У рамках дабрачыннай акцыі “Падарунак школьніку або чужымі дзеці не бываюць” хлопчыкі і дзяўчынкі з мінскіх сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, атрымалі падарункі. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС былі сабраны і закуплены рэчы, якія неабходны для вучобы.
Супрацоўнікі ўпраўлення выбралі маламаёмасныя мнагадзетныя сем’і Фрунзенскага раёна, якія ў найбольшай меры мелі патрэбу ў падтрымцы. Мэта мерапрыемства — дапамагчы дзецям падрыхтавацца да новага навучальнага года; аказаць канкрэтную, адрасную дапамогу школьнікам, якія пражываюць у малазабяспечаных сем’ях.
Не застаўся абыякавым і Фрунзенскі РК ГА “БРСМ”. Прэс-афіцэр Наталля Аскірка, старшы інспектар ІСН Фрунзенскага РУУС старшы лейтэнант міліцыі Аксана Ваўчэцкая і старшы інспектар ІСН упраўлення маёр міліцыі Лілія Кашэўская разам з прадстаўніком маладзёжнай арганізацыі пабывалі ў дамах па вуліцах Адоеўскага, Лабанка, Янкі Маўра, Сухараўскай, Івана Шамякіна і Каменнагорскай.
Калі бацькі адчынялі дзверы кватэр, дзеці былі ўжо ў калідоры, чакалі гасцей. Кожнаму дзіцяці дастаўся “набор школьніка”, у якім было ўсё самае неабходнае для вучобы. Сшыткі, алоўкі, фламастэры, пеналы … Любая дробязь была ў радасць малым, з усмешкамі на твары яны сустракалі ўдзельнікаў акцыі. Бацькі дзякавалі за дапамогу, бо ім спатрэбіцца ўсё, што можа палепшыць жыццё іх дзяцей. Усе гэтыя дзеці хочуць таксама, як і іх аднагодкі, вучыцца ў новым навучальным годзе, карыстаючыся новымі рэчамі. Не ва ўсіх, на жаль, бывае такая магчымасць.
Добрыя справы не прынята афішаваць, бо аказваць дапамогу малым, якія жывуць у нястачы, цалкам натуральна. Але справа ў тым, што ў гэтым выпадку дабрачыннасць дапамагае прыцягнуць увагу грамадскасці да пытання паўнавартаснага выхавання і ўтрымання дзяцей у сем’ях. Дабрачынная акцыя “Падарунак школьніку альбо чужымі дзеці не бываюць” праводзіцца кожную восень.
Дыяна РЫДЗЕЦКАЯ.