Лёс, паяднаны з прафтэхам

- 11:52Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Прафесійны лёс Дзмітрыя Мікалаевіча Гуменюка склаўся даволі цікава. Пасля заканчэння базавай школы ўраджэнец Кобрына паступіў у ПТВ № 51 сувязі Брэста на спецыяльнасць “Кабельшчык-спайшчык, электраманцёр лінейных збудаванняў сувязі”. Затым была вучоба ў Віцебскім вышэйшым каледжы сувязі. У ПТВ № 51 Брэста, куды малады чалавек быў размеркаваны ў якасці майстра вытворчага навучання, ён адпрацаваў на розных пасадах 6 гадоў.

— У дзяцінстве займаўся ў гуртку радыёэлектронікі, які дзейнічаў на базе Кобрынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, — расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. — Ды і бацькі мелі прафесійныя адносіны да сувязі. Таму праблемы з выбарам прафесіі пасля школы не было. Гады вучобы даказалі, што не памыліўся з выбарам. Па складзе розуму больш падабаюцца тэхнічныя спецыяльнасці.
У сістэму адукацыі Д.М.Гумянюк трапіў выпадкова. Быць педагогам ён ніколі не планаваў. Думаў працаваць у вузле сувязі па спецыяльнасці. Але работа майстрам вытворчага навучання, выкладчыкам і загадчыкам аддзялення ў альма-матар спадабалася. І пакідаць педагагічную дзейнасць ужо не хацелася.
— Асабліва прыйшліся даспадобы зносіны з дзецьмі, — прызнаецца Дзмітрый Мікалаевіч, — а таксама творчая атмасфера. Зразумеў, што гэта маё.
Але на гэтым прыступкі прафесійнай лесвіцы не закончыліся. У 2003 годзе Д.М.Гумянюк узначаліў Брэсцкі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Прызвычайвацца да сістэмы дадатковай адукацыі доўга не давялося з-за блізкага профілю. Летась пасля рэарганізацыі ўстановы Дзмітрый Мікалаевіч стаў кіраўніком Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, а сёлета — дырэктарам Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці.
— Пачынаў з сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, туды і вярнуўся, — усміхаецца Д.М.Гумянюк. — Хаця пэўная настальгія па сістэме дадатковай адукацыі засталася. Як-ніяк 12 гадоў у ёй адпрацаваў.
Гісторыя ліцэя пачалася амаль 50 гадоў назад. Спачатку тагачаснае ПТВ № 90 рыхтавала кадры для Брэсцкага панчошнага камбіната, а потым і для іншых буйных прадпрыемстваў горада і вобласці, якія сёння знаходзяцца, на жаль, далёка не ў лепшым фінансавым становішчы. Абвал швейнай вытворчасці адмоўна ўплывае на камплектаванне ліцэя, да якога з мэтай аптымізацыі 2 гады назад быў далучаны Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй швейнай вытворчасці імя Д.М.Карбышава.
— На працягу апошніх гадоў існуе праблема з наборам навучэнцаў, — адзначае Д.М.Гумянюк. — План набору выконваецца на 80%. Выйсцем з такой сітуацыі з’яўляецца пашырэнне пераліку спецыяльнасцей, запатрабаваных на сучасным рынку працы, за кошт іх інтэграцыі. Сёння ліцэй, у якім атрымлівае веды каля 400 навучэнцаў, рыхтуе аператараў ЭВМ, агентаў па забеспячэнні (збыце), швачак, краўцоў, закройшчыкаў, прыёмшчыкаў заказаў і тэрмааддзелачнікаў швейных вырабаў (у розных камбінацыях). З размеркаваннем выпускнікоў праблем няма. Са 188 сёлетніх спецыялістаў 13 працягнулі навучанне ў ССНУ і 2 — ва УВА. Астатнія пайшлі працаваць.
Па словах Д.М.Гуменюка, у ліцэі створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. Кадравы склад, тэхнічнае і вучэбна-метадычнае аснашчэнне кабінетаў і майстэрань дазваляюць паспяхова ажыццяўляць адукацыйны працэс, хаця матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы патрабуе далейшага ўмацавання.
— Асноўнымі задачамі па перспектыўным развіцці ліцэя з’яўляюцца заключэнне мэтавых дамоў з заказчыкамі кадраў і дамоў з ССНУ аб працягу навучання, пошук новых базавых прадпрыемстваў для практыкі навучэнцаў і іх наступнага працаўладкавання, — гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. — Патрабуе актывізацыі і пазабюджэтная дзейнасць установы, тым больш што ліцэйскім майстэрням ёсць што прапанаваць насельніцтву. Так, нашы майстры могуць пашыць паліто (да 392 тысяч рублёў), пінжак (да 342 тысяч рублёў), куртку (да 290 тысяч рублёў), штаны (да 98 тысяч рублёў), сукенку (да 147 тысяч рублёў) і шэраг іншых вырабаў.
Дзе б ні працаваў Д.М.Гумянюк, цяжкасці яго не пужаюць. Калі ставішся да сваіх абавязкаў старанна, адказна і неабыякава, поспех гарантаваны, упэўнены дырэктар.
— Самае складанае ў рабоце кіраўніка — прыняцце справядлівых і правільных рашэнняў, асабліва ў жаночым калектыве, — заўважае Дзмітрый Мікалаевіч. — У педагагічнай дзейнасці падабаецца працаваць з моладдзю, у кіраўніцкай — бачыць, як педагогі імкнуцца да новага, удасканальваюцца ў прафесійным плане.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.