Янка Купала з’яўляецца прыкладам жыццёвай сілы і прыгажосці беларускага народа, яго мудрасці. Імя паэта носяць вуліцы, школы, тэатры, бібліятэкі, станцыя метро — адным словам, чалавеклегенда!
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 14 жніўня 1957 года нашай установе адукацыі прысвоена імя народнага паэта. З гэтай нагоды на трэцім паверсе школы яшчэ ў 1960-х гадах быў аформлены пакой Янкі Купалы. У адкрыцці пакоя ўдзельнічала жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, з якой нашы вучні сустракаліся яшчэ двойчы.
Пакой умоўна падзелены на дзве часткі. У першай змешчаны матэрыялы пра жыццё і творчасць паэта. Адну сцяну ўпрыгожвае сучасная экспазіцыя, створаная супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Другая частка, этнаграфічная, дае ўяўленне аб побыце беларусаў у купалаўскія часы. Пасля рамонту яна значна пабагацела. Тут можна пабачыць старадаўні ложак, які падарыла настаўніца выяўленчага мастацтва Вольга Казунка, бабулін калаўрот (падарунак настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Маі Грынкевіч), вялікае пано-батык па шоўку, якое стварылі настаўнікі нашай школы. Прадмет асаблівай гордасці — кросны, прывезеныя з Валожыншчыны. За імі і зараз можа працаваць настаўніца выяўленчага мастацтва Кацярына Чырыца. Неаднаразова ў пакоі праходзілі сустрэчы з беларускімі літаратарамі. Помняць гэтыя сцены Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Віктара Шніпа.
Раздзел экспазіцыі “Вязынка — калыска песняра” паказвае значнасць гэтага невялікага геаграфічнага пункта на карце Купалавага лёсу. Цэнтральнае месца экспазіцыі займае партрэт паэта. Кожны першакласнік ведае, як выглядае Янка Купала: яго бюст устаноўлены пры ўваходзе ў школу. Гэта работа вядомага беларускага скульптара Анатоля Анікейчыка. А вось аўтар партрэта, на жаль, невядомы. На палічках музейнага пакоя захоўваюцца зборнікі твораў і публіцыстычныя артыкулы Янкі Купалы.
Падчас марафону “Люблю Купалу сэрцам…”, прысвечанага 140-годдзю беларускага песняра, кожны мог знайсці занятак па душы. Напрыклад, адчуць сябе мастаком і прыняць удзел у расфарбоўцы стэнда-маляванкі, а можна было ўспомніць самае прыгожае беларускае слова і падзяліцца ім, размясціўшы на стэндзе-сэрцы.
У юбілейны год у нашай школе адбыўся шэраг мерапрыемстваў. Падчас адкрыцця марафону “Люблю Купалу сэрцам…”, прысвечанага 140-годдзю беларускага песняра, раніцай вучні ў нацыянальных касцюмах з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову. На другім паверсе кожны мог знайсці занятак па душы. Напрыклад, далучыцца да танцавальнага флэш-мобу або адчуць сябе мастаком і прыняць удзел у расфарбоўцы стэнда-маляванкі, а можна было ўспомніць самае прыгожае беларускае слова і падзяліцца ім, размясціўшы на стэндзе-сэрцы. Было па-сапраўднаму яскрава, весела і дынамічна.
Вучні пачатковай школы ў рамках адкрыцця марафону змаглі прыняць удзел у квесце “Сцяжынкамі Купалы”. Узнагародай для дзяцей сталі салодкія падарункі. Апошнім акордам марафону была інтэлектуальная гульня “Смак роднай мовы”. У мінулым месяцы прайшла акцыя “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця”, красавік адзначыўся фота-флэш-мобам “#Дзень_Янкі_Купалы”, у маі будзе арганізаваны арт-флэш-моб “Купалаў след”. Падчас летніх месяцаў на тэрыторыі школы адбудзецца закладка алеі Янкі Купалы, адкрыццё мемарыяльнай дошкі. У верасні вучняў запросіць спартыўна-мастацкі фестываль “Купалаўскі старт”, а ў кастрычніку — акцыя “Купалаўскі радок”. Лістапад закружыць творчых і крэатыўных у фотачэленджы “#Што_Сэрцу_Міла”. Купала-квест “Я адкрываю Купалу” стане фінальным мерапрыемствам года.
Прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, вучні змогуць адчуць, наколькі багатая і прыгожая беларуская мова, далучыцца да мілагучных Купалавых вершаў.
Вольга СМАЛОНСКАЯ,
кіраўнік музея маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы.