“Лёс удзельнікаў вайны дазваляе зразумець важнасць міру”

- 12:48Культура

22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мы будзем не толькі ўзгадваць сваіх родных, блізкіх, усіх, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця, але і гаварыць пра важнасць міру, разважаць на гэтую тэму разам з навучэнцамі. Некаторымі думкамі, а таксама багатым вопытам краязнаўчай работы па ваеннай тэматыцы падзеліцца дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства  дзяцей і моладзі кіраўнік музея “Лёс салдата” Генадзь Васільевіч ЦІТОВІЧ.

Педагогам, якія пачыналі края­знаўчую дзейнасць у 80-я, 90-я гады, нават у пачатку 2000-х, у многім пашчасціла. У іх была цудоўная магчымасць праводзіць шматгадзінныя сустрэчы з франтавікамі, партызанамі, запісваць на дыктафоны іх успаміны, занатоўваць у блакноты і сшыткі цікавыя звесткі. Сёння сітуацыя змянілася. Паважаны ўзрост удзельнікаў і сведкаў вайны, на жаль, не заўсёды дазваляе ім су­стракацца з моладдзю, а тым больш праводзіць шматгадзінныя гутаркі за кубачкам чаю. Ад таго яшчэ больш каштоўным становіцца кожны ўспамін, кожная думка ветэрана. Па словах Генадзя Васільевіча, такія сустрэчы заўсёды напоўнены эмоцыямі. Гадоў 30 назад яны былі асноўным напрамкам краязнаўчай работы па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер гэта пераважна работа з архіўным матэрыялам, пошукі ў інтэрнэце. Калі сумяшчаць матэрыялы, назапашаныя падчас гутарак з ветэранамі, з унікальнымі архіўнымі дакументамі, то можа атрымацца грунтоўнае навуковае даследаванне. Сухія звесткі і лічбы трэба дапаў­няць эмацыянальнымі ўспамінамі ўдзель­нікаў вайны.

“Калі сумяшчаць матэрыялы, назапашаныя падчас гутарак з ветэранамі, з унікальнымі архіўнымі дакументамі, то можа атрымацца грунтоўнае навуковае даследаванне. Сухія звесткі і лічбы трэба дапаўняць эмацыянальнымі ўспамінамі ўдзельнікаў вайны”.

Менавіта такім атрымалася даследаванне Генадзем Васілье­вічам гісторыі сям’і Біруковых-Шурыных, у прыватнасці, лёсу арганізатара партызанскага руху на Рагачоўшчыне Адама Андрэевіча Бірукова. “Мне пашанцавала. У 2007 годзе я сустрэўся ў музеі “Лёс салдата” з сынам партызана Аляксандрам Адамавічам Біруковым, які адпачываў у санаторыі “Пры­дняпроўскі”. У той час Аляксандр Адамавіч жыў у Мінску разам з маці Яўгеніяй Іванаўнай Біруковай. Я спытаў, ці можа жанчына прыняць мяне і паведаміць гісторыю жыцця сям’і. Атрымаў згоду. Размова наша працягвалася, мы абмяркоўвалі пытанне захавання ў мястэчку Ціхінічы будынка сыраварні, які быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. Захаваць гэты архітэктурны помнік мне хацелася не толькі таму, што ім валодалі прадстаўнікі вядомага беларускага магнацкага роду Аскерак, а таму, што ў ім пасля Вялікай Айчыннай вайны жыла сям’я Адама Андрэевіча Бірукова”, — паведаміў Генадзь Васільевіч.

Сустрэча з Біруковымі ў Мінску адбылася ў 2009 годзе. Генадзь Васільевіч пагутарыў з Яўгеніяй Іванаўнай, запісаў унікальныя ўспаміны, якіх не знойдзеш ні ў адным архіўным дакуменце. У пачатку мая гэтага года педагог патэлефанаваў у Мінск, перадаў вялікай сям’і Біруковых прывітанне ад рагачоўцаў, выказаў словы ўдзячнасці за гераізм бацькоў Аляксандра Адамавіча ў час Вялікай Айчыннай вайны, павіншаваў са святам Вялікай Перамогі. Даведаўся Генадзь Васільевіч і сумную навіну: Яўгенія Іванаўна памерла ў 2018 годзе, пражыўшы доўгае, але складанае жыццё.

“Наш народ падчас Вялікай Айчыннай вайны прайшоў праз такія выпрабаванні! Аднак у яго засталіся і дабрыня, і спачуванне, і ўзаемадапамога. Адным толькі гэтым фактам можам ганарыцца, што мы — беларусы, мы — мірныя лю­дзі. У ваеннага пакалення іншыя адносіны да жыцця, чым у нашых сучаснікаў. Нашы дзяды і прадзеды не былі такімі спажывальнікамі. Раней быў зусім іншы рытм жыцця, не было тых хуткасцей, мітусні, не было такой пагоні за матэрыяльным дабрабытам. Аднак гэтае жыццё было намнога больш складаным. Задача педагога і заключаецца ў тым, каб данесці дзецям разуменне гэтага. Трэба не прыво­дзіць сухія факты падчас экскурсіі — неабходна рабіць упор на эмацыянальныя моманты. Дастукацца да сэрцаў дзяцей можна праз прадуманы аповед пра незвычайныя лёсы, акалічнасці, подзвігі. Тады і слова экскурсавода, і фотаздымкі, размешчаныя на стэндах, будуць уздзейнічаць на юных наведвальнікаў. Лёс удзельнікаў вайны дазваляе зразумець важнасць міру”, — падзяліўся Генадзь Васільевіч.

“Трэба не прыводзіць сухія факты падчас экскурсіі — неабходна рабіць упор на эмацыянальныя моманты. Дастукацца да сэрцаў дзяцей можна праз прадуманы аповед пра незвычайныя лёсы, акалічнасці, подзвігі. Тады і слова экскурсавода, і фотаздымкі, размешчаныя на стэндах, будуць уздзейнічаць на юных наведвальнікаў”.

У якасці прыкладу педагог расказаў некалькі момантаў з па­дзей вызвалення Рагачоўшчыны, якое ішло ў тры этапы з лістапада 1943 па чэрвень 1944 года. Падрабязнасці пра тыя баі воінскіх часцей 3-й арміі на тэрыторыі Рагачоў­скага раёна каля вёскі Га­дзілавічы можна даведацца з франтавой газеты “Гераічны воін”, а таксама ўспа­мінаў камандзіра 556-га стралковага палка 169-й стралковай дывізіі Качуры. Пасля вызвалення Гадзілавіч праблемай стаў апорны пункт немцаў, створаны на паўднёвым захадзе вёскі Турск. Ён быў пазначаны на вайсковых картах як вышыня 145.1. Некалькі разоў яе спрабавалі захапіць байцы 169-й стралковай дывізіі генерала Вяроўкіна. Ворага неабходна было выбіць перад правядзеннем Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі.

“Прыкладаў мужнасці і гераізму ў баях паблізу Турска мы можам прыводзіць шмат. Вось адзін з баявых эпізодаў: сяржант Мікалай Бутаў у лютаўскіх баях 1944 года за вышыню 145.1 абясшкодзіў 60 мін і правёў групу палкавых разведчыкаў у тыл варожай абароны. Колькі ён выратаваў жыццяў савецкіх салдат! Мікалай разам з разведчыкамі заўважылі недалёка ад трэцяй лініі траншэй кідальныя апараты ворага. Было прынята рашэнне атакаваць разлікі немцаў каля гэтых артустановак. Супрацьтанкавымі гранатамі ўстаноўкі ворага былі знішчаны. Разведчыкі ўзялі ў палон немца. Ён аказаў супраціўленне, і яму на выручку накіраваліся да 15 гітлераўцаў, але разведчыкі шчыльным агнём аўтаматаў прымусілі ворага залегчы. Разведка паспяхова вярнулася да сваіх. Сяржант Мікалай Бутаў за мужнасць быў узнагаро­джаны ордэнам Славы ІІ ступені. Ордэны і медалі атрымалі і іншыя разведчыкі — удзельнікі рэйду ў тыл ворага. З 10 лютага 1944 года немцы, несучы вялікія страты ў баях за вышыню 145.1, адступілі”, — паведаміў Генадзь Васільевіч.

Толькі адзін прыклад гераізму — і экскурсія становіцца больш захапляльнай. Хаця, канечне, многае залежыць і ад асобы апавядальніка, ад яго эрудыцыі, узроўню валодання матэрыялам, ад умення трымаць аўдыторыю. Генадзь Васільевіч Цітовіч менавіта такі чалавек, які можа гадзінамі расказваць пра баі за вызваленне Рагачоўшчыны. Усе гэтыя звесткі з’яўляюцца вынікам яго больш чым 30-гадовых краязнаўчых пошукаў і здабыткаў. Дзясяткі дыпломаў рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў, шматлікія даследчыя работы, выданне альманахаў “Дняпроўскія хвалі”, “Старажытнасці Рагачоўшчыны” — вось няпоўны пералік краязнаўчых дасягненняў педагога. Аднак сваім галоўным дасягненнем ён лічыць музей “Лёс салдата”. Хоць у аснову экспазіцыі і быў пакладзены шматлікі матэрыял, сабраны яшчэ ў 70—80-я гады Маратам Рыгоравічам Гаравым разам з навучэнцамі гомельскага ПТВ-56 — удзельнікамі атрада “Разведчыкі ваеннай славы”, аднак палову экспазіцыі сёння займаюць матэрыялы, знойдзеныя Генадзе­м Васільевічам Цітовічам.

“Наш народ падчас Вялікай Айчыннай вайны прайшоў праз такія выпрабаванні! Аднак у яго засталіся і дабрыня, і спачуванне, і ўзаемадапамога. Адным толькі гэтым фактам можам ганарыцца, што мы — беларусы, мы — мірныя людзі”.

Больш за 4 тысячы адзінак асноўнага фонду. Ды якіх адзінак! Напрыклад, рухавік АМ82ФН і кабіна ЛА-5, рухавік М-103 самалёта
ЯК-1Б, авіяцыйныя гарматы самалётаў ЛА-5, ЯК-1Б, СБ, ІЛ-2. Багаты матэрыял сабраны не толькі пра воінаў, якія вызвалялі Рагачоўшчыну, але і пра мясцовых настаўнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта Аркадзь Мікалаевіч Рудкоўскі, Адам Кліменцьевіч Буйкевіч, Іван Рыгоравіч Шышла, Міхаіл Іванавіч Барсукоў, Міхась Іванавіч Калеснікаў, Аляксандр Кірылавіч Шкутаў. Музей “Лёс салдата” з’яўляецца візітоўкай Рагачова. Размешчаны на цэнтральнай вуліцы горада, ён заўсёды навідавоку. Таму і экскурсіі тут прахо­дзяць практычна кожны дзень. Усяго за год музей наведваюць некалькі тысяч чалавек, большая частка з якіх — школьнікі. 22 чэрвеня ў музеі па традыцыі пройдуць памятныя мерапрыемствы, будуць узгадвацца салдаты, іх ахвяр­насць, няпростыя лёсы, будуць гучаць словы пра мір.

“79 гадоў мінула з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Змяніліся пакаленні, змянілася жыццё. Аднак нам нельга забываць пра ахвяры нашага народа, пра кожнага трэцяга. Дата 22 чэрвеня дазваляе задумацца ў першую чаргу над тым, што нам трэба захаваць мір. Як гаварыў яшчэ старажытнарымскі філосаф, дрэнны мір лепшы за добрую вайну. Мір — гэта выжыванне чалавецтва, таму мы павінны берагчы мір, развіваць нашу краіну і культурна, і эканамічна, захоўваць нашу багатую гісторыю. Чалавецтву трэба навучыцца жыць мірна праз узаемаразуменне з прадстаўнікамі розных рас, культур, рэлігій”, — падзяліўся Генадзь Васільевіч.

У краязнаўчай рабоце па ваеннай тэматыцы ёсць шмат розных задач. Гэта і захаванне памяці пра подзвіг народа, і фарміраванне грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у навучэнцаў, і збор матэрыялаў пра лёс удзельнікаў вайны, баявыя падзеі на тэрыторыі малой радзімы. Кожная з гэтых задач важная. Аднак самая галоўная — данесці школьнікам разуменне важнасці міру. Невыпадкова 22 чэрвеня тэма міру чырвонай ніткай пройдзе праз усе памятныя мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў розных куточках нашай краіны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.