Любая сітуацыя педагагічная

- 12:14Адукацыйная прастора

У гімназіі Лунінца Брэсцкай вобласці 10 гадоў плённа працуе навуковае таварыства вучняў “Зямляне”. Дзеці, якія займаюцца ў ім, становяцца пастаяннымі ўдзельнікамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Нязменны кіраўнік таварыства — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Анатольеўна Дасько, якая зацікаўлівае і мудра каардынуе работу калег і гімназістаў у даследчай дзейнасці.

Адзін з галоўных прынцыпаў, якога пры­трымліваецца Ірына Анатольеўна: “Нічога нельга рабіць проста так: ты настаўнік у любы час, і любая сітуацыя педагагічная”. Можна сказаць, што ён дапамог ёй адкрыць другое дыханне, знайсці для сябе новую, цікавую сферу дзейнасці, стаць максімальна карыснай вучням і працаваць з задавальненнем і натхненнем.

Ірына Анатольеўна пераканана: настаўнік не можа стаяць на месцы. Ён пастаянна павінен удасканальвацца, бо мяняюцца свет, псіхалогія вучня і яго бацькоў. Нязменнай жа ва ўсе часы застаецца місія педагога — не толькі перадаваць веды падрастаючаму пакаленню, але і вучыць іх самастойна здабываць неабходную інфармацыю і атрымліваць навыкі, аказваць дапамогу ў вырашэнні складаных пытанняў у розных сферах.

У гімназіі Лунінца Ірына Анатольеўна пачынала сваю дзейнасць у якасці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. На працягу 11 гадоў займала гэтую пасаду, натхняючы педагагічны і вучнёўскі калектыў на новыя добрыя справы, цікавыя праекты і яркія мерапрыемствы. Пасля вырашыла: такой дзейнасцю павінны займацца ўжо больш маладыя калегі, якія, дзякуючы ўзросту, будуць на адной хвалі з вучнямі, што асабліва важна пры правядзенні разнастайных сумесных мерапрыемстваў.

З 2014 года Ірына Анатольеўна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Для яе характэрна пастаяннае імкненне да творчага пошуку. Работу з вучнямі педагог рэалізуе праз мадэляванне ўрокаў з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій. На ўроках беларускай мовы і літаратуры развівае ў дзяцей любоў да роднага краю, павагу да кнігі і фарміруе мастацкі густ. Заўсёды імкнецца стварыць добразычлівую, творчую, камфортную атмасферу, што спрыяе самастойнаму пошуку ведаў, на які настаўніца заўсёды робіць стаўку.

Аднак Ірыне Анатольеўне хацелася не засяроджваць увагу выключна на сваіх прадметах, бо за час работы намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце яна прывыкла да па­стаяннага руху. І тады яна вырашыла паспрабаваць заняцца з вучнямі даследчай дзейнасцю. Нечакана знайшла сябе ў гэтай справе. У рабоце Ірыны Анатольеўны адно з ключавых месцаў заняла менавіта навукова-даследчая дзейнасць.

Навуковае таварыства “Зямляне” аб’яд­нала гімназістаў розных класаў, якім педагог імкнецца прывіць цікавасць да пазнання ў розных сферах навукі, культуры, развіць творчае мысленне, інтэлектуальную ініцыятыву і самастойнасць. Вынікі радуюць. Сярод гімназістаў з’явілася плеяда пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных эколага-біялагічных конкурсаў. У іх ліку — Хрысціна Неўдах (залаты медаль у Азербайджане, 2013 год), Уладзіслаў Барысевіч (залаты медаль у Грузіі, 2015 год), Ілья Карпец (залаты медаль у Інданезіі, 2015 год), Уладзіслаў Андрайчук (бронзавы медаль у ЗША, 2017 год; сярэбраны медаль у Турцыі, 2018 год, і ў Бразіліі, 2019 год).

— Усё пачалося 10 гадоў назад. Я была ў пошуку дадатковага кірунку, які мне цікавы, — расказвае І.А.Дасько. — Звярнула ўвагу на даследчую дзейнасць, развіццё ў дзяцей адпаведных кампетэнцый. Разважала, ці сапраўды гэта так важна, ці зробіць вучань істотны крок у сваім развіцці пасля выканання падобнай работы. Вырашыла паспрабаваць сілы ў першым невялікім эксперыменце, каб мець магчы­масць да дробязей ацаніць зацікаўленасць дзіцяці і змены, якія з ім адбыліся.

Настаўніца разам з дачкой Хрысцінай Неў­дах пачала свой першы даследчы праект. У Ірыны Анатольеўны на той момант асноўнай мэтай было паглядзець, як і наколькі гэтая работа будзе спрыяць развіццю дзіцяці. Настаўніца нават і не думала, што ў выніку гэта стане пачаткам аднаго з асноўных кірункаў яе педагагічнай дзейнасці, дзе ўсё складзецца ў стройную сістэму і прынясе істотны плён і вялікае задавальненне ад працэсу.

Хоць Ірына Анатольеўна па спецыяльнасці філолаг, яна не пабаялася і не стала замыкацца толькі на даследаваннях, непасрэдна звязаных са сваімі прадметамі. У яе была гатоўнасць да новага, абсалютна нязведанага ёй самой. Галоўным крытэрыем выбару тэмы даследавання стала сацыяльная значнасць работы, рэальная патрэба ў ёй, магчымасць сказаць нешта новае. У такім выпадку і педагог, і вучні працуюць з непадробленай цікавасцю.

— Да любой справы нельга адносіцца павярхоўна, неабходна паглыбіцца і зрабіць усё магчымае, каб потым вынік быў значным і парадаваў, — адзначае І.А.Дасько. — Таму я адразу задумалася над тым, як пашырыц­ь нашы магчымасці, каб вучні маглі атрымац­ь доступ да патрэбных баз даных, папрацавац­ь у лабараторыі і, дзякуючы гэтаму, выйсці за межы сваёй установы адукацыі і правесці больш грунтоўнае даследаванне.

Нездарма кажуць: хто шукае і грукае ў дзверы, той знаходзіць і атрымлівае патрэбнае. У невялікім горадзе няма ніводнай вышэйшай установы адукацыі, з якой можна было б наладзіць супрацоўніцтва ў патрэбным кірунку, але настаўніца вырашыла: гэта не значыць, што ўвогуле няма магчымасцей для сумеснай работы. Са сваёй ініцыятывай яна звярнулася ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаў­ства. Адразу адчула падтрымку і разуменне, за што вельмі ўдзячна яго кіраўніцтву. З той пары плённае супрацоўніцтва вядзецца ўжо на працягу 10 гадоў. Настаўніца падкрэслівае: высокіх вынікаў у даследчай дзейнасці ўдалося дасягнуць менавіта дзякуючы пастаяннай, карпатлівай сумеснай рабоце. Навуковым кіраўніком работ стала супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства асістэнт кафедры “Батаніка” біялагічнага факультэта БДУ Алеся Аляксандраўна Шавялёва. У сваю чаргу сама Ірына Анатольеўна Дасько выконвае ролю кіраўніка-каардынатара, які ва ўсім — ад ідэі і тэмы работы да яе канчатковага афармлення і прэзентацыі — вядзе вучняў за сабой.

Калегі з гімназіі і іншых устаноў адукацыі нярэдка пытаюцца ў Ірыны Анатольеўны, як жа ёй удаецца знаходзіць такія тэмы для даследчых работ, якія і дзяцей прывабліваюць, і ў выніку з’яўляюцца актуальнымі на конкурсах навуковых і даследчых работ нават міжнароднага ўзроўню. Настаўніца адзначае, што асаблівага сакрэту ў яе няма. Ідэі і тэмы яна ніколі не шукае на прасторах інтэрнэту, а разважае і звяртае ўвагу на тое, што цікавіць яе саму, у чым узнікае патрэба разабрацца. Час і дэталёвы аналіз паказваюць, ці можа з пытання ці ідэі, якая зацікавіла, нарадзіцца тэма для даследчай работы вучня, або варта азірнуцца вакол і падумаць яшчэ.

— Многія даследчыя работы становяцца лагічным вынікам нейкіх маіх бытавых назіранняў, — тлумачыць Ірына Анатольеўна. — Аднак важна не проста захапіцца самому, а задаць сабе простае пытанне: каму гэта будзе цікава і для чаго патрэбна?

Такі падыход у настаўніцы быў з самага пачатку, з той першай даследчай работы дачкі. Паколькі яны пражываюць на тэрыторыі, заражанай цэзіем-137, вырашылі даследаваць грыбы, што растуць у лясах Лунінецкага раёна. Дачка Хрысціна, тады дзевяцікласніца, з цікавасцю разбіралася ў тэме, звязанай з рэальным жыццём. Але калі справа дайшла да ўдзелу ў эколага-біялагічных конкурсах, сказала маці: “Я не разумею, навошта мы некуды паедзем. Ну каму, акрамя нас і нашых землякоў, цікавы нашы лунінецкія грыбы?” Аднак жыццё абвергла яе сумненні. З гэтай работай Хрысціна ўвайшла ў міжнародную каманду і паляцела ў Баку, дзе заваявала “золата”. Пасля атрымала запрашэнне на падобны конкурс у Інданезіі. Напярэдадні гэтай паездкі зноў жа задавалася пытаннем: “Баку бліжэй да нас, у нас больш агульнага. Няўжо ж у Інданезіі таксама нашы грыбы могуць выклікаць цікавасць?” У Інданезіі дзяўчына таксама выступіла годна. У выніку яна прывезла тры залатыя медалі з міжнародных конкурсаў. Цёплы прыём і паспяховае выступленне, цікавасць да яе даследавання ў розных краінах дапамаглі па-іншаму, больш шырока паглядзець на сітуацыю, выйсці за рамкі ўласных стэрэатыпаў, па-новаму ўспрыняць важнасць даследчай дзейнасці.

— Мяне і саму ўразіла, што наша работа была так добра ацэнена на высокім узроўні, — адзначае І.А.Дасько. — Прыемна было пачуц­ь ад дачкі, што ў яе быццам крылы выраслі. І сапраўды, яе даследчыцкія кампетэнцыі істотна палепшыліся, да таго ж павысілася камунікабельнасць і ўпэўненасць у сабе. Пасля першага паспяховага вопыту я пачала займацца і з іншымі вучнямі. Штогод у нашым навуковым таварыстве “Зямляне” з’яўляюцца новыя ўдзельнікі. Я курырую дзейнасць і іншых педагогаў, якія займаюцца даследчымі работамі з дзецьмі. Аднак калі ты кіраўнік на нейкім узроўні, то павінен у першую чаргу сваім прыкладам паказваць выніковую работу. Заўсёды займаюся не з адным дзіцем, а адразу з групай. Так адна бусінка нібы нанізваецца на нітачку да іншай, і ўсе гэтыя гады ідзе непарыўны, цікавы, творчы, займальны працэс. Радуюць вучні, іх змены да лепшага і поспехі!

Ірына Анатольеўна падключае гімназістаў да даследчай дзейнасці паступова, пачынаючы з 5 класа, што называецца, каб “раскачаць”, паглядзець, каму будзе асабліва цікавы гэты напрамак, якія тэмы прывабліваюць. Спачатку дзеці займаюцца міні-даследаваннямі. Некаторыя не рухаюцца далей гэтага этапу, знаходзяць сабе іншую справу па душы. Наконт іншых паступова становіцца зразумела, хто ўжо можа ўзяцца за больш складаную тэму, а хто да гэтага пакуль не гатовы.

Вучні старшых класаў, якія ўжо ўцягнуліся ў даследчую дзейнасць, выконваюць свае работы пры непасрэдным удзеле навуковага кіраўніка Алесі Аляксандраўны Шавялёвай. Такое дыстанцыйнае навучанне дапамагае больш грунтоўна падысці да вывучэння тэмы. Да таго ж, у вучняў ёсць магчымасць адправіцца ў Мінск, каб папрацаваць з навуковай базай ці ў лабараторыі, правесці неабходныя доследы і эксперыменты.

Так, дзякуючы мінска-лунінецкаму тандэму, асобныя пазлы складваюцца ў агульную карціну. Напрыклад, Ірыну Анатольеўну зацікавіла пытанне: што за чырвонае пакрыццё, падобнае на налёт, даводзіцца бачыць на некаторых дрэвах? Здзівілася, калі даведалася, што гэта не мох, а водарасць, толькі ўжо нежывая, сухая, якая мае назву трантэполія. Далей сваё слова сказала Алеся Аляксандраўна Шавялёва: “А давайце гэтую водарасць паспрабуем ажывіць у лабараторыі”. Такой нечаканай ідэяй зацікавіўся гімназіст Уладзіслаў Андрайчук. Так пачалося даследаванне па вывучэнні аэрафільнай водарасці трантэполія ўмбрына, якое працягвалася на працягу трох гадоў.

Спачатку ў гімназіі настаўніца разам з вучнем адшукалі і вывучылі тэарэтычную інфармацыю па тэме, сабралі трантэполію і падрыхтавалі ўсё неабходнае для эксперымента. Практычную частку выконвалі ў Мінску ў лабараторных умовах. У выніку сваю работу Уладзіслаў Андрайчук прадстаўляў на міжнародным конкурсе ў Нью-Ёрку, адкуль прывёз бронзавы медаль. Пасля пабываў у Бразіліі і Турцыі, дзе заваяваў “серабро”.

Сёлета на Рэспубліканскім конкурсе навуковых эколага-біялагічных работ, праектаў вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковый адукацыі дзяцей і моладзі прадставілі свае работы дзве дзяўчынкі з гімназіі Лунінца — Ксенія Андрайчук (у англамоўнай секцыі) і Валерыя Латышэвіч (у рускамоўнай секцыі). Абедзве былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені. Так, Валерыя займалася радыяцыйным маніторынгам і вызначала эфектыўныя спосабы зніжэння колькасці радыенуклідаў у ягадах, распаўсюджаных на тэрыторыі Лунінецкага раёна. Была пастаўлена мэта: вывучыць колькасць спажывання дзікарослых ягад, ступень інфармаванасці аб тым, як можна знізіць дозу радыяцэзію, а таксама выявіць аптымальны шлях яго зніжэння ў чарніцах, брусніцах і журавінах з дапамогай кулінарнай і тэрмічнай апрацоўкі.

— Тэма і работа мяне захапілі, — расказала вучаніца 10 класа Валерыя Латышэвіч. — У выніку была распрацавана анкета для вывучэння колькасці спажывання дзікарослых ягад, спосабаў іх ужывання і ступені інфармаванасці аб магчымасцях зніжэння ўзроўню радыяцэзію. Па тэме было праведзена апытанне. Аказалася, найбольш актыўна землякі збіраюць чарніцы, брусніцы і журавіны. На жаль, толькі 3% ад колькасці апытаных рэгулярна праводзяць радыелагічную праверку сабраных ягад. Увогуле не валодаюць інфармацыяй аб здольнасці ягад назапашваць радыенукліды ажно 68% апытаных. Актыўнасць мясцовых жыхароў у зборы і спажыванні дзікарослых ягад, нізкая дасведчанасць аб тым, як вывесці радыя­цэзій, выклікалі неабходнасц­ь пошуку найбольш эфектыўнага спосабу а­працоўкі ягад. Як паказалі даследаванні, аптымальнымі шляхамі зніжэння актыўнасці 137Сs з’яўляюцца: для чарніц — адварванне, а для брусніц і журавін — вымочванне.

Ірына Анатольеўна ганарыцца сваімі разумнікамі і разумніцамі. Сярод юных даследчыкаў, якія працавалі пад яе кіраўніцтвам, — шэсц­ь лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У школьныя гады, дзякуючы сваёй жа працы, ім давялося пабываць у розных краінах. Настаўніца не губляе сувязі са сваімі даследчыкамі пасля таго, як яны пакідаюць гімназічныя сцены. Як правіла, тыя, хто ўзмоцнена займаецца такой дзейнасцю, і далей працягваюць развівацца ў гэтым кірунку падчас вучобы ў вышэйшых навучальных установах, на рабоце. Многія былыя вучні звязалі сваё жыццё з медыцынай і зараз у сваёй сферы рыхтуюц­ь публікацыі і абавязкова дасылаюць іх пагля­дзець любімай настаўніцы.

Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіва гераіні.