталогіі. Гэта было вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для школьнікаў.
“Калі біялагічная алімпіяда праходзіць у краінах Азіі, заданні ніколі не бываюць простымі, яны разлічаны на школьнікаў так званай сістэмы “High school”, — гаворыць навуковы кіраўнік збораў па падрыхтоўцы школьнікаў да міжнародных біялагічных алімпіяд, загадчык кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ, прафесар Наталля Паўлаўна Максімава. — У “High school” узровень выкладання прадмета адпавядае прыкладна першым двум курсам нашага ўніверсітэта. Вучняў “High school” мэтанакіравана вучаць біялогіі, пастаноўцы эксперыментаў, таму яны не бянтэжацца, як нашы школьнікі, калі бачаць новае абсталяванне, а неадкладна пачынаюць працаваць, выконваючы ўсё самастойна, хутка, якасна. Неабходна адзначыць і розніцу ва ўзросце вучняў: беларускім алімпіяднікам у сярэднім па 17-18 гадоў, а прадстаўнікам большасці краін па 20 гадоў.
Сёлета мы спадзяваліся, што алімпіяда ў Еўропе будзе больш лёгкай для нас. Але гэтага, на жаль, не адбылося. На спаборніцтвах таксама выявілася розніца паміж школамі з традыцыйным спосабам навучання (школамі постсавецкай прасторы) і замежнымі школамі (каледжамі) з 12-13-гадовым тэрмінам навучання. Акрамя таго, падчас тэарэтычнага тура школьнікам упершыню было прапанавана выканаць заданні на планшэтах, а не на паперы. Натуральна, што для нашых школьнікаў такі спосаб работы быў не вельмі звыклым.
Як і ў мінулым годзе, з сёлетняй алімпіяды былі выключаны пытанні часткі А, а пытанняў часткі Б з мнагазначнымі адказамі было каля сотні. Усе алімпіядныя заданні былі накіраваны на выяўленне самых таленавітых школьнікаў, здольных да неардынарнага мыслення, хуткіх і дакладных спосабаў выканання задання. Яны патрабавалі логікі і здольнасці аналізаваць атрыманыя дадзеныя. Для беларускіх школьнікаў заданні былі вельмі цяжкімі, паколькі нашы школьныя праграмы па біялогіі не прадугледжваюць развіццё названых навыкаў”.

У імкненні да “золата”

Калі адзін вучань з каманды атрымлівае “золата” — гэта значыць, што ён валодае ўнікальнымі здольнасцямі. Калі ж школьнікі адной краіны атрымліваюць па чатыры залатыя медалі штогод, як, напрыклад, удзельнікі каманд з Кітая, Сінгапура, Паўднёвай Карэі, — гэта сведчыць аб тым, што іх спецыяльна натрэніравалі на “залаты” ўзровень. У гэтых краінах ёсць спецыяльныя цэнтры па падрыхтоўцы алімпіяднікаў. Напрыклад, у Германіі такі цэнтр абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, у ім выкладаюць лепшыя спецыялісты краіны. Наталля Паўлаўна ўпэўнена: каб беларусы ў будучым вярталіся з алімпіяды з залатымі медалямі, неабходна стварыць і ў нашай краіне цэнтр па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіядных спаборніцтваў.
Якасць школьнай адукацыі заўсёды будзе ўплываць на ўзровень выступленняў нашых навучэнцаў на інтэлектуальных спаборніцтвах. Яшчэ ў пачатковых класах у дзяцей фарміруюцца здольнасці лагічна мысліць, аналізаваць, рабіць высновы, хутка знаходзіць рашэнне. Нельга набыць іх за два апошнія гады вучобы ў школе ці за два тыдні на перадалімпіядных зборах.
“Біялогія ў нашай школе ў апошні час нагадвае хутчэй тэарэтычную дысцыпліну, — гаворыць Наталля Паўлаўна. — У свядомасці многіх школьнікаў яна ператварылася ў набор фактаў, а пошук адказаў на пытанні настаўніка зводзяцца да пошуку адпаведнага месца ў падручніку або ў інтэрнэце. Сёння, дзякуючы “дапамозе” інтэрнэту, у вучняў знікае цэлы комплекс здольнасцей (да рэфлексіі, праблематызацыі і самавызначэння, да пастаноўкі мэт і г.д.). Фарміраванне звычкі да хуткага атрымання інфармацыі, а таксама прывыканне да таго, што гэтую інфармацыю можна пастаянна абнаўляць пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій, прыводзіць да страты здольнасці глыбокага аналізу праблем. Усё гэта зніжае інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў і адвучае іх ад культуры работы з тэарэтычным вучэбным матэрыялам”.
Школьная біялагічная адукацыя павінна не толькі забяспечваць навучэнца пэўным наборам ведаў, але развіваць у яго цікавасць да прадмета, лагічнае мысленне, здольнасць творча падыходзіць да адказу на пастаўленыя пытанні, удасканальваць пазнавальныя здольнасці і самастойнасць у дасягненні мэты і самарэалізацыі. Гэта, у сваю чаргу, немагчыма без вяртання ў школу біялагічных доследаў і эксперыментаў, без навучання школьнікаў навыкам назірання і аналізу біялагічных працэсаў, навыкам вымярэння, класіфікацыі і г.д.

***
Адной з задач міжнародных алімпіяд з’яўляецца згуртаванне моладзі ўсяго свету, пошук новых сяброў, атрыманне ведаў пра інтарэсы і захапленні маладых людзей, пра асаблівасці навучання ў школах розных краін. Швейцарыя паспрыяла зносінам алімпіяднікаў, яна ўразіла школьнікаў сваёй прыгажосцю і высокім узроўнем жыцця людзей. Арганізатары алімпіяды прапанавалі маладым людзям цікавыя экскурсіі, напрыклад, у горы на фунікулёры, у Нацыянальны музей прыродазнаўства, удзел у дыскатэках, гульнях, сустрэчах.

Надзея ЦЕРАХАВА.