Любоў да музыкі

- 15:28Навіны рэгіёнаў

Лёгкая, чароўная фартэпіянная музыка льецца па калідоры Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Дзівосныя гукі прыводзяць да аднаго з вучэбных кабінетаў. Тут вядзе ўрок педагог дадатковай адукацыі Людміла Іванаўна Бедункевіч. Педагог, які штодзённа на працягу ўжо трыццаці трох гадоў старанна перадае любоў да музыкі сваім вучням.

Прафесійнае станаўленне Людмілы Іванаўны праходзіла ў музычным вучылішчы расійскага горада Дзяржынска. Але жыццё склалася так, што сваю педагагічную дзейнасць яна пачала ў Магілёве — у цяперашнім абласным цэнтры творчасці.

— Першыя крокі ў прафесіі даваліся нялёгка. Было і хваляванне перад вучнямі, іх бацькамі, і няўпэўненасць: а раптам нешта не атрымаецца? Педагагічнаму станаўленню дапамог калектыў, а яшчэ асабістае імкненне, — успамінае Людміла Іванаўна.

Сёння Людмілу Іванаўну Бедункевіч адрознівае высокая педагагічная культура, добрае веданне тэорыі і методыкі выкладання, выдатная эрудыцыя ў музыцы, а самае галоўнае — вялікая любоў да дзяцей.

— На занятках я не толькі далучаю дзяцей да музыкі. Да кожнага вучня шукаю свой падыход.

У гутарках у нас няма закрытых тэм, я заўсёды гатова выслухаць сваіх выхаванцаў, калі трэба — даць слушную параду. Ведаючы, што заняткі музыкай — вялікая праца, удзяляю ўвагу псіхалагічнай падтрымцы. Калі выступаюць мае вучні, вельмі хвалююся, у думках іграю разам з імі. Заўсёды бязмерна радуюся іх поспехам і перамогам. Менавіта ў іх дасягненнях для мяне галоўная радасць работы, — запэўнівае Людміла Іванаўна.

Творчы падыход да выкладання дапамагае педагогу ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на высокім узроўні, пастаянна распрацоўваць і ўкараняць інавацыі ў педагагічную дзейнасць. Не забывае педагог і пра самаадукацыю.

— Чатырнаццаць гадоў назад я даведалася ад расійскіх калег пра такі новы напрамак, як электронна-музычная творчасць, і загарэлася ідэяй займацца гэтай дзейнасцю са сваімі вучнямі. І пачалося: Масква, Санкт-Пецярбург, педагагічныя курсы, семінары, канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, міжнародныя конкурсы, фестывалі… Кожная ўзнагарода пацвярджала: я на правільным шляху. Тады і вырашыла вучыць ігры на гэтым інструменце дзяцей, бо клавішны сінтэзатар — гэта асаблівы свет музыкі, у якім можна адчуць сябе і кампазітарам, і выканаўцам, і гукарэжысёрам, — адзначыла Людміла Іванаўна.

Людміла Іванаўна Бедункевіч стала адной з першых у краіне па распаўсюджванні электронна-музычнай педагогікі. Яе адукацыйная праграма “Клавішны сінтэзатар” рэкамендавана як тыпавая і ўключана ў зборнік адукацыйных праграм музычных і харэаграфічных аб’яднанняў па інтарэсах Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. А праграма навучання ігры на сінтэзатары адораных дзяцей па выніках рэспубліканскага конкурсу адзначана дыпломам Міністэрства адукацыі.

Увогуле, гэты педагог заўсёды чула рэагуе на запыты і патрэбы дадатковай адукацыі, стварае ўмовы для максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу сваіх вучняў. Такі падыход да работы прыносіць адпаведны вынік. Выхаванцы Людмілы Іванаўны неаднаразова станавіліся пераможцамі творчых конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Шмат у Людмілы Іванаўны і асабістых узнагарод, аднак яны для яе не асабліва важныя. Сваім галоўным прафесійным дасягненнем яна лічыць поспехі яе сённяшніх і былых вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці.