Любімая прафесія і хобі на ўсё жыццё

- 11:19Адукацыйная прастора

Выберы работу па душы і ты не будзеш працаваць ніводнага дня, таму што любімы занятак будзе прыносіць велізарнае задавальненне і добрыя вынікі. Менавіта такую прафесію-хобі на ўсё жыццё знайшла настаўніца працоўнага навучання Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Мінскай вобласці Людміла Уладзіміраўна Комлік. Захопленасць і апантанасць педагога перадаюцца і яе вучням.

“Яшчэ да школы я ўмела вышы­ваць і вязаць кручком і пруткамі, — згадвае Людміла Уладзіміраўна. — Вучылася ўсяму ў бабулі-швачкі. У пачатковай школе з задавальненнем хадзіла на разнастайныя гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: майстравала з саломы, пляла макрамэ, захаплялася фатаграфіяй і г.д. У мяне ўсё гэта добра атрымлівалася, усім мае вырабы падабаліся. Думала спачатку, што рукадзелле застанецца толькі маім хобі на ўсё жыццё. Паколькі я добра вучылася ў школе, то планавала стаць настаўніцай матэматыкі. Але сяброўка, якая пасля 9 класа паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча на працоўнае навучанне, пачала расказваць, як там цікава вучыцца. Доўга ўгаворваць мяне не давялося. У выніку я стала навучэнкай Ваўкавыскага педвучылішча па спецыяльнасці “Працоўнае навучанне” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік абслуговай працы”. Так маё хобі стала прафесіяй.

Сёлета будзе 25 гадоў як я працую ў Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Родам я з Рудзенска, тут і жыву са сваёй сям’ёй. Працуючы ў школе, скончыла БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Дэфекталогія” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік дапаможнай школы. Алігафрэнапедагог дашкольных устаноў”. Дыплом і кваліфікацыя дазваляюць мне выкладаць у школе літаральна ўсе прадметы, акрамя фізкультуры і музычных заняткаў. Але я выбрала свой любімы прадмет —“Працоўнае навучанне”.

У Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца асаблівыя дзеці, усе яны дзеці-сіроты, і падыход да іх патрэбен асаблівы. Педагогі, якія тут працуюць, валодаюць не толькі прафесійнымі навыкамі, але і ведаюць, як зрабіць жыццё сваіх выхаванцаў лепшым, праяўляюць да іх вялікую ўвагу, клопат і ласку. Для многіх педагогаў работа тут стала прызваннем. Выпадковыя людзі ў школе не затрымліваюцца, а людзі з вялікай душой і сэрцам, якія шчыра любяць дзяцей, застаюцца на доўгія гады.

“Я выкладаю ў школе прадметы “Ручная вышыўка” і “Апрацоўка тканін”. На заняткі да мяне ходзяць не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі, якім па медыцынскіх паказаннях забаронена цяжкая фізічная праца. Імкнуся знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, назіраючы за кожным падчас урокаў, факультатыўных і гуртковых заняткаў, высвятляю, якая работа каму па душы, — гаворыць Людміла Ула­дзіміраўна. — Адным падабаецца працаваць з ніткамі, другім — з паперай і кардонам, трэцім — з бісерам, чацвёртыя любяць вышываць. Калі навязваць штосьці канкрэтнае, выніку не будзе. Вучань павінен паспрабаваць свае сілы ў розных тэхніках, але спыніцца на тым, што яму блізка, у чым ён зможа адчуць сябе майстрам і ўбачыць вынікі сваёй работы. Як выкон­ваць той ці іншы прыём або асобную аперацыю, тлумачу і паказваю вучням столькі разоў, колькі спатрэбіцца, і да таго моманту, пакуль навык у іх не адпрацуецца да аўтаматызму. Новыя тэхнікі ўводжу паступова. Знаёмлю з імі дзяцей і праз ролікі ў інтэрнэце. Але якім бы маляўнічым ні было відэа, педагога, які знаходзіцца побач і кожны момант кіруе дзеяннямі вучняў, нішто не заменіць.

Настаўнік толькі тады настаўнік, калі ўсё жыццё сам вучыцца. Тое, што было актуальна 25 гадоў назад, сёння ўжо не вельмі папулярна. Часам мне хочацца ахапіць неабсяжнае і навучыць сваіх выхаванцаў усяму, пра што даведалася сама. На ўроках мы займаемся разнастайнымі відамі ручной вышыўкі, але больш за ўсё дзеці любяць вышываць карціны крыжыкам, бісерам, паеткамі, стужкамі і рабіць алмазную вышыўку. У пазаўрочны час мы больш вольныя ў сваім выбары: ствараем вырабы ў тэхніках квілінг, дэкупаж, рока, гануцель, выкарыстоўваем нітачны дызайн, вітраж, гіпс, пластылін, вяжам кручком.

У модзе зараз бісерапляценне — занятак, які не толькі спрыяе развіццю эстэтычнага густу, але і служыць выдатным сродкам для развіцця дробнай маторыкі рук. Вучні любяць рабіць упрыгажэнні з розных відаў пацерак. Але ж тэхнікі бісерапляцення і прыёмы работ з бісерам былі вядомы яшчэ ў Старажытным Егіпце. У сярэднія вякі ў якасці пацерак шырока прымянялі кавалачкі перламутру і рачны жэмчуг, які здабывалі ў рэках і выкарыстоўвалі ва ўпрыгожванні адзення, царкоўных і бытавых рэчаў, галоўным чынам у такой тэхніцы, як вышыўка. Вышыўка крыжам — гэта класіка, працаёмкая і складаная, асабліва для дзяцей, якія не могуць самастойна палічыць, колькі і якіх трэба зрабіць крыжыкаў, як перайсці з аднаго рада на іншы. Алмазная вышыўка ў гэтым плане прасцейшая, але глядзіцца такая карціна не менш прыгожа. У мо­дзе роставыя кветкі і букеты з фаамірану, ізалону і крэпіраванай паперы. Займаемся мы з выхаванцамі мылаварэннем, вырабам свечак”.

Па сваіх творчых здольнасцях навучэнцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната нічым не саступаюць звычайным дзецям. У гэтым можна пераканацца, калі ўбачыць іх высакаякасныя, амаль прафесійна выкананыя творчыя работы, якімі ўпрыгожаны школьныя памяшканні і якія дзеці з радасцю дораць гасцям, што прыязджаюць ва ўстанову. Са сваімі работамі навучэнцы прыма­юць ­удзел у фестывалях і конкурсах і кожны раз здзіўляюць публіку. Ужо сёння школьнікі пад кіраўніцтвам Людмілы Уладзіміраўны актыўна рыхтуюцца да штогадовага пераднавагодняга абласнога фестывалю для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Запалі сваю зорку”, майструюць сувеніры да Новага года. Раз у тры гады праходзіць Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, і на абласным этапе кожны раз выстава работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці вучняў Ру­дзенскай дапаможнай школы-інтэрната займае першае месца.

Людміла Уладзіміраўна не толькі настаўніца, але і класны кіраўнік, таму шмат часу ўдзяляе выхаванню вучняў, расказвае ім на простых прыкладах, што такое добра і што такое дрэнна, гаворыць, што самы лепшы багаж чалавека — гэта яго веды, уменні і навыкі, якія застаюцца з ім на ўсё жыццё і дазваляюць праяўляць самастойнасць, творчасць і зарабляць грошы. Выпускнікі школы і ў дарослым жыцці захапляюцца рукадзеллем, дзеляцца са сваімі былымі педагогамі фатаграфіямі работ, задумваюцца аб іх продажы. Некаторыя юнакі і дзяўчаты асвойваюць швейную справу ў каледжах і ўладкоўваюцца на работу, ствараюць сем’і. У рабоце выпускнікі Рудзенскай школы-інтэрната праяўляюць сябе як адказныя, спагадлівыя і добрасумленныя людзі. Не малая заслуга ў гэтым педагогаў, ад якіх яны бачылі толькі клопат, дабрыню і ўвагу.

“Сваёй любімай справай я працягваю займацца і дома кожную вольную хвіліну. Калі гляджу тэлевізар, то абавязкова з карысцю. Люблю вышываць крыжыкам, хаця гэта вельмі карпатлівы працэс, карціны даводзіцца рабіць месяцамі, а часам і па паўгода на адну работу траціцца, — адзначае Людміла Уладзіміраўна. — Захапляюся бісерапляценнем і вышыўкай бісерам. Дома ў мяне мноства вязаных кручком сурвэтак, раблю з іх вітражы, вазы. У мяне падрастае дачка, і ў пытаннях яе выхавання прытрымліваюся класічных поглядаў. Кожнай дзяўчынцы, не важна, якую прафесію яна выбера, неабходна быць добрай гаспадыняй. Стараюся перадаць ёй сваё майстэрства, і яна з задавальненнем у мяне вучыцца. Не менш важна, лічу, для жанчыны знайсці любімую работу і, вядома ж, стварыць сям’ю”.

…З надыходам вясны ажывае прырода, усё навакол расцвітае, і на душы становіцца цёпла і ўтульна. Выхаванцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната і на 23 лютага, і на 8 Сакавіка рыхту­юць для сваіх настаўнікаў, якіх шчыра называюць сваімі мамамі і татамі, святочныя сюрпрызы, творчыя нумары, якія нікога не пакіда­юць абыякавымі. Заўсёды са слязамі кранальнай радасці і захаплення праходзяць у школе такія святы.

“Для мяне асабіста 8 Сакавіка — сямейнае свята, — прызнаецца Людміла Уладзіміраўна. — З самай раніцы мяне віншуюць муж і дачка, мы разам п’ём гарбату з торцікам, які з дачкой загадзя згатуем. А затым ідзём у госці да нашых з мужам бацькоў — усе мы жывём у адным пасёлку. Хочацца пажадаць, каб свята 8 Сакавіка ў кожным доме для кожнай жанчыны было напоўнена водарам духмяных кветак, каб збываліся ўсе нашы мары, а на душы панавалі гармонія і спакой, акрыленасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні”.

Надзея ЦЕРАХАВА.