Любоў да палескай прыроды

- 14:17Адукацыйная прастора

Экалагічны цэнтр заказніка “Тураўскі луг” адкрыўся ў сярэдняй школе № 2 Турава.

Гэтая інфармацыйна-адукацыйная пляцоўка дапаможа папулярызацыі экалагічных ведаў сярод мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей Турава.

Экалагічны цэнтр абсталяваны інтэрактыўнымі трэнажорамі, інфармацыйнымі стэндамі, адукацыйнымі гульнямі, ёсць сучасны мультыборд. Тут можна не толькі ўбачыць фотаздымкі птушак, якія гняздуюцца ў заказніку “Тураўскі луг”, але і, карыстаючыся QR-кодамі, паслухаць іх спевы і ўбачыць відэазамалёўкі.

Старажытны Тураў знакаміты не толькі сваёй гісторыяй, але і прыроднымі багаццямі. Найбольш вядомае Тураўскае балонне — месца, унікальнае ў многіх адносінах. Штогадовыя разлівы ператвара­юць яго ў сетку выспаў, на якіх кулікі, чайкі, качкі і іншыя птушкі ствараюць сапраўдныя калоніі. Менавіта тут кожную вясну падчас міграцыі спыняецца больш за 50 відаў водна-балотных птушак.

На адносна невялікай тэрыторыі можна ўба­чыць белую сініцу, вялікага арляца, куліка-паручайніка, куліка-марадунку, бела­шчокую рыбачку і многія іншыя рэдкія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Падчас вясенне-асенніх пералётаў тут спыняюцца сотні тысяч птушак.

З 2008 года заказнік “Тураўскі луг” мае статус тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП), міжнароднага значэння. Стварэнне заказніка дае магчы­масць адна­віць структуру лугавой расліннасці, захаваць рэдкія віды птушак. Таксама ў Тураве дзейнічае найстарэйшая ў Беларусі станцыя кальцавання.

Цяпер адмысловыя гульні ў экалагічным цэнтры дазво­ляць кожнаму жадаючаму стаць
сапраўдным знаўцам птушынага свету Тураўскага балоння. Комплекс разнастайных трэнажораў і забаўляльных гульняў распрацаваны такім чынам, каб заняткі можна было адаптаваць пад любы ўзрост удзельнікаў і іх патрэбы. Цэнтр стварае ўнікальныя магчымасці для правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Інтэрактыўная адукацыя замест сумных лекцый.

Плануецца, што цэнтр дапаможа папулярызацыі “зялёных” ведаў сярод мясцовых жыхароў, асабліва ў плане данясення экалагічнай каштоўнасці ўнікальнага лугу Беларускага Палесся. Дакладная і поўная інфамацыя, знаёмства з якой прадугледжвае наведванне цэнтра, дапаможа навучыцца слу­хаць, бачыць, разумець і берагчы родную пры­роду.

Таццяна ЗЯМЛЯНІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Турава.