Па якіх паказчыках можна вызначыць, што настаўнік працуе якасна, з душой? Калі вучні атрымліваюць выдатныя адзнакі за кантрольныя работы альбо 100 балаў на ЦТ ці дыплом на алімпіядзе? А можа, калі дзеці пры спатканні са сваім настаўнікам аўтаматычна пераходзяць на беларускую мову, якую ён у іх выкладае альбо некалі выкладаў, ці шмат гадоў пасля заканчэння школы памятаюць імя свайго педагога, прыходзяць да яго ў клас на вечары сустрэчы з выпускнікамі?
Рэфлексы і правілы
Прыходзяць да Яніны Іванаўны Кілбас у клас новыя вучні — пяцікласнікі — і з парога звонкім голасам амаль хорам выдаюць “Здрасце!”, але праз некаторы ўжо час не ведаюць іншага прывітання са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, як “Добрай раніцы”. Пры сустрэчы з Янінай Іванаўна іх вусны рэфлексіўна прамаўляюць “Добрай раніцы” нават познім вечарам. На гэта Яніна Іванаўна толькі ўсміхаецца і адзначае: “Напэўна, жыццё пражыла недарэмна, калі навучыла дзяцей вітацца”. Але ж ці толькі вітацца?
Мэта, якую Яніна Іванаўна ставіла перад сабой — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, мянялася разам з яе прафесійным узростам.
— Памятаю, як у пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я перажывала, калі нехта з дзяцей не засвоіў тэму “Дзеепрыметнік”, думала, як жа вучань будзе жыць без гэтых ведаў? Пасля таго як у мяне з’явіліся першыя выпускнікі, асэнсавала: добра жывуць яны і без дзеепрыметніка — не гэта вырашальна. Я вучу дзяцей мысліць, жыць, прымаць рашэнні. Мы многа гаворым на занятках. Стараюся, каб дзеці былі шчырымі ў размове са мной, — адзначае Я.І.Кілбас.
Шчырасць за шчырасць. Дзяцей не падманеш. Яны адчуваюць фальш, калі настаўнік на занятках адзін, а пасля іх — іншы, за кожным яго словам бачаць больш, чым яго значэнне… З чым прыйшоў педагог у клас, што ён хоча ад іх?
27 студзеня да сваіх дзесяцікласнікаў на ўрок па беларускай літаратуры Яніна Іванаўна завітала з неспакойнымі думкамі: “Сёння — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, і зусім побач ідзе вайна, гінуць ад куль і снарадаў нашы суседзі — украінцы. Ці трэба моладзі гаварыць, чытаць, ведаць пра вайну?” — пытаецца Яніна Іванаўна ў сваіх вучняў. Каб гэта былі ўзважаныя адказы, настаўніцы трэба пастарацца: адшукаць тыя радкі, якія б праніклі ў маладую душу і розум, прапанаваць такое заданне, якое б выклікала ў іх цікавасць. Па раскладзе — урок літаратуры, а здаецца — урок мастацтва. Рознымі сродкамі — словам, фарбамі, гукамі, відэарадам — настаўніца імкнецца данесці да вучняў сэнс слова “вайна”.
— Вайна — гэта боль, страх, трагедыя, прыніжэнне, мужнасць… — прамаўляюць па чарзе дзесяцікласнікі. — Але калі войны не спыняюцца ў свеце, то даводзіцца сумнявацца ў розуме чалавецтва, якое не засвоіла добра ўрок, які скончыўся 70 гадоў назад.
Яніна Іванаўна чытае ўрывак аднаго твора пра вайну, спыняецца ў важным месцы і просіць вучняў зрабіць свой выбар: “А што б вы зрабілі на месцы герояў апавядання, савецкіх салдат, ці падзяліліся б вы сваім пайком з галоднымі нямецкімі ваеннапалоннымі?”
— Пакарміць — лёгка, — папярэджвае хуткія адказы сваіх вучняў настаўніца. — Паспрабуйце ўявіць, што адчувалі ў той момант нашы салдаты. У той сітуацыі пачуццё нянавісці апраўданае. Перад імі ворагі, якія, магчыма, нядаўна цэліліся ў іх са сваёй зброі, з-за іх загінулі блізкія і родныя…
Пасля заканчэння школы сённяшнія дзесяцікласнікі па просьбе сваёй настаўніцы будуць пісаць сачыненне-прызнанне, які след у іх жыцці пакінулі ўрокі па беларускай мове і літаратуры, і, магчыма, хтосьці ўзгадае і заняткі па літаратуры 27 студзеня 2015 года. У той дзень яны зрабілі выбар — у любой сітуацыі заставацца людзьмі, берагчы мір…
Гэта ўжо традыцыя — пісаць на развітанне лісты Яніне Іванаўне, дзе адзначаць, што падабалася на ўроках, што варта было б змяніць… Да вучняў у настаўніцы адно пажаданне: быць праўдзівымі, не пісаць хвалебныя оды… Адметна, што часта пачынаюць пісаць тыя дзеці, якія на занятках не праяўлялі актыўнасці. Яны памятаюць розныя дробязі, узгадваюць цытаты, якія прасіла іх запомніць настаўніца, як яны па наказе Яніны Іванаўны дома для родных чыталі ўслых раман Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”… Гэтыя лісты дапамагаюць Яніне Іванаўне іншы раз па-новаму паглядзець на сваю педагагічную дзейнасць, безумоўна, узнімаюць настрой і самаацэнку, бо часцей у іх гучаць словы ўдзячнасці ў адрас настаўніцы беларускай мовы і літаратуры.
Сэрцам не старэць
У Яніны Іванаўны адзін запіс у працоўнай кніжцы — 15 жніўня 1985 года яна была прынята ў сярэднюю школу № 2 Фаніпаля настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Затым школа атрымала статус гімназіі. Можна было б зрабіць кар’еру: стаць кіраўніком установы, намеснікам, і яна выдатна б з гэтымі абавязкамі справілася, але на ўсе прапановы Яніна Інаваўна давала адмоўны адказ. У класе з дзецьмі яна адчувае сябе камфортна, вучыць дзяцей — у гэтым яна бачыць сваё прызначэнне. Дачка Яніны Іванаўны так і гаворыць маці: “Ты, родная, у нас настаўніца да мозгу касцей”.
Прафесія была абрана рана, яшчэ ў дзяцінстве, і абдумана.
— У сваіх школьных сачыненнях я пісала, што буду доктарам, бо вельмі гэтую прафесію паважаю. Аднак ведала, што ніколі ім не стану. Чаму? Таму што меркавала так: калі я пастаўлю “двойку”, то яшчэ магу выправіць сітуацыю і навучыць на “тройку”, а калі зраблю няправільна аперацыю, то магу пазбавіць чалавека жыцця. Была павышаная адказнасць. У маёй роднай вёсцы ў Баранавіцкім раёне з двух бакоў ад бацькавай хаты жылі дзве настаўніцы: адна выкладала рускую мову, другая — беларускую. Маці, гледзячы на іх, гаварыла, што няма лепшай у свеце прафесіі за настаўніцкую. У тыя часы ў педагагічныя ВНУ ішлі самыя лепшыя выпускнікі, — узгадвае Я.І.Кілбас.
Са словамі маці Яніна Іванаўна згодна па сённяшні дзень, і гэта нягледзячы на грамадскую незадаволенасць сістэмай адукацыі, на нізкі прэстыж прафесіі. Для яе працаваць з дзецьмі — лепшая ў свеце работа, хаця б таму, што яна дорыць вечную маладосць.
— Вось выпусціла адзінаццацікласнікаў, узяла пяцікласнікаў і памаладзела адразу на 6 гадоў! Жыву ўжо цікавасцямі дзяцей гэтых гадоў. Яны ведаюць камп’ютарныя праграмы і мяне навучаць. Яны падштурхнуць мяне да новых адкрыццяў. Каб быць цікавай ім, я буду старацца бачыць свет іх вачамі, ведаць іх захапленні, жаданні, памкненні, — прызнаецца настаўніца.
Каб кожны раз мяняцца, у Яніны Іванаўны ёсць вопыт, апрабаваныя дзейсныя метады і прыёмы, выпрацаваныя за 30 гадоў работы ў школе. Настаўніца адзначае, што ёй пашчасціла трапіць у творчы калектыў, да адміністрацыі, якая ўвесь час падштурхоўвала педагогаў да ўдзелу ў розных эксперыментах, інавацыях. Менавіта таму яна выдатна валодае многімі педагагічнымі тэхналогіямі. Тэма яе педагагічнага вопыту — “Метады і прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, тэхналогіі педмайстэрні як сродак аптымізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры”.
Калі Яніна Іванаўна ўладкавалася на працу ў школу, яе, маладога спецыяліста, адразу прызначылі класным кіраўніком 9 класа. І яна не разгубілася, хоць розніца ва ўзросце паміж настаўніцай і вучнямі складала ўсяго пяць гадоў.
— Сёння, узгадваючы свае першыя настаўніцкія гады, думаю: адкуль бралася смеласць? — дзеліцца Яніна Іванаўна. — Першы бацькоўскі сход, у класе сядзяць дарослыя людзі — паважаныя асобы ў горадзе, кіраўнікі прадпрыемстваў, а я важна распавядаю ім, як трэба выхоўваць дзяцей, і мне ўсё роўна, якія пасады яны займаюць. Тады мне здавалася, што я дужа разумная. (Смяецца.) У маім першым класе дзеці былі як на падбор: разумныя, спартыўныя, музычныя. Свой ансамбль заснавалі. Мы да сённяшняга часу сябруем, а ім па 45 гадоў, яны адбыліся як асобы, прафесіяналы. Падчас вечара сустрэчы з выпускнікамі я адчуваю сябе шчаслівай настаўніцай. Магчыма, з імі тады я адчула, што нечага вартая.
У педагагічнай скарбонцы Яніны Іванаўны — вялікая колькасць эфектыўных метадаў-сакрэтаў па рабоце з дзецьмі. Да многага настаўніца дайшла сама. Была ў яе практыцы гісторыя з хлопчыкам, які прыходзіў на заняткі непадрыхтаваны, без алоўка і сшытка, нічога не рабіў на ўроку, неахайна апранаўся, у яго не было сяброў. Яна шукала падыход да хлопца, дапамагла яму стаць прыгожым і ўпэўненым. Гэты вопыт дазволіў ёй многае зразумець.
Ведаеце, хто ў Яніны Іванаўны самыя любімыя вучні? Тыя, каго звычайна настаўнікі называюць лайдакамі ды невукамі. Калі яна аб’яўляе, хто ў яе любімчык, то іншыя дзеці з класа здзіўлена глядзяць навокал, бо традыцыйныя любімчыкі — гэта выдатнікі. А тут — непаспяховы вучань, ды яшчэ з не самымі ўзорнымі паводзінамі…
“Ты ведаеш, што ты мой любімы вучань?” — пытаецца Яніна Іванаўна ў дзіця. А тое збянтэжана: “Я?! Чаму я?” І настаўніца знаходзіць аргумент, адшуквае ў маленькім чалавеку тое, што можа яго павысіць у вачах аднакласнікаў, падорыць яму ўпэўненасць у сваіх сілах. І дадае: “І мову ты абавязкова вывучыш. Я падкажу, што табе для гэтага трэба зрабіць”.
Са сваімі непаспяховымі вучнямі Яніна Іванаўна заключае пагадненне, у якім яны даюць абяцанне вучыцца, старацца. Настаўніца і вучні паціскаюць адно аднаму рукі. Пры гэтым Яніна Іванаўна расказвае дзецям, што і яна не была ідэальнай вучаніцай, што можна многага дасягнуць, калі паставіць мэту і працаваць. Яшчэ яе вучні пішуць пісьмовы аналіз: чаму, напрыклад, другую чвэрць закончылі на не вельмі добрыя адзнакі.
— Не хачу, каб яны прычыну сваёй непаспяховасці бачылі толькі ў сабе, таму прашу іх абавязкова напісаць, што, на іх погляд, трэба зрабіць настаўніцы, каб яны атрымлівалі лепшыя адзнакі, а яшчэ адміністрацыі, бацькам. Чалавек думае, прагаворвае, піша — атрымліваецца пасыл да дзеяння, — адзначае настаўніца.
Абсалютны аптыміст
Як жартуе пра сябе Яніна Іванаўна, на сёння яна ўжо сама з’яўляецца гісторыяй школы. Усё ж столькі гадоў тут адпрацавала! Ведае і ветэранаў працы, у каго некалі пераймала вопыт, і маладых прымае ў калектыў, курыруе іх напачатку дзейнасці. Яніна Іванаўна — не вельмі рашучы чалавек, калі справа тычыцца яе асобы, а калі трэба для грамадскасці, калектыву, яна — змагар. Менавіта таму яна больш за 10 гадоў узначальвае прафсаюзную арганізацыю гімназіі. Важна, каб прафсаюзны лідар ведаў традыцыі калектыву, каб яму давяралі людзі, пасвячалі ў сваё асабістае жыццё, прафесійныя праблемы. Вяселлі, юбілеі, спачуванні — усе важныя падзеі ў жыцці педагогаў гімназіі не абыходзяцца без удзелу Яніны Іванаўны. Юбілейныя дні нараджэння святкуюцца ў калектыве па-асабліваму. Абавязкова выходзіць газета, прысвечаная чалавеку. Яніна Іванаўна бярэ на сябе ролю журналіста: гутарыць з калегам, а затым піша пра яго нататку.
Некалі Яніна Іванаўна вяла фотаальбом са здымкамі значных падзей з жыцця педагагічнага калектыву. Па фота можна зразумець, як цікава праводзілі вольны час настаўнікі, якія яны рознабакова таленавітыя людзі. Святы ў гімназіі заўсёды праходзяць арыгінальна. У памяці жанчын-настаўніц застанецца грандыёзны шматгадзінны канцэрт да 8 Сакавіка, які падрыхтавалі для іх крэатыўныя педагогі-мужчыны. Яны напісалі паэмы пра кожную каляжанку, намалявалі партрэты.
А яшчэ з лёгкай падачы Яніны Іванаўны настаўнікі гімназіі Фаніпаля сталі вялікімі вандроўнікамі-аматарамі. Яны добра пазнаёміліся з Беларуссю, выязджалі і за яе межы. Апошнім часам упадабалі возера Свіцязь. Маршрут прадумваюць так, каб абавязкова ў канцы падарожжа пакупацца ў возеры. Дамоўленасць на добрае надвор’е з нябеснай канцылярыяй, пошук спонсараў і сам маршрут — за Янінай Іванаўнай. Лепш за яе ніхто не справіцца. Паездка абавязкова на беларускай мове.
Настрой у калектыве ў многім залежыць і ад таго, хто ўзначальвае прафкам. Педагогі адзначаюць, што ў Яніны Іванаўны вельмі добра атрымліваецца гэтая работа. Яна можа ўступіць у палеміку з кіраўніцтвам, адстаяць пазіцыю работніка, умее выслухаць і падтрымаць чалавека, праблему разглядае разумна і паважліва. Кошт гэтага “добра атрымліваецца” ведае яна і яе родныя. Па ўсмешлівай, прыветлівай, поўнай энергіі Яніне Іванаўне нельга здагадацца, што ў яе жыцці ёсць праблемы. Усё таму, што яна — абсалютны аптыміст. І сваёй упэўненасцю, што ўсё будзе добра, дзеліцца з калегамі, вучнямі.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.