Любоў да малой радзімы — з дзіцячага садка

У рамках летняй аздараўленчай кампаніі ў нашай дашкольнай установе рэалізоўваецца праект “Мая малая радзіма” сярод выхаванцаў і іх бацькоў. Пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці С.М.Ляшкевіч творчая група педагогаў (Г.У.Наздрын, К.Ю.Гапанчык, І.У.Козел, Н.І.Чэчка, Г.А.Рэй і Л.М.Слабко) абагульняе вопыт эфектыўнай дзейнасці па фарміраванні патрыятычных пачуццяў і грамадзянскай свядомасці дзяцей, пашырэнні іх ведаў пра гісторыю сваёй вёскі.

Выхаванцы пазнаюць малую радзіму праз вывучэнне родных мясцін, дасягненняў землякоў, гістарычнага мінулага краю і яго сучаснага развіцця, нацыянальна-культурных традыцый і духоўных набыткаў продкаў. У сваёй дзейнасці педагогі прытрымліваюцца прынцыпу “праз малое — да вялікага”.

Цэнтральнае месца ў знаёмстве з родным краем і малой радзімай займае краязнаўчая работа. Так, разам з бацькамі выхаванцаў былі распрацаваны тэматычныя практыка-арыентаваныя прэзентацыі “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Іх змест даволі разнастайны і ўключае падарожжа па выдатных мясцінах вёскі Манькавічы і знаёмства з сямейнымі традыцыямі сучасных сем’яў.

Любоў дзяцей да блізкіх людзей педагогі выхоўваюць праз фальклорныя творы і мастацкую літаратуру, сюжэтна-ролевыя гульні “Сям’я” і “Беларуская хатка”, а таксама праз фальклорныя святы. У кутку “Беларуская хатка” дзеці знаёмяцца з мінулым краіны, абыгрываюць розныя сюжэты.

Для набыцця новых уяўленняў і пашырэння кругагляду дзяцей праводзяцца экскурсіі па вуліцах Манькавіч і мясцовым парку, арганізоўваецца даследчая дзейнасць на тэму “Адкуль твой род”.

Педагогі прывіваюць хлопчыкам і дзяўчынкам працоўныя навыкі і маральныя нормы, патрэбу ў чысціні і парадку ў дашкольнай групе, доме, вёсцы. З гэтай мэтай разам з бацькамі праводзіцца акцыя “Каб чысціня была ўсюды”, дзякуючы якой выхаванцы вучацца акуратнасці, стараннасці і шчодрасці, клапоцяцца пра сваякоў і дапамагаюць чужым людзям.

Уяўленні пра малую радзіму фарміруюцца падчас гутарак пра родную вёску і яе гісторыю. На гэта накіраваны і тэматычныя тыдні.

Не забываюць педагогі пра вывучэнне прыроды роднага краю і выхаванне любові да яе. З гэтай мэтай дзеці малююць на тэмы “Зялёная аптэка” і “Лясная аптэка”.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.