Любіць маляванне, дарыць шчасце і радасць

Алену Сяргееўну Пятрову, настаўніцу малявання гімназіі Глуска, ведаюць не толькі вучні пачатковых класаў, але і зусім маленькія дзеці і іх бацькі. Усё таму, што Алена Сяргееўна пераканана: чым раней дзеці возьмуць у рукі пэндзлік ці аловак і пачнуць маляваць, тым хутчэй будуць развівацца. Маляванне — адзін з пачатковых этапаў пазнання навакольнага свету. На гэтай падставе настаўніца вырашыла стварыць у 2017 годзе творчае аб’яднанне для самых маленькіх “Арт-крошка”.

Алена Сяргееўна працуе ў гімназіі больш за 14 гадоў і за гэты час стала не толькі са­праўдным мастаком, але і прафесіяналам. Закончыла спачатку Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я.Ларына, але на гэтым не спынілася і пайшла вучыцца далей. Паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава на мастацка-графічны факультэт. Алена Сяргееўна — мастак не толькі ў прафесіі, але і ў душы. Яна творчая асоба, якая жыве маляваннем. Самі вучні характарызуюць настаўніцу як усебакова адукаваную, ветлівую, адкрытую, шчырую. Яна стала са­праўдным сябрам для дзяцей, заўсёды прыйдзе на дапамогу, падтрымае ў цяжкую хвіліну, дасць добрую параду.

Ніводнае мерапрыемства ў гімнізіі (ці ў самім Глуску) не пройдзе без малюнкаў настаўніцы або яе вучняў. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Алена Сяргееўна ўзнагароджана рознымі дыпломамі і граматамі. А яе вучні заўсёды становяцца першымі ва ўсіх творчых конкурсах. Таленавітая, актыўная, цалкам адданая сваёй прафесіі і дзецям, Алена Сяргееўна імкнецца паказаць усім, што маляванне — гэта не проста школьны прадмет, яно адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні многіх навыкаў. Асаблівую карысць нясе маляванне маленькім дзецям, усебакова развівае іх. Акрамя таго, яно выдатна супакойвае нервовую сістэму і дазваляе адцягнуцца ад трывожных думак. Гэта добры спосаб пераключыць увагу дзіцяці ад праблем або стрэсавай сітуацыі.

Ведаючы неацэнную карысць малявання, Алена Сяргееўна данесла гэтую інфармацыю да бацькоў, якія падтрымалі ідэю стварэння дзіцячага аб’яднання “Арт-крошка”. Больш за 80 дзяцей ад года да сямі займаюцца ў аб’яднанні. Там яны не толькі вучацца маляваць, але і ўсебакова развіваюцца. Гэта першае ў Глуску аб’яднанне, якое працуе з такімі маленькімі дзецьмі і іх бацькамі. Кожную суботу ў гімназію Глуска прыхо­дзяць хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзро­сту, каб ствараць свае шэдэўры. Маленькім, вядома, цяжка на працягу заняткаў засяродзіць увагу на адным маляванні (такая асаблівасць дзяцей 1—5 гадоў). Алена Сяргееўна ведае, чым зацікавіць маленькіх мастакоў. На дапамогу прыходзіць вопыт самой настаўніцы як маці. Шмат у кабінеце розных гульняў, цацак. Можна спяваць, танцаваць, а калі стаміўся, то ёсць і чым пачаставацца. Звычайна, калі дзіцяці ўсяго год, яно малюе з мамай. Гэта яшчэ адзін спосаб устанаўлення даверлівых адносін паміж імі. У цесным творчым саюзе абодва атрымліваюць асалоду. А дзеткам вельмі падабаецца, калі бацькі ўдзельнічаюць у іх гульнях і занятках. Кожны малюнак выконваецца ў рознай тэхніцы, з рознымі матэрыяламі.

Дзеці прыходзяць маляваць не толькі з матулямі, але і з баць­камі, з бабулямі і дзядулямі. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі прыводзяць сваіх малодшых братоў і сястрычак. Вось і атрымліваецца, што за некалькі гадоў “Арт-крошка” стала сапраўднай сямейнай традыцыяй. Увесь год маленькія мастакі спяшаюцца да сваёй любімай настаўніцы, каб маляваць, бо ведаюць, што ў канцы навучальнага года іх чакае выстава “Шэдэўры арт-крошак”. Выстава — справа агульная, у яе арганізацыі задзейнічана не толькі гімназія, але і Цэнтр творчасці Глуска, Глуская дзіцячая школа мастацтваў, Глускі раённы гісторыка-края­знаўчы музей, на базе якога ладзіцца экспазіцыя. Вялікі ўклад у яе арганізацыю ўносяць і бацькі маленькіх мастакоў.

У гэты дзень — шмат усмешак, жартаў, добрых слоў, а таксама ўдзячнасці і гонару. У галаву прыходзіць толькі адна думка: “Як жа трэба любіць сваю справу, каб атрымалася так цудоўна, каб падарыць дзецям і іх бацькам такое шчасце і радасць!” Вельмі прыемна, што ў нашым маленькім Глуску працуе такая таленавітая настаўніца, якая знаёміць з маляваннем, паказвае, што талент маляваць ёсць ва ўсіх, нават калі табе толькі два гады.

Кацярына ПАТАПЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Глуска.