Лёгкіх шляхоў у навуцы не бывае

- 11:56Навука і інавацыі

Шлях у прафесію, да справы жыцця не адразу бывае роўны і просты. Але калі ў чалавека ёсць сапраўдная мара, ён павінен яе здзейсніць. Прафесійны і навуковы шлях Віктара Варапаева сведчыць аб тым, што мэты дасягае той, хто хоча яе дасягнуць і прыкладае для гэтага шмат сіл.

Скончыўшы фізіка-матэматычны клас, Віктар не адразу выбраў для сябе прафесію, звязаную з тэхнічнымі навукамі. Да іх ён прыйдзе праз некалькі гадоў. А пакуль наперадзе быў факультэт кіравання Арлоўскага дзяржаўнага інстытута эканомікі і гандлю, які ён скончыць з чырвоным дыпломам, атрымае спецыяльнасць “Маркетолаг” і… падасць дакументы ў аспірантуру па спецыяльнасці “Тэхналогія і перапрацоўка палімераў і кампазітаў” у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Вось такі няпросты шлях вёў старшага выкладчыка кафедры лагістыкі і метадаў кіравання факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы Віктара Віктаравіча Варапаева да сённяшніх дасягненняў. А сярод іх — удзел у шматлікіх канферэнцыях у Беларусі і Расіі і публікацыі па асноўнай тэме навуковых даследаванняў — “Тэхналогія трыбатэхнічных палімерных кампазіцыйных матэрыялаў на аснове фторзмяшчальных матрыц”, удзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі” з праектам “Фторкампазіты для энергетыкі” і 2 месца ў Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”.
— Як атрымалася, што тэхнар усё ж перамог маркетолага? — пытаюся ў Віктара Віктаравіча.
— Яшчэ падчас вучобы ў інстытуце пачаў цікавіцца тэхналогіямі, удзельнічаў у навуковых мерапрыемствах, — расказвае Віктар Варапаеў. — Мой бацька Віктар Фёдаравіч доўгі час працаваў начальнікам участка на Гродзенскім механічным заводзе, таму гэтая тэма — тэхналогіі, новыя матэрыялы, праблемы вытворчасці, інавацыі — была мне знаёмая. Бацька раіў адразу пасля школы паступіць на блізкую тэхналогіям спецыяльнасць, але я выбраў кружны шлях. Зрэшты, пра тое, што першая спецыяльнасць звязана з эканомікай і маркетынгам, зусім не шкадую. Па-першае, выкладаю шэраг дысцыплін па арганізацыі вытворчасці, па-другое, сённяшнія рэаліі патрабуюць ад навукоўца ведаў і па сумежных, так бы мовіць, спецыяльнасцях. Вынаходніцтва без рэалізацыі, без прасоўвання яго ў вытворчасць нічога не вартае.
Але вернемся ў 2007 год. Віктар чатыры месяцы рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру і паспяхова вытрымлівае іспыт па прадмеце “Тэхналогія і перапрацоўка палімераў і кампазітаў”. Яго навуковым кіраўніком становіцца прафесар Васіль Аляксандравіч Струк, прызнаны аўтарытэт у галіне новых матэрыялаў і тэхналогій. За тры гады навучання ў аспірантуры быў назапашаны значны матэрыял для падрыхтоўкі дысертацыйнага даследавання “Распрацоўка саставаў і тэхналогіі нанакампазіцыйных трыбатэхнічных матэрыялаў на аснове палімер-алігамерных фторзмяшчальных матрыц”.
На V Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў В.В.Варапаеў прадставіў распрацоўку “Фторкампазіты для энергетыкі”. У нашай краіне асноўнымі спажыўцамі фторкампазітаў з’яўляюцца прадпрыемствы хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, машынабудавання, газатранспартнай сферы. Стварэнне сучаснай вытворчасці фторкампазітаў дазволіць значна палепшыць эксплуатацыйныя характарыстыкі матэрыялаў на іх аснове, знізіць выдаткі пры іх вытворчасці, а таксама адмовіцца ад імпартных аналагаў.
— Прыклад развітых краін паказвае, што маштабнае прымяненне прадпрыемствамі фторпалімераў у вытворчасці прадукцыі з’яўляецца інавацыйным і перспектыўным, — расказвае Віктар Віктаравіч. — Напрыклад, у Кітаі прымяненне фторпалімераў штогод павялічваецца на 10%.
Фторкампазіты — гэта палімерныя кампазіцыйныя матэрыялы на аснове фторпласта з павышанай устойлівасцю да ўздзеяння агрэсіўных асяроддзяў, высокай ці нізкай тэмпературы, якія маюць высокую зносаўстойлівасць. Прапанаваныя В.Варапаевым інавацыйныя тэхналогіі могуць зменшыць рэсурсаёмістасць вытворчасці такіх матэрыялаў. За кошт павышэння ўзроўню рэсурсу, надзейнасці і бяспекі эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання, забяспечанага дэталямі з фторкампазітаў, атрыманымі па распрацаванай тэхналогіі, знізяцца выдаткі прадпрыемстваў-спажыўцоў.
Дарэчы, дэкан факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ Аляксандр Скаскевіч характарызуе Віктара Варапаева не толькі як перспектыўнага навукоўца, але і як вельмі адказнага намесніка дэкана па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце, які ўмее знаходзіць кантакт са студэнтамі.
Спыталася ў Віктара: “Як сучасныя студэнты адносяцца да навукі?”
— Заўсёды ёсць маладыя людзі, якія цікавяцца навукай. Іх не так шмат у нашых тэхналагічных кірунках, але развіць іх здольнасці і паказаць перспектывы — наш абавязак. Неабходна далучаць студэнтаў да навуковых даследаванняў праз курсавое і дыпломнае праектаванне, удзел у рабоце навуковых гурткоў, ды і ўласны прыклад выкладчыка можа прыцягнуць моладзь.
У канцы мінулага года В.В.Варапаеў абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Як расказвае Віктар Віктаравіч, абарона не была лёгкай, было шмат пытанняў, бо кірунак даследаванняў новы для Беларусі. У выніку камісія зацвердзіла навуковае даследаванне. Цяпер засталося дачакацца рашэння ВАКа.
Навуковая работа, вядома, працягваецца і пасля абароны дысертацыі.
— Прыярытэт — укараненне ўжо атрыманых вынікаў, — гаворыць Віктар Віктаравіч. — Удзельнічаем у выставах, конкурсах, шукаем зацікаўленыя прадпрыемствы і арганізацыі. Стараемся зрабіць так, каб навука і вытворчасць знайшлі адно аднаго. Я ўпэўнены, што добрых ідэй у нас шмат, галоўнае, каб яны прыносілі рэальныя вынікі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.