Любіць Любчу

- 13:51Выхаванне, Краязнаўства

Летнія канікулы ў сярэдневяковым замку. Арыгінальна, ці не праўда? Для гэтага не абавязкова адкрываць шэнгенскую візу, набываць турыстычную пуцёўку ў баварскія Альпы або даліну французскай Луары і траціць там вялікія грошы. Усё значна прасцей, бліжэй і танней. Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, гарадскі пасёлак Любча, беларускі Нёман, над поймай якога больш за чатыры стагоддзі ўзвышаецца знакаміты замак. Не патрэбна ні віза, ні пуцёўка, ні вялікія грошы, патрэбна толькі… любоў. Любоў да гісторыі, любоў да працы, любоў да Любчы, бо лета ў Любчанскім замку — гэта лета пад сцягам валанцёрства.

Любоў і замак

Замак, праца, любоў, Любча… Гэтыя словы найбольш яскрава характарызуюць летні адпачынак студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія кожнае лета ў якасці валанцёраў прыязджаюць у Любчу, каб вярнуць архітэктурнай жамчужыне Панямоння былую веліч і прыгажосць і павялічыць турыстычную прывабнасць. Прыязджаюць першы раз, плённа працуюць, добра адпачываюць; потым прыязджаюць другі раз, потым трэці, чацвёрты, пяты — так паступова Любча заваёўвае сэрцы маладых валанцёраў. І ўжо даволі дзіўным для іх становіцца пытанне “Дзе будзеш праводзіць лета?”. Як дзе? Вядома, у любімай Любчы!

Любіць Любчу_І.А
І.А.Пячынскі: “На Любчанскім замку працуюць сапраўдныя героі, якія любяць Радзіму, гісторыю і пацвярджаюць сваю любоў добрасумленнай працай. Калі ў нас ёсць такая моладзь, то ў нас ёсць будучыня. Але для рэалізацыі такой любові моладзі трэба ствараць умовы. Прыкладна такія, як у Любчы, калі мясцовыя ўлады прадастаўляюць студэнтам часовае жыллё, а калгас яшчэ, як кажуць, і кавалак сала ці мяса на харчаванне можа выдзеліць”.

— Да слова “любоў” трэба ставіцца адказна. Гэта не проста пачуцці, эмоцыі. Гэта не проста слова. Любоў — гэта ў першую чаргу карысныя справы. Калі я люблю Любчу, дык я не проста ўзгадваю родныя мясціны. Я тут жыву кожнае лета, нешта раблю для любай Любчы”, — дзеліцца дырэктар і заснавальнік дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” Іван Антонавіч Пячынскі.
Сапраўды, любоў без канкрэтных спраў — пустое слова. Любіць — значыць дзейнічаць. Дзейнічаць — значыць працаваць. Працаваць — значыць на карысць. На карысць — значыць Радзімы. Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца Іван Антонавіч. На працягу ўжо амаль 13 гадоў разам з неабыякавымі людзьмі ён аднаўляе ўнікальны помнік архітэктуры — велічны і ў той жа час па-хатняму ўтульны Любчанскі замак. Была б любоў, было б здароўе — а замак будзе абавязкова адрэстаўрыраваны. Дарэчы, менавіта цяжкая хвароба, пошук адказу на пытанне “Што я зрабіў за сваё жыццё?” і падштурхнулі Івана Антонавіча да дзейнасці. Спачатку было вырашана аднавіць хаця б адну вежу. У гэтым дапамог брат Генадзь, яго сябра Мікола Пронька, актыўным памочнікам з’яўляецца і Віктар Сідо, падключыліся валанцёры з усёй Беларусі. Так паступова — з вуснаў у вусны, ад краязнаўца да краязнаўца, ад рэстаўратара да рэстаўратара, ад выкладчыка да выкладчыка, ад студэнта да студэнта — Беларусь абляцела чутка пра тое, што ў Любчы пачалося адраджэнне знакамітага замка.

Любоў і праца

Сярод першых, хто адгукнуўся на просьбу дапамагчы, былі сябры Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў — у асноўным студэнты БНТУ. Кожнае лета, пачынаючы з 2003 года, яны арганізоўваюць тут валанцёрскі летнік. Потым падключыўся Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Яго студэнты прыязджаюць у Любчу ў ліпені і жніўні невялікімі групамі. Вось і цяпер да 19 ліпеня тут працуе студэнцкая брыгада колькасцю 16 чалавек (5 дзяўчат і 11 хлопцаў). На іх месца чакаецца новая змена. Гэта ўжо будзе архітэктурная практыка для 20 студэнтаў БНТУ. На змену ім з гэтага ж універсітэта прыедзе яшчэ 15 чалавек. Так паступова, лета за летам, і адраджаецца замак, выконваецца цяжкая, адказная праца. Толькі на паўднёва-ўсходнюю вежу было перанесена 17 тон будматэрыялаў, на даху пакладзена чарапіца. У мінулым годзе здзейснены яшчэ адзін маштабны будаўнічы праект: патынкавана абарончая сцяна з дэкаратыўнымі аркамі.

Любіць Любчу_1
— Па адным умоўным квадраце ў дзень рукамі, сантыметр за сантыметрам, студэнты зрабілі справу не горш за майстроў XVI — пачатку XVII стагоддзя, калі і будаваўся замак. Мы не ведаем, як дакладна выглядала сцяна ў той час, але мы дакладна ведаем, што яна была. Гэта пацвярджае інвентар 1601 года. Не ведаем мы і памеры сцяны, аднак яна ніяк не магла быць вышэйшай за цяперашнюю, бо тады б перакрывала некаторыя вокны на вежах. У інвентары пазначана, што галерэя з фахверкам, гэта значыць, бачны драўляныя бэлькі. Паколькі сцяна абарончая, то павінны быць байніцы. Так архітэктары вызначылі форму сцяны, — паведаміў Іван Антонавіч.
Усё робіцца амаль уручную. Нават купал дыяметрам 12 метраў, які ўпрыгожвае брамную вежу, збіраўся на зямлі. А ўсталёўвалі яго зімой, у снежні 2013 года. Канечне, для такой справы была выклікана спецтэхніка: 60-тонны кран са стралой даўжынёй 43 метры. Аднак праехаць праз арку вежы атрымалася не адразу. Для гэтага неабходна было прадзяўбці некалькі сантыметраў прамерзлай зямлі. І тут на дапамогу прыйшлі настаўнікі і вучні Любчанскай сярэдняй школы. Прычым гэта не была абавязалаўка, усё было зроблена добраахвотна, з любоўю. А з любоўю, добрым настроем работа, як вядома, ідзе спарней. Купал быў падняты за 3 гадзіны. Здавалася, што і прырода падтрымлівала валанцёраў. Па словах Івана Антонавіча, у гэты дзень было дрэннае надвор’е, дзьмуў моцны вецер, ішоў снег, аднак, як толькі кран праехаў праз арку, устанавілася ціша.
— Спецыялісты здзіўляліся, як нам з валанцёрамі ўдалося зрабіць складаны па канструкцыі купал і ўстанавіць яго на такой вышыні. Або вось вокны для палаца. Іх рабілі з дубу згодна з гістарычнымі аналагамі каля 40 валанцёраў, а завяршылі ўстаноўку шкла за 10 дзён студэнткі сёлетняга летніка з БДТУ Настасся Ментуз і Дар’я Чарткова. Наогул, тут працуюць сапраўдныя героі. За гады рэстаўрацыйных работ іх было каля 2 тысяч, — адзначае Іван Антонавіч.

       Лічыцца, што назва гарадскога пасёлка Любча пайшла ад слоў “любіць”, “любімае месца”. Хто першым даў такую назву, дакладна не вядома. Згодна з легендамі, гэта мог быць Міндоўг, які перапраўляўся тут праз Нёман і выпадкова сустрэў прыгожую дзяўчыну Марту. Князь пакахаў яе з першага погляду, а ў гонар такой сустрэчы назваў безыменнае дагэтуль паселішча Любеч.

Адраджэнне Любчанскага замка — справа па-сапраўднаму народная. Вялікую падзяку дырэктар дабрачыннага фонду выказвае Навагрудскаму райвыканкаму, дзясяткам прадпрыемстваў, сотням неабыякавых людзей, якія дапамаглі матэрыяльна і фізічна, у тым ліку педагогам і навучэнцам устаноў адукацыі раёна. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Святланы Міхайлаўны Бушміч, са сваім выпускніком Іванам Антонавічам Пячынскім школа падтрымлівае цесную сувязь. У рамках праекта “Дыялог з гісторыяй”, які рэалізоўваецца з мэтай вывучэння гісторыі пасёлка, фарміравання ў навучэнцаў пачуцця любові да роднага краю, садзейнічання адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны, актывізацыі валанцёрскага руху, настаўнікамі і вучнямі была праведзена падсыпка абарончых валоў, падрыхтавана цэгла для аднаўлення абарончай сцяны, пасля яе ўзвядзення сцяна была пафарбавана, падрыхтаваны ўезд у вежу для ўстаноўкі новага купала. Акрамя таго, настаўнікі і вучні падтрымліваюць чысціню на тэрыторыі ўнікальнага ліпавага парку. Так, для замены старых дрэў на школьным агародзе было вырашчана 110 саджанцаў ліпы. “Дыялог з гісторыяй” — гэта не толькі фізічная праца, але і навукова-даследчая дзейнасць. У рамках праекта пад кіраўніцтвам былой настаўніцы гісторыі, а цяпер дырэктара любчанскага Дома культуры Таццяны Аляксандраўны Борыс вучні стварылі работы “Рэстаўрацыя і музеефікацыя Любчанскага замка”, “Любча — летапісная сталіца ліцвінаў”, “Любчанскі замак як сімбіёз розных архітэктурных стыляў XVI—XX стст.”, якія прадставілі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”.

Любіць Любчу_яўген— Калі працавала ў школьным музеі, то кіравала валанцёрскімі атрадамі “Надзейнае сэрца” і “Верны сябар”. Часта хадзілі ў замак і дапамагалі: то нешта падносілі, то пясок прасейвалі. Цяпер гэтую справу працягваюць іншыя настаўнікі. Актыўным валанцёрам была і мая сястра Святлана Скрабец. У студэнцкія гады яна часта працавала на тэрыторыі замка, удзельнічала ў аднаўленні на карнізе Кутняй вежы ўнікальнага малюнка. Падобны малюнак захаваўся толькі на старым Гродзенскім замку, — паведаміла дырэктар Дома культуры.
Па словах Таццяны Аляксандраўны, у архітэктуры Любчанскага палацава-замкавага комплексу вылучаюцца некалькі стыляў. Першы — готыка, якая прасочваецца ў планіроўцы. Другі — італьянскі рэнесанс, які знайшоў прымяненне ў многіх элементах, у прыватнасці, у кладцы сцен. У форме брамнай аркі можна заўважыць картуш. Потым — англійская неаготыка, якая прасочваецца ў экстэр’еры палаца Фальц-Фейнаў, пабудаванага на замкавым узвышшы ў ХІХ стагоддзі. Класіцызм можна ўбачыць у размяшчэнні саміх будынкаў на замкавай пляцоўцы. Савецкі класіцызм характэрны для будынка былой школы. Прыбудова да вуглавой вежы замка выканана ў тэхніцы фахверка. Спалучэнне гэтых стыляў робіць Любчанскі замак унікальным архітэктурным комплексам.

Любоў і музей

Любоў да Любчы ў мясцовых вучняў фарміруецца не толькі дзякуючы фізічнай працы па аднаўленні замка, але і падчас экскурсій па школьным музеі. Па словах былога дырэктара школы Міхаіла Міхайлавіча Карповіча, музей быў створаны ў 1964 годзе з нагоды 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першапачаткова экспазіцыя размяшчалася ў замкавай вежы.
Вялізную ролю ў стварэнні музея, зборы ўнікальных экспанатаў адыграў былы настаўнік апантаны краязнавец Мікалай Андрэевіч Вінар. У зборы экспанатаў ніхто не знаходзіўся ўбаку, гэтай справай актыўна займаліся і настаўнікі, і піянеры, і камсамольцы. Музей, як і школа, ва ўсе часы лічыўся перадавым не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы. Шмат цёплых слоў выказваў былы міністр асветы Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч, які, дарэчы, у свой час працаваў дырэктарам суседняй Нягневіцкай школы. Каля музея знаходзіўся кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі, які лічыўся адным з лепшых у вобласці і рэспубліцы. Кабінет арганічна ўпісаўся ў экспазіцыю новага музея, такім чынам быў створаны першы раздзел, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

Любча

— Пад раздзел старажытнай гісторыі аддалі спартыўную залу. Памятаю, як настаўнік фізічнай культуры быў незадаволены, маўляў, дзе ж мы будзем займацца фізкультурай? Я яму адказаў: “На калідоры”, — з усмешкай узгадвае Міхаіл Міхайлавіч. — Цікавай з’яўляецца і гісторыя стварэння панарамы Любчы. Пачалося ўсё ў 1975 годзе, калі быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак школы. Нам на яго “пашчасціла”. Калі пачалі завозіць у вучэбныя кабінеты новае, сучаснае на той час абсталяванне, высветлілася, што дах працякае. Я ледзь не заплакаў, калі ўбачыў, што адна са сцен стала літаральна чорнай ад падцёкаў. Як яе адрамантаваць? Сяджу неяк на беразе Нёмана насупраць замка, лаўлю рыбу. Побач яшчэ адзін рыбак — малады хлопец, з вудай і мальбертам. Гляджу на яго, а ён свой позірк кідае то на замак, то на мальберт. Падыходжу бліжэй, пытаюся, як поспехі, ён кажа, што слаба клюе, затое малюецца добра. Аказалася, што ён вучыцца ў мірскім вучылішчы і выконвае дыпломную работу. Я ўзрадаваўся, прывёў яго ў школу і кажу, што трэба нешта зрабіць з пачарнелай сцяной. Так мы разам склалі кампазіцыю. Два месяцы яму спатрэбілася, каб намаляваць на сцяне выявы галоўных адметнасцей Любчы: царкву, замак, Нёман. Гэтая сцяна атрымалася… (думаў, Міхаіл Міхайлавіч пасля невялікай паўзы скажа штосьці накшталт “цудоўная”, “выдатная”, аднак з яго вуснаў вылецела зусім іншае, нечаканае, арыгінальнае) проста з Богам.
У новым будынку школы па ініцыятыве дырэктара з двух першапачатковых раздзелаў экспазіцыя была пашырана да васьмі. Ужо многія гады знаёмства з адметнасцямі Любчанскага краю экскурсаводы пачынаюць… не, не з традыцыйнага для школьных гісторыка-краязнаўчых музеяў раздзела накшталт “Старажытная гісторыя”, а з прыроды роднага краю.
— Праводзілі неяк экскурсію для аднаго прафесара. Ён і спытаў, чаму музей пачынаецца з прыроды, гэта ж нехарактэрная з’ява. Давялося яму патлумачыць, што галоўнымі нашымі славутасцямі з’яўляюцца Налібоцкая пушча і Нёман. Прафесар пагадзіўся, паціснуў мне руку і сказаў: “Правільна”. Чучалы жывёл нам падарыла адміністрацыя Белавежскай пушчы ў 1989 годзе. Тут, безумоўна, і зубр. Бачыце, вось ён, прытаіўся за ялінкай. А вось зубр на фотаздымку, з каровамі. А было вось што. У суседняй вёсцы праводзілася конна-спартыўнае свята. Я спакойна стаю, фатаграфую коней. Тут да мяне падбягаюць дзеці і крычаць наперабой: “Міхаіл Міхайлавіч, глядзіце, зубр прыйшоў!” Зубр? На конныя скачкі? Я за фотаапарат — і бягом. Аказалася, сапраўды, зубр выйшаў з лесу і вырашыў таксама паглядзець на свята і, каб не сумаваць, далучыўся да статка кароў. Хто ведае, можа там была яго “дзяўчына”? — узгадвае былы дырэктар.

Любіць Любчу
Дзейнасць дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” — гэта не першая спроба аднаўлення архітэктурнай жамчужыны Панямоння. Гэта пацвярджае макет замка, які знаходзіцца ў музейным раздзеле, прысвечаным гісторыі старажытнасці і Сярэдневякоўя. Стварыў макет выпускнік Любчанскай сярэдняй школы былы дырэктар “Лідсельмаша” Мікалай Скрабец. Па словах Міхаіла Міхайлавіча, пра рэстаўрацыю замка гутарка вялася даўно, яшчэ ў савецкія часы, аднак ні адна арганізацыя не хацела браць на сябе такую адказную справу. “Тады я набіраюся мужнасці і еду ў Ліду да свайго былога вучня Мікалая Скрабца, які, дарэчы, на выдатна скончыў школу. Заходжу ў калідор, а каля яго кабінета чарга чалавек гэтак 15. Я заглянуў у кабінет, ён узрадаваўся і адразу сказаў: “Грамадзяне, сёння прыёму не будзе, прыехаў дырэктар маёй школы”. Ён уважліва выслухаў, даў згоду. Так у сярэдзіне 80-х гадоў пад маркай стварэння санаторыя-прафілакторыя для “Лідсельмаша” пачалася рэканструкцыя. Аднак быў зроблены толькі макет і дакументацыя на Кутнюю вежу. Калі на прадпрыемства прыйшоў новы кіраўнік, справа прыціхла. У Івана Пячынскага, таксама майго вучня, яна ідзе больш паспяхова. Толькі б дажыць да таго моманту, калі замак будзе адрэстаўрыраваны, і пабачыць яго ва ўсёй прыгажосці”, — дзеліцца Міхаіл Міхайлавіч.
Сярод амаль 2 тысяч музейных экспанатаў самы каштоўны — гэта каваны флігель, знойдзены падчас раскопак на тэрыторыі замка. На флігелі пазначана дата “1581”. Менавіта ў гэтым годзе Ян Кішка пачаў будаўніцтва замка. Народны музей актыўна папаўняўся ўнікальнымі экспанатамі не толькі падчас кіраўніцтва Мікалая Андрэевіча Вінара, але і на працягу апошніх трох гадоў, калі музеем кіравала Таццяна Аляксандраўна Борыс. А вось узнікла такая любоў да музейнай справы ў Таццяны Аляксандраўны з лёгкай рукі Міхаіла Міхайлавіча. Былы дырэктар прыгадаў, што калі маці прывяла дзяўчынку Таню запісваць у школу, то ў якасці знаёмства з установай адукацыі Міхаіл Міхайлавіч асабіста правёў для дзяўчынкі і яе мамы экскурсію па музеі. Колькі падобных экскурсій правяла сама Таццяна Аляксандраўна, сказаць складана. Дзясяткі, а можа, сотні. Прычым гэта экскурсіі не толькі па музеі, але і на Любчанскі замак.

Любіць Любчу 13
Будаўніцтва Любчанскага замка пачалося ў 1581 годзе Янам Кішкам на высокім левым беразе Нёмана. Першапачаткова замак меў адну каменную надбрамную вежу, будаўніцтва вуглавой паўднёва-ўсходняй пачалося пазней. Многія ўмацаванні пэўны час заставаліся драўлянымі. Ян Кішка не ўбачыў велічы замка, да заканчэння будаўніцтва ён не дажыў. Паводле інвентара ад 2 ліпеня 1601 года, надбрамная вежа была ўпрыгожана купалам са звонам. Вароты зроблены з дубовых бярвенняў, абабіты жалезам. У гэты час вялося будаўніцтва і паўночна-заходняй вежы. У 1606 годзе Любча пераходзіць ва ўладанне Радзівілаў. Пачынаецца новы этап гісторыі замка. Крыштаф Радзівіл завяршае пачатую Янам Кішкам справу. Унікальным быў не толькі знешні выгляд замка, але і гістарычныя дакументы, грашовыя скарбы, скарбы твораў мастацтва, якія ў ім захоўваліся. Замак моцна пацярпеў падчас войнаў XVII стагоддзя. Не пазбегла архітэктурная жамчужына разбурэнняў і ў гады Першай і Другой сусветнай войнаў. У 1947 годзе будынкі палацава-замкавага комплексу былі аддадзены пад школу.

Любоў і спадзяванні

На дзейнасць Івана Антонавіча Пячынскага і яго памочнікаў валанцёраў любчанцы ўскладаюць вялікія спадзяванні. Напрыклад, Таццяна Аляксандраўна (па спецыяльнасці яна менеджар па турызме і ахове гісторыка-культурнай спадчыны) лічыць, што адрэстаўрыраваны замак дапаможа павысіць турыстычную прывабнасць Навагрудскага раёна, надасць новы імпульс развіццю Любчанскага краю. Ці будуць рэалізаваны спадзяванні любчанцаў? Адказ на гэтае пытанне даволі просты: галоўнае, каб была любоў. А шчырая, бескарыслівая любоў, як вядома, можа не толькі горы перавярнуць, але і адрадзіць унікальны, па-хатняму ўтульны Любчанскі замак.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.