«Лёсы дзяцей вайны»: адзіны ўрок памяці прайшоў ва ўсіх установах адукацыі Гомельшчыны

- 11:02Образование

Адзіны ўрок памяці “Лёсы дзяцей вайны” прайшоў ва ўсіх установах адукацыі Гомельшчыны. У сярэдняй школе № 2 Жлобіна настаўніца беларускай мовы і літаратуры класны кіраўнік Таццяна Івашка падчас урока гаварыла з навучэнцамі ваенна-патрыятычнага класа аб важнасці захавання гістарычнай памяці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дарэчы, гэта быў першы ў раёне клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці, сёння такіх класаў ужо тры. У мінулым годзе быў адкрыты і ваенна-патрыятычны клуб “Фрэгат”, куды ўваходзяць навучэнцы старшых класаў.

Пад кіраўніцтвам Таццяны Івашка вучні 7 “А” з экскурсіяй наведваюць гістарычныя аб’екты, мемарыяльныя комплексы. Імі быў распрацаваны праект “Дарогамі памяці”, маршрут якога пракладваецца па памятных мясцінах Радзімы. Так навучэнцы дакранаюцца да болю і смутку, трагедыі, якая адбылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці разумеюць, наколькі важна жыць пад мірным небам, цаніць дабрабыт краіны, у якой мы жывём, берагчы і шанаваць стабільнасць, росквіт роднага краю.

Невыпадкова тэматычны ўрок пачаўся з успамінаў і абмеркавання знакавых месцаў, якія дзеці разам з педагогам ужо наведалі. На дошцы былі размешчаны адпаведныя фотаздымкі. Школьнікі пабывалі і на брацкай магіле ў Жлобіне, і ў мемарыяльных комплексах “Ала”, “Хатынь”, “Дзецям — ахвярам вайны” ў Чырвоным Беразе, а таксама на Буйніцкім полі, Кургане Славы. Гледзячы на здымкі, школьнікі ўспомнілі тыя эмоцыі, якія перажылі падчас экскурсій. Яны расказалі, што адчулі, апынуўшыся ў тых месцах, дзе хочацца маўчаць, калі чуеш пра трагічныя па­дзеі мінулых гадоў.

Педагог звярнула ўвагу школьнікаў на тое, што канцэнтрацыйныя лагеры былі асноўнымі спосабамі знішчэння беларускага насельніцтва. Яна падкрэсліла, што на акупіраванай тэрыторыі налічвалася больш за 260 такіх лагераў смерці і месцаў, дзе былі масава знішчаны мірныя грамадзяне і савецкія ваеннапалонныя. Мемарыяльныя комплексы, размешчаныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не даюць забыць пра гэтую трагедыю.

У кабінеце стала цішэй, чым звычайна, калі да дошкі выйшлі вучні і зачыталі верш “Дзіцячая Хатынь”, у якім ішла размова пра злачынствы, учыненыя фашыстамі ў Чырвоным Беразе. Аўтарам гэтага верша з’яўляецца іх настаўніца.

Канечне, гаворачы пра лёсы дзяцей вайны, немагчыма не згадаць, што за 120 кіламетраў ад Гомеля ў Жлобінскім раёне ёсць месца, дзе адбываліся сапраўдныя зверствы: у адным з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў у дзяцей бралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў… Прагле­дзеўшы відэасюжэт “Канцлагер Чырво­ны Бераг. Канвеер смерці”, школьнікі даведаліся аб жахлівых фактах пра аднагодкаў, дзяцінства якіх скралі фашысты і чыім марам не суджана было здзей­сніцца. І гэта немагчыма за­быць, зразумець ці дараваць. Ніколі! Пасля прагляду фільма няпроста было гава­рыць, аднак хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся сваімі эмоцыямі. Таксама яны разважалі, чаму гэты мемарыяльны комплекс штогод наведваюць тысячы людзей, чаму злачынствы нацыстаў не маюць тэрміну даўнасці. Класны кіраўнік расказала, што помнік рэспубліканскага значэння спраектаваны творчай групай заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь лаўрэата Ленінскай прэміі Леаніда Левіна.

Работа ў класе працягнулася з выкарыстаннем вучэбнага дапаможніка “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”: на карце школьнікі зна­йшлі месцы, на якіх размяшчаліся лагеры смерці. Потым была арганізавана работа вучняў у групах.

На ўроку прысутнічалі члены клуба “Фрэгат”, якія па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” паведамілі пра знакамітага земляка, заслужанага настаўніка,  выдатніка народнай адукацыі БССР Рыгора Манкевіча. Яго біяграфія можа служыць прыкладам нязломнасці перад жыццёвымі выпрабаваннямі. Педагог перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю, вытрымаў іншыя нягоды. З яго імем звязана развіццё ў раёне масавай фізічнай культуры і спорту. Акрамя таго, Рыгор Манкевіч быў чэмпіёнам Гомельскай вобласці па гандболе і лыжных гонках, чэмпіёнам спартакіяды СССР па баскетболе.

Напрыканцы ўрока загучаў метраном як сімвал памяці пра тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, дзякуючы каму ўжо 80 гадоў у нашай краіне мір і спакой.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА