“Люблю штодзённую работу”

- 17:21Людзі адукацыі, Рознае

Так гаворыць настаўніца сярэдняй школы № 4 Чэрвеня, што ў Мінскай вобласці, Святлана Мікалаеўна Няборская, педагог з 20-гадовым стажам, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Конкурсы ж, па прызнанні настаўніцы, яна не любіць, кажа, што лепш за ўсё адчувае сябе ў сваім класе, на занятках са сваімі вучнямі. І пры гэтым сёлета Святлана Мікалаеўна стала пераможцай II Рэспубліканскага конкурсу на званне “Лепшы настаўнік асноў бяспекі жыццядзейнасці”. Вось каб усе, хто не любіць конкурсы, з такім жа поспехам у іх удзельнічалі! Сёлета, дарэчы, С.М.Няборская вытрымала і атэстацыйныя іспыты на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

…У кабінет з таблічкай 4 “В” на дзвярах я зайшла падчас факультатыву па матэматыцы. І, як высветлілася крыху пазней, менавіта матэматыка — любімы прадмет у многіх чацвёртакласнікаў. Хаця гучалі, канечне, і іншыя адказы: “Руская мова”, “Факультатыў па АБЖ”, “Англійская мова”. Апошні з названых прадметаў, між іншым, выкладае ў класе Святланы Мікалаеўны яе маці Ганна Міхайлаўна Насечанка, педагог з больш чым 40-гадовым стажам. Ды і дачка С.М.Няборскай Вікторыя зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце спецыяльнай адукацыі. А родная сястра — намеснік загадчыка аднаго з дзіцячых садкоў Чэрвеня.
— Я сапраўды марыла стаць настаўніцай, — кажа мая суразмоўніца. — Вырашала толькі, што выбраць — пачатковыя класы або англійскую мову. Мову любіла дзякуючы, зразумела, маці, пра выкладанне ў малодшых класах думала дзякуючы сваёй першай настаўніцы Тамары Навумаўне Марголінай.
Магчыма, вам здаецца, што фраза пра дзіцячую мару стаць настаўніцай гучыць пафасна? Толькі не з вуснаў Святланы Мікалаеўны, паверце. Для яе гэта простая канстатацыя факта: хацела стаць настаўніцай — мару ажыццявіла. Нават калі некалькі гадоў назад пайшла працаваць у аддзел адукацыі райвыканкама намеснікам начальніка, доўга не вытрымала: цягнула назад, у школу. Сюды і вярнулася праз чатыры гады. “Як іх не любіць, малых дзяцей? — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. — Яны ж такія адкрытыя, хлусіць не ўмеюць. Вось і вярнулася”.
Я зноў размаўляю з вучнямі С.М.Няборскай. Яны — Даша, Валерыя, Вераніка, іншыя — наперабой расказваюць пра сваю настаўніцу: і пра тое, якая яна добрая і адначасова строгая (дарослы чалавек, думаю, сказаў бы справядлівая), і пра тое, што “двоек” не ставіць, і пра тое, як з ёй цікава. Да дзіцячых ацэнак далучыла свае словы і дырэктар навучальнай установы Эма Міхайлаўна Анціпенка:
— Святлана Мікалаеўна — настаўнік ад Бога, чалавек не толькі адукаваны і граматны, але цярплівы і настойлівы, што для настаўніка надзвычай важна. Мы вельмі перажывалі, калі яна пайшла працаваць у аддзел адукацыі, але я адчувала душой, што педагог да нас вернецца, бо яна настолькі любіць дзяцей і сваю работу, што, канечне, без іх сумавала. І мы сумавалі, і бацькі, бо многія таты і мамы, якія нават не жывуць у нашым мікрараёне, жадаюць аддаць сваіх малых у клас да яе. Святлана Мікалаеўна ў нас як ліхтарык. Мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў праводзіць такія, што хто заўгодна пазайздросціць.
Мне наогул шанцавала на суразмоўцаў у той дзень, калі прыехала ў Чэрвень. Так, у школу зайшла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Валянцінаўна Асановіч. Яна кажа пра С.М.Няборскую як пра яркага, мэтанакіраванага прафесіянала, якога вельмі любяць дзеці. А сацыяльны педагог школы Таццяна Аркадзьеўна Ярасценка, якая займае суседні з класам С.М.Няборскай кабінет, заўважыла: “Яна не толькі педагог добры, яна наогул чалавек цудоўны”.
З гэтым не паспрачаешся, асабліва калі даведваешся, як шмат Святлана Мікалаеўна выкарыстоўвае ў рабоце нестандартных урокаў: урок-казка, урок-гульня, урок-КВЗ, урок-падарожжа. Дзеці, дзякуючы намаганням настаўніцы, аказваюцца ў сітуацыі поспеху, і тады ўрок ператвараецца ў свята, адкрыццё, запамінаецца надоўга. “Я ніколі не сваруся на вучняў за няправільны адказ, не перабіваю. Люблю, калі дзеці актыўна выказваюцца, даказваюць свой пункт погляду, спрачаюцца. А самы надзейны паказчык якасці ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў — самастойнае выкананне заданняў”, — кажа яна. Да таго ж Святлана Мікалаеўна любіць выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання, што, безумоўна, цікава дзецям. Нядаўна адным з такіх сродкаў стаў ноўтбук, які С.М.Няборская атрымала за перамогу ў конкурсе лепшых настаўнікаў АБЖ (раней выкарыстоўвала той, які набыла сама). З яго дапамогай у класе праводзяцца нават відэафізкультхвілінкі.
Рэальныя падарожжы — таксама вялікая любоў настаўніцы і яе вучняў. Куды толькі яны ні ездзяць: Хатынь, Курган Славы, Востраў Слёз у Мінску, Лінія Сталіна. Падарожжы не вельмі далёкія, разлічаныя на малодшых школьнікаў, але вельмі важныя па змесце, эмацыянальнай насычанасці. Хаця выязджаюць і проста адпачыць, убачыць штосьці цікавае — у цырк, заапарк, дэльфінарый, на навагоднія паказы ў Палац Рэспублікі. Зрэшты, і такія паездкі простымі забаўкамі не назавеш, бо яны, безумоўна, павышаюць агульны ўзровень культуры, выводзяць малых з віртуальнага камп’ютарнага свету ў рэальны.
А яшчэ 4 “В”, як і ранейшыя класы С.М.Няборскай, вылучаецца цікавасцю да пазашкольных мерапрыемстваў, у якіх актыўна ўдзельнічаюць і бацькі. Конкурсы, выставы, спаборніцтвы. Пры заяўленай уласнай нелюбові да конкурсаў настаўніца тым не менш умее прывіць цікавасць да іх сваім вучням, бо, як заўважае, “дзяцей я люблю, таму і да конкурсаў з радасцю дапамагаю ім рыхтавацца, мы, напрыклад, у конкурсах школьнай мастацкай самадзейнасці перамагалі”.
— А ў мінулую суботу ў школе праходзіў асенні кірмаш вырабаў школьнікаў і іх бацькоў, з маіх пятнаццаці вучняў чалавек восем удзельнічалі, — расказвае яна. — Што не прадалі са страў, тое з чаем потым з’елі з вялікім задавальненнем. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць клас, таму ўсё гэта не дарэмна.
…Напрыканцы сустрэчы мы вяртаемся да рэспубліканскага конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці, у якім перамагла С.М.Няборская. Дарэчы, пра тое, што перамагла ў абласным этапе, яна даведалася 31 снежня — атрымаўся неблагі навагодні падарунак для настаўніцы. Фінал праходзіў вясной у адной з мінскіх гімназій, і адной з яго частак было правядзенне заняткаў у незнаёмым класе. Прычым Святлана Мікалаеўна стала не першым настаўнікам, які вёў урок у гэтым класе на зададзеную тэму. Але захапіць увагу трэцякласнікаў ёй удалося. “Закончыўся ўрок, і я адчула, што ўсё атрымалася”, — заўважае настаўніца.
Мне пасля аповеду настаўніцы падалося, што гэты конкурс усё ж не апошні ў жыцці Святланы Мікалаеўны Няборскай. Ну не можа прафесіянал застацца за бортам прафесійных спаборніцтваў. Тым больш што за плячыма настолькі паспяховы вопыт. А сёння, напярэдадні Дня настаўніка, як я даведалася, настаўніцу чакае яшчэ адна высокая заслужаная ўзнагарода. Думаю, на той момант, калі ў рукі С.М.Няборскай трапіць гэты нумар “Настаўніцкай газеты”, яна ўжо яе атрымае. Віншуем, Святлана Мікалаеўна!

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.