“Люблю, калі студэнты задаюць пытанні”

- 16:06Рознае, Суразмоўца
Можна скласці пэўнае меркаванне пра чалавека нават па тым, як ён вітаецца з табой на вуліцы пры выпадковай сустрэчы. Мне асабліва прыемныя такія сустрэчы з Наталляй Дзмітрыеўнай Стрэкаль, бо яны заўсёды суправаджаюцца ветлівай усмешкай, нейкай асаблівай цеплынёй, якую адразу адчуваеш у чалавеку сціплым і шчырым.
Наталля Дзмітрыеўна — прафесар кафедры агульнай фізікі фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2013 годзе яна абараніла доктарскую дысертацыю “Фотафізічныя працэсы ў ансамблях і гетэраструктурах”. У студзені 2014 года дыплом доктара фізіка-матэматычных навук Наталлі Дзмітрыеўне Стрэкаль уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

— Наталля Дзмітрыеўна, пачнём здалёк: чым для вас была фізіка ў школе, якую ролю адыгралі бацькі ў вашым прафесійным станаўленні?
— Сапраўды, усё пачынаецца з бацькоў. Мой тата Дзмітрый Іванавіч Грык і мама Таісія Юльянаўна з Гродзеншчыны, паходзяць з мнагадзетных сем’яў. Тата скончыў 1-ю школу Гродна. Я нават ведаю, што яго першую настаўніцу звалі Лідзія Фёдараўна. Мая бабуля захоўвала выразкі з газет, дзе паведамлялася пра поспехі таты-школьніка на алімпіядах па фізіцы ў 50-я гады. Тата меў выдатныя здольнасці да навукі, але з-за беднасці (бабуля рана аўдавела і засталася адна з чатырма дзецьмі) працягваць вучобу мог толькі там, дзе было поўнае сацыяльнае забеспячэнне. Таму і паступіў ў ваенна-марское вучылішча ў Кранштаце.
Зараз мы захоўваем пасведчанні аб рацыяналізатарскіх прапановах, якія бацька рэгулярна афармляў па сваёй прыборнай частцы на вузле сувязі ў ракетным дывізіёне. А аднойчы ў нашым доме з’явіўся сапраўдны асцылограф. Мяне ў той час ужо захаплялі раманы Данііла Граніна, такія як “Іду на навальніцу”, і мне падабалася ўключаць асцылограф і назіраць за малюнкамі Лісажу на яго экране. Разам з бацькам мы рабілі доследы па надзіманні шарыкаў вадародам з дапамогай цынкавых пласцінак, якія змяшчалі ў серную кіслату. Пасля смерці бацькі я перабірала яго навукова-папулярную бібліятэку і знайшла на палях мноства цікавых каментарыяў, зробленых ім.

— Верагодна, фізіка з матэматыкай даваліся вам вельмі лёгка?
— Заўсёды баялася паказацца бездапаможнай, а па матэматыцы і фізіцы спісваць не было ў каго. Бадай, гэта і было галоўнай матывацыяй у навучанні. Калі я пайшла ў школу, мама, вядома, лічыла неабходным кантраляваць выкананне маіх дамашніх заданняў. Але тата вельмі хутка адвучыў нас з мамай рабіць урокі разам. Я займалася ў другую змену і раніцай, калі збіралася перапісаць матэматыку ў чыставік, бачыла, што хтосьці акуратна сціраў вынікі нашых з мамай сумесных дзеянняў па матэматыцы ў чарнавіку.
Паступіўшы ў Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт Украіны пасля маленькай гарнізоннай школы ў Прыбалтыцы, дзе нават не па ўсіх прадметах былі настаўнікі, я сутыкнулася з неабходнасцю інтэнсіўна навёрстваць недахопы ў ведах, рашаць шмат задач, каб быць незалежнай. Побач сядзелі выпускнікі сталічных гімназій, якія ўжо ведалі праграму першага курса, адкрыта сумавалі і нават пасмейваліся з тых пытанняў, якія мы задавалі выкладчыку. Яны гэтую фізіку ўжо ведалі, а мы толькі спрабавалі яе зразумець.
Пазней у сваёй педагагічнай рабоце на працягу многіх гадоў я назірала тую самую карціну, калі да нас ва ўніверсітэт прыходзяць выпускнікі гарадскіх ліцэяў і сельскіх школ. Да трэцяга курса вельмі часта ліцэісты расслабляюцца, адвыкаюць працаваць і губляюцца, а выпускнікі сельскіх школ, наадварот, прыкметна дабаўляюць у паспяховасці.

— А як вы выхоўвалі сваіх дзецей?
— Мае дзеці заўсёды выконвалі ўрокі самі, хутка і паспяхова. Калі я гэта бачыла, то разумела, што калі прырода сапраўды адпачывае на дзецях, то яна адпачывае на мне. А ў маіх выключна самастойных дзецях праявіліся ўсе выдатныя здольнасці майго бацькі — іх дзядулі.
У той дзень, калі старэйшы сын Дзмітрый пайшоў у першы клас, я паступіла ў аспірантуру пры Белдзяржуніверсітэце, без адрыву ад вытворчасці і без адрыву ад сям’і. Дзіма — у школу, Алена — у садок, я — на работу з разлікам усё паспець і своечасова забраць іх дадому. Родныя, муж дапамагалі ва ўсім, але разам пагуляць і пабыць з дзецьмі, пачытаць ім перад сном — гэта было больш важным, чым кантраляваць урокі. Ды і настаўнікі не наракалі, гаварылі, што дзеці ўсё добра засвойваюць. Напэўна, яны хутка ўсвядомілі асабістую адказнасць за свае ўрокі. Аб тым, што я, можа, не адказная маці, задумалася, калі дачка паведаміла, што збіраецца на заняткі музыкай. Якой музыкай? Аказваецца, яна ў гэты дзень запісалася на фартэпіяна. Прыйшлося даганяць, каб паглядзець, дзе праходзяць заняткі, і пазнаёміцца з настаўніцай.
Так здарылася, што і сын, і дачка — таксама фізікі. Яны вучыліся на нашым фізіка-тэхнічным факультэце. Прычым Алена заканчвала філалагічны клас у ліцэі і рыхтавался паступаць на замежныя мовы. Але перад самым тэсціраваннем разам з сяброўкай выбрала ўсё ж такі фізіку. Пётр Пятровіч, настаўнік фізікі ў філалагічным класе, на кожным уроку выклікаў іх рашаць задачы. Не ведаю, чым ён кіраваўся, але ж гены…

— Што для вас настаўнік? Якіх прынцыпаў вы самі прытрымліваецеся ў выкладчыцкай дзейнасці?
— Мой Настаўнік — гэта мой навуковы кіраўнік, кіраўнік навуковай школы малекулярнай спектраскапіі ў Гродзенскім універсітэце Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. А зараз, воляй лёсу, ён як міністр адукацыі — усім нам настаўнік. Мяне падтрымаюць сотні нашых выпускнікоў, якім ён выкладаў атамную фізіку на працягу амаль 30 гадоў. Ніхто не траціў столькі часу на пазаўрочныя паэтапныя здачы курса, штотыднёвыя, нідзе не запланаваныя калёквіумы, на якія студэнты хадзілі сістэматычна, каб здаць тэму з курса атамнай фізікі. Сяргей Аляксандравіч часам адводзіў позірк — і быццам ніадкуль з’яўлялася задача, рашыць якую мог толькі той, хто дасканала разабраўся з тэорыяй. Гэта быў сапраўды наватарскі метад стымулявання самастойнай работы.
Зараз я чытаю гэты курс, карыстаюся яго метадычнымі напрацоўкамі, але аддаць столькі свайго асабістага часу на кожнага студэнта — спрабавала, не атрымліваецца. Акрамя гэтага, Сяргей Аляксандравіч пабудаваў нашу навуковую школу, фундамент якой заклаў Леанід Мікалаевіч Ківач. У перыяд поўнага заняпаду навуковай сферы ў пачатку 90-х гадоў мы рэгулярна збіраліся на семінары, абмяркоўвалі вынікі нашай навуковай работы, абменьваліся ідэямі. Для мяне Сяргей Аляксандравіч — прыклад таго, як паважліва трэба ставіцца да калег, быць гатовым дапамагчы, падтрымаць, як проста жыць, працаваць і пры тым нікога і ніколі не пакрыўдзіць.
Добрымі словамі хачу ўзгадаць прафесара БДУ Анатоля Іванавіча Камяка. Нягледзячы на сталы ўзрост, не так даўно ён напісаў серыю кніг па класічнай малекулярнай спектраскапіі, у якіх усе тонкасці нашай спецыяльнасці выкладзены сістэмна і, галоўнае, даступна для студэнтаў. Вялікія аўтарытэты, я сказала б аўтарытэты міжнароднага ўзроўню ў сучаснай фізіцы нанаструктур, — член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Васільевіч Гапоненка і прафесар БНТУ Эдуард Іосіфавіч Зянькевіч. Акадэмік Валянцін Антонавіч Арловіч можа быць настаўнікам у тым, як адначасова сумяшчаць выдатныя навуковыя здольнасці і талент арганізатара. Пры каласальнай аддачы ў навуцы, усе яны вельмі цікавыя, захопленыя людзі. Пра кожнага з іх можна напісаць асобную кнігу з серыі “Жыццё выдатных людзей”.

— Якія, на ваш погляд, сучасныя студэнты? Вы прынцыповы выкладчык?
— Калі шчыра, мне больш падабаюцца ўчарашнія студэнты. І для сучасных студэнтаў — гэта не сакрэт. Мне за іх вельмі горка, і мы пра гэта ўсё часцей гаворым. Рэдкі, вельмі рэдкі сучасны студэнт матываваны на сапраўдную вучобу. А калі няма матывацыі, няма ўнутранага стрыжня, то ўсе намаганні зводзяцца толькі да засваення новых тэхналогій спісвання. У іх няма таго страху бездапаможнасці. Мабільны доступ у інфармацыйную прастору інтэрнэту заўсёды ў кішэні, і толькі справа тэхнікі — скарыстацца гэтым доступам так, каб не заўважыў выкладчык.
Я лёгка выбачаю спазненні і пропускі, калі яны не ператвараюцца ў заканамернасць. Але спісваць не дазваляю катэгарычна. Запрашаю на экзамен памочнікаў адсочваць падрыхтоўку і вылоўліваць непатрэбныя крыніцы інфармацыі. Прыкладна так, як на цэнтралізаваным тэсціраванні. Не ведаю іншых спосабаў прымусіць студэнтаў працаваць пры адсутнасці ўнутранай матывацыі. Яшчэ не люблю, калі студэнты размаўляюць падчас лекцыі. Тут ці я гавару, ці яны. Люблю, калі задаюць пытанні.

— Калі можна, растлумачце, чым займаецеся ў навуцы?
— Калі папулярна, то гэта новы і модны напрамак з прыстаўкай “нана”. Нанатэхналогіі, ці, іншым словам, тэхналогіі сінтэзу вельмі маленькіх часціц, імкліва развіваліся на мяжы тысячагоддзяў. Чалавецтва навучылася рукамі (у першую чаргу хімікаў) ствараць штучныя структуры, якія можна сувымераць з памерамі малекул і бялкоў у нашым арганізме. Уявіце сабе, напрыклад, нанарасчоску, якая расчосвае вашы гены. Ёсць нават тэрмін такі — “малекулярнае прычосванне” (molecularcombing). Аказваецца, можна расцягнуць і прычасаць доўгія малекулы і на іх, як на шаблоне, пабудаваць зіхатлівыя рознакаляровыя паўправадніковыя наначасціцы або залатыя бліскучыя наначасціцы. Вучоныя, напрыклад, склалі рэпрадукцыю П.Пікасо “Свет без зброі” такіх памераў, што яе можна разгледзець толькі пад электронным мікраскопам.
Сёння хімікі могуць сінтэзаваць наначасціцы практычна з любога матэрыялу, любой формы. А вось для таго, каб прымусіць гэтыя часціцы збірацца ў пэўнай паслядоўнасці і працаваць на карысць чалавека, неабходна фізіка нанаструктур, якой мы займаемся. Менавіта з перспектывай паслужыць людзям, напрыклад, у дыягностыцы і лячэнні сур’ёзных захворванняў.

— Навука — гэта творчасць. Ці згодны вы з такім сцвярджэннем? Ці бываюць у фізікаў творчыя азарэнні?
— Навука — гэта, безумоўна, творчасць. І тут я хачу працытаваць настаяцеля храма ў гонар Свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага (у абласной клінічнай бальніцы ў Гродне) іерэя Аляксандра Хомбака. Ён сказаў, што вучоны, які займаецца навукай не дзеля кар’еры, а дзеля творчасці, непазбежна прыходзіць да пазнання Бога. Вучоныя не спрачаюцца з Богам, а спазнаюць таямніцы Боскага сусвету. Свяціцель Лука, у звычайным жыцці — Валянцін Феліксавіч Война-Ясянецкі, — лаўрэат дзяржаўнай прэміі за распрацоўкі ў галіне нейрахірургіі, быў выбітным вучоным свайго атэістычнага веку і праслаўлены ў вобразе святых. Ён напісаў кнігу “Навука і рэлігія”, у якой даецца разгорнуты і вывераны жыццёвым подзвігам адказ на ваша пытанне. З азарэнняў складаецца нават рашэнне школьнай задачы.

— Наколькі важная ў навуцы праблема маральнасці?
— Маральнасць навуковых пошукаў, на мой погляд, вызначаецца чалавечым фактарам, заказчыкам і выканаўцам тых ці іншых даследаванняў. У гады Вялікай Айчыннай вайны І.В.Курчатавым тэрмінова распрацоўваўся праект атамнага рэактара і сціпла выводзіліся формулы рэгіянарнага абязбольвання і лячэння гнойных паражэнняў свяціцелем Лукой Война-Ясянецкім.
Я добра памятаю малюнкі эмбрыёнаў розных пазваночных, уключаючы чалавека, зробленыя Эрнэстам Гекелем і надрукаваныя ў некаторых падручніках па біялогіі. Атрымлівалася, што на ранніх стадыях развіцця эмбрыён чалавека падобны да эмбрыёнаў рыбкі, яшчаркі, сабачкі і гэтак далей. Гэтыя малюнкі павінны былі служыць доказам тэорыі эвалюцыі. Прытрымліваючыся гэтай тэорыі, аборты на ранніх стадыях можна апраўдаць, лічачы, што ў лоне маці на пачатку цяжарнасці развіваецца рыбка. Прыкра, што і ў сучасных школьных падручніках тэорыя Гекеля да гэтага часу ўзгадваецца як доказ эвалюцыйнай тэорыі. Маральна было б, выкладаючы вучэнне Дарвіна, успомніць аб тым, як ён адносіўся да яго на схіле свайго жыццёвага шляху.

— Вы атрымалі дыплом доктара навук на ўрачыстай сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Якія вашы ўражанні ад гэтай сустрэчы?
— Размова падчас цырымоніі, дзе прэзідэнт уручыў мне дыплом доктара навук, атрымалася шчырая. Праблемы і прапановы пачуты. І нават аб праблеме прэстыжу асобных прафесій, аб матывацыі студэнтаў Аляксандр Рыгоравіч казаў праз прызму свайго студэнцкага вопыту. Ён узгадаў, што маладыя людзі з больш слабай школьнай падрыхтоўкай на выхадзе з універсітэта часта аказваюцца ў ліку лідараў. А.Р.Лукашэнка абмяркоўваў з намі, як можна рэгуляваць набор у ВНУ і даць шанс такой моладзі.

— Калі б вам заўтра прапанавалі паездку ў любое месца Зямлі, куды б і з кім адправіліся?
— Калісьці, калі чытала з дзецьмі “Жыццё Ісуса Хрыста”, марыла паехаць у Іерусалім. Такія мары спраўджваюцца з лішкам. Бачыла рускую Галгофу на Салаўках і шмат іншых, зараз ужо любімых намі святых месцаў. А ў Іерусалім узяла б з сабой дзяцей — і сваіх, і чужых, і вучняў нядзельнай школы, і студэнтаў, і таленавітых, і пакуль яшчэ разгубленых.

 

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧЭНКІ.