Любіць тое, што робіш

Перад Святланай Уладзіміраўнай Шышынай ніколі не стаяла праблема прафесійнага выбару, бо яна ўжо з дзяцінства дакладна ведала, што будзе вучыць дзяцей. Дзяўчынка расла ў асяроддзі педагогаў: амаль усе яе родныя і блізкія былі так ці інакш звязаны з педагогікай.

— Мой прафесійны шлях пачаўся з 17 гадоў з пасады піянерважатай у розных школах Баранавіч і работы камсаргам па гарадскіх школах у гаркаме ЛКСМБ, — успамінае Святлана Уладзіміраўна. — Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. З 1996 па 2007 год узначальвала гарадскі вучэбна-метадычны кабінет, а сёння працую дырэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. За амаль 40-гадовую педагагічную дзейнасць ні разу не пашкадавала, што выбрала яе. Люблю працаваць з моладдзю, адчуваць адказнасць за сваю працу.

У кіраўніцкай дзейнасці С.У.Шышына абапіраецца на педагогаў і адміністрацыю, якія ўяўляюць сабой надзейную каманду творчых людзей, здольных рэалізоўваць перадавыя ідэі і дасягаць поспехаў у рабоце на карысць установы. Але не толькі педагогамі ганарыцца дырэктар. Асаблівую гордасць выклікаюць выпускнікі, якія сталі прафесіяналамі сваёй справы. Кіраўнік адчувае ўласную далучанасць да гэтага.

— Сучасны кіраўнік павінен мысліць стратэгічна, працаваць на перспектыву, сачыць за развіццём эканомікі і апошнімі тэндэнцыямі ў адукацыі, — лічыць Святлана Уладзіміраўна. — Неабходна ба­чыць магчымасці і патэнцыял кожнага члена калектыву, ствараць належныя ўмовы для рэалізацыі яго ідэй, каб атрымаць вынікі, якія будуць працаваць на ўсіх. Вельмі цаню ў падначаленых сумленнасць, розум, аптымізм, аб’ектыўнасць ацэнкі. Але самае галоўнае — трэба любіць тое, што робіш.

Асноўны прынцып эфектыўнай кіраў­ніцкай дзейнасці С.У.Шышынай заключаецца ў пастаянным самаўдасканаленні і нястомнай рабоце над сабой. Дырэктар упэўнена, што поспех кіраўніка немагчымы без актыўнага ўзаемадзеяння па каардынацыі і планаванні сумеснай дзейнасці.

— Кіраўнік не павінен баяцца акру­жаць сябе людзьмі, якія, магчыма, у чымсьці больш разумныя і таленавітыя, чым ён, — гаворыць С.У.Шышына. — У такім выпадку падначаленыя зробяць усё лепш, чым першапачаткова задумана. Але аб’яднаць намаганні вялікай колькасці людзей, арганізаваць іх работу, рацыянальна размеркаваць функцыі, стварыць умовы для дасягнення вынікаў — вялікае мастацтва. І тут няма нейкага адзінага рэцэпта. Кіраўнік павінен знайсці аптымальнае рашэнне сам, давесці яго да выканання і несці за яго адказнасць. Работа па такім прынцыпе дазволіла стварыць калектыў, матываваны да самаразвіцця і інавацыйнай дзейнасці.

Каледж рыхтуе швачак, ­краўцоў, за­кройшчыкаў, прадаўцоў, кантралё­раў-­
касіраў, зборшчыкаў ­абутку, цырульнікаў, страхавых агентаў, ма­дэлье­раў-­канструктараў і мастакоў-мадэлье­раў. Пералік спецыяльнасцей штогод абнаўляецца ў залежнасці ад запытаў рынку працы. Кантрольныя лічбы прыёму навучэнцаў выконваюцца дзякуючы высокаму іміджу ўстановы, сістэмнай прафарыентацыі і цеснаму ўзаемадзеянню з заказчыкамі кадраў. Пашыраюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі, у тым ліку для насельніцтва. Пра запатрабаванасць выпускнікоў сведчыць іх поўнае працаўладкаванне.  

На працягу многіх гадоў у каледжы дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Веды. Пошук. Творчасць”, удзельнікі якога пад кіраўніцтвам педагогаў рэалізоўваюць цікавыя навуковыя і сацыяльныя праекты. Адзін з іх, “Жыць у памяці пакаленняў…”, накіраваны на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне прылеглага сквера імя М.Ц.Сцепанішчава. Дзякуючы праекту, там быў усталяваны памятны абеліск. У 2017 годзе навучэнцы перамаглі ў Міжнародным конкурсе сацыяльных праектаў “Не побач, а разам”, мэта якога заключаецца ў валанцёрскай дапамозе ахвярам нацызму і членам іх сем’яў, пажылым лю­дзям ваеннага пакалення.

Навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у Міжнародным чэмпіянаце па цырульніцкім мастацтве, нэйл-дызайне і дэкаратыўнай касметыцы “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу, айчынных чэмпіянатах “Ружа вятроў” і “Натхненне”, Міжнародным фестывалі моды і фота “Млын моды” і інш. Прадстаўнікі каледжа тройчы прадстаўлялі Брэстчыну на чэмпіянаце WordlSkills у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.

— Мы актыўна ўкараняем у адукацыйны працэс воблачныя і мабільныя тэхналогіі, удзельнічаем у рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, — расказвае С.У.Шышына. — Сваімі шматлікімі напрацоўкамі ахвотна дзелімся з калегамі, прэзентуем вопыт эфектыўнай работы на розных узроўнях. Ганарымся, што пра нас ведаюць не толькі ў вобласці, але і за яе межамі. Каледж — неаднаразовы пераможца абласнога конкурсу на лепшую ўстанову прафесійнай адукацыі. Ён занесены на абласную Дошку гонару за дасягненне лепшых вынікаў сярод арганізацый навукі і адукацыі.

На думку Святланы Уладзіміраўны, асаблівую ўвагу сёння трэба ўдзяляць павышэнню прэстыжнасці рабочых прафесій і спецыяльнасцей сярод моладзі і грамадства ў цэлым. Спецыялісты з вышэйшай адукацыяй абавязкова павінны валодаць добра развітымі практычнымі навыкамі, мець сур’ёзную практычную, а не толькі тэарэтычную падрыхтоўку. Гэта забяспечвае сістэма прафесійнай адукацыі.

На базе каледжа дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”. У планах — аснашчэнне яго сучасным абсталяваннем, якое дазволіць рыхта­ваць высокакваліфікаваныя кадры для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Сярод перспектыўных задач — далейшае пашырэнне пераліку спецыяльнасцей, адкрыццё новых прафесій з улікам эканамічнага развіцця краіны.

— Мару, каб кожны выпускнік знайшоў сваё месца ў жыцці, займаўся любімай справай, якая прыносіць задавальненне і дазваляе развівацца. Гэта працуе не толькі на ўласны поспех, але і на поспех усёй краіны, — адзначае С.У.Шышына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.