Лёс і натхненне

- 10:39Людзі адукацыі

Калі чалавек добра адчувае сябе ў нейкім месцы, ён адтуль не сыходзіць. 38 гадоў працуе ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 Марыя Іванаўна Басінская.

— Калі ў мяне часам пытаюцца, ці не шукала за гэты працяглы час іншага месца працы, ці не было выпадку, каб задумалася аб чымсьці іншым, шчыра адказваю: ніколі. Лічу наш ліцэй найлепшай навучальнай установай, люблю яго калектыў, нашых навучэнцаў, таму мне тут лёгка і цікава працаваць, — гаворыць Марыя Іванаўна.

У 1981 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыйшла працаваць у тагачаснае Гродзенскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў № 119, якое ў 2008 годзе пераўтворана ў Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1. Тут была майстрам вытворчага навучання, старшынёй вучнёўскага прафкама. І ўжо шмат гадоў выкладае гісторыю і грамадазнаўства, з’яўляецца кіраўніком метадычнай камісіі.

Сярод найважнейшых абавязкаў — куратарства вучнёўскіх груп. У гэтым годзе пад яе апекай зноў будзе група першакурснікаў па спецыяльнасці “Мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый. Электразваршчык ручной зваркі”.

— Мне цікава працаваць з моладдзю, — гаворыць Марыя Іванаўна. — І падчас заняткаў, і падчас пазакласных мерапрыемстваў, і падчас даследча-пошукавай дзейнасці, у якую ўцягнута шмат маіх навучэнцаў. Часам некаторыя нашы навучэнцы недаацэнены ў школе, а мы стараемся ўбачыць здольнасці кожнага, развіць іх, падштурх­нуць да актыўнасці. Люблю сітуацыі, калі мае вучні паведамляюць мне новыя звесткі па гісторыі. Ім сёння веды здабываць лягчэй, але абавязкова пытаюся аб крыніцы інфармацыі, абмяркоўваю яе, вучу крытычна ставіцца да кожнай інфармацыі, асэнсоўваць яе. На занятках мы абмяркоўваем і жыццёвыя сітуацыі. Я хачу, каб мае навучэнцы былі грамадзянска-актыўнымі і адказнымі. Я патрыёт свайго ліцэя і заўсёды кажу, што нашы выхаванцы становяцца не толькі выдатнымі спецыялістамі, але і добрымі мужамі і жонкамі.

За 38 гадоў Марыя Іванаўна падрыхтавала сотні такіх добрых спецыялістаў і добрых людзей. І падтрымлівае з многімі з іх сувязі нават праз многія гады. У яе новай групе будуць вучыцца трое дзяцей яе былых выхаванцаў. А дырэктар ліцэя Алена Іванаўна Жалезняковіч падкрэслівае, што М.І.Басінская — гэта сапраўдная энцыклапедыя жыцця ўстановы. Яна не толькі добра ведае свой прадмет, але і сваіх навучэнцаў, іх сем’і.

— У архіў не хадзі, а запытайся ў Марыі Іванаўны, і яна адкажа, дзе працуе выпускнік, якія ў яго дзеці, як склаўся яго лёс, — усміхаецца Алена Іванаўна.

— Калі іду па вуліцах Гродна, штодня сустракаю сваіх былых навучэнцаў. З многімі падтрымліваю сувязі, яны прыходзяць у ліцэй, тэлефануюць, — расказвае Марыя Іванаўна. — 18 жніўня споўнілася 18 гадоў майму выпускніку гэтага года Дзіму Зазіну. Можа, з паўга­дзіны размаўлялі па тэлефоне.

Дзмітрый ужо працуе ў адной з будаўнічых арганізацый Гродна. Падчас вучобы вызначыўся і даследчай работай. Пад кіраўніцтвам М.І.Басінскай неаднаразова ўдзельнічаў у навукова-практычных канферэнцыях. У маі гэтага года за работу “Бітва за Гродна” быў адзначаны дыпломам ІІ ступені на міжнароднай канферэнцыі “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах, падзеях і фактах”. Усяго ў мінулым навучальным годзе вучні Марыі Іванаўны ўдзельнічалі ў шасці конкурсах і канферэнцыях і былі адзначаны на пяці з іх.

Сярод дасягненняў М.І.Басін­скай пры ўзнагароджанні яе нагрудным знакам Міністэрства аду­кацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” адзначаўся неад­наразовы ўдзел і перамогі яе навучэнцаў у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях.

Марыя Іванаўна — вельмі актыўны чалавек. Пры яе непасрэдным удзеле ў ліцэі створаны музей, у якім тры экспазіцыі — этнаграфічная, гісторыі ўстановы і гісторыі вайны. Экспазіцыі пастаянна папаўняюцца. Сёлета выхаванцы Марыі Іванаўны дапоўнілі яе работамі аб лёсе ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А героямі даследаванняў сталі блізкія і родныя людзі навучэнцаў і супрацоўнікаў ліцэя.

— Заўважыла, што сённяшнюю моладзь цікавіць тэма вайны. Нават праз камп’ютарныя танкавыя гульні прыходзіць зацікаўленасць, а як жа было на самай справе. Нам, дарослым, трэба правільна падтрымліваць гэтую цікавасць і дасведчана выхоўваць маладое пакаленне на гераічных прыкладах папярэдніх пакаленняў, — разважае Марыя Іванаўна. — Наш навучэнец Мікіта Малахаў падрыхтаваў даследаванне па тэме “Скра­дзенае дзяцін­ства”, прысвечанае малалетнім вязням фашысцкіх канцлагераў, якія пражываюць у Гродне, і расказаў не аб абстрактных па­дзеях, а аб людзях, якія жывуць побач з намі, ходзяць з намі па адных вуліцах, на долю якіх выпалі страшэнныя выпрабаванні. Як і на нашу краіну. Такія прыклады выклікаюць у дзяцей пачуццё гордасці. Я гэта бачу.

“Я — патрыёт свайго ліцэя”, — не раз у размове з Марыяй Іванаўнай гучалі гэтыя словы. А яшчэ пачула ад яе лірычныя радкі:

Ёсць вёска на Бераставіцы,

Дзе выпала на свет

                         мне нарадзіцца.

Там лес, і поле, сенажаці…

І мне, вясковаму дзіцяці,

Усё люба тут, усё сэрцу міла:

І дуб, і сінія валошкі…

Патрыёт сваёй Радзімы, малой і вялікай — вёскі Пархімаўцы і Гродна, дзе стварыла сям’ю, выхавала дачку і сына, трох унукаў, і сотні маладых людзей, для якіх стала прыкладам адданасці прафесіі, прыкладам творчага педагога, які піша вершы і вучыць быць актыўным у кожнай справе. Дарэчы, М.І.Басінская з’яўляецца і суаўтарам гімна ліцэя.

— Перад пачаткам новага навучальнага года дырэктар Алена Іванаўна Жалезняковіч паведаміла пра чатыры новыя конкурсы, — гаворыць Марыя Іванаўна. — Будзем працаваць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.