Больш за 100 педагогаў і навукоўцаў краіны паразважалі пра тое, як выхоўваць дзяцей патрыётамі праз стварэнне для іх этнакультурнага асяроддзя. Падрабязнасці — у карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Пляцоўкай для прафесійнай размовы традыцыйна стаў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яго дырэктар Надзея Васільчанка адзначыла, што асновай узнікнення традыцыі правядзення тут форуму паслужыў адзін з галоўных праектаў установы — «Беларускае народнае мастацтва і дзеці».
Навукоўцы і выкладчыкі параілі педагогам, як весці такія напрамкі, як вывучэнне этнакультурнага ландшафту, фальклорнай спадчыны, каляндарнай абраднасці, стварэнне народных лялек і інш.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута даў канкрэтныя парады прысутным у такіх кірунках народнай творчасці, як маляванка, выцінанка, саломапляценне, вышыўка. Ён заклікаў удзяляць больш увагі не замежным відам мастацтва накшталт скрапбукінгу ці арыгамі, а сваім, нацыянальным.
— Традыцыйная народная мастацкая культура — гэта тое, што вылучае нас сярод іншых народаў. Яна не горшая і не лепшая, чым у суседзяў, — яна наша. І далучэнне да яе маладога пакалення — і ёсць патрыятычнае выхаванне. Гэта наша агульная задача, — падкрэсліў прафесар.
Прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі краіны прадставілі шырокую палітру ўласнага вопыту ў вывучэнні і папулярызацыі мясцовых відаў мастацкай творчасці, брэндаў сваёй мясцовасці і іх адлюстраванне ў дзіцячых работах і праектах, расказалі пра творчыя вынікі фальклорных экспедыцый па сваіх раёнах і інш.
Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Драпакова прызналася, што слухаць удзельнікаў форуму было асабліва прыемна:
— У свой час я скончыла факультэт культуралогіі Інстытута культуры. І цяпер, падчас вашых выступленняў пра народныя святы і абрады, успамінаю, як мы, студэнты, іх адзначалі і праводзілі. Слухаючы пра майстэрства саломапляцення і народнага майстра Алу Аўсяннікаву, успамінаю, як у 2000-х гадах яна (тады яшчэ не была народным майстрам) выязджала ва ўстановы адукацыі Мінскага раёна і запрашала дзяцей і педагогаў працягваць традыцыі саломапляцення. Ала Аляксандраўна і мяне навучыла распазнаваць беларускую салому, бачыць у яе перапляценнях беларускі почырк. Гэта карпатлівая праца, але яна вартая таго, каб яе развіваць і далей.
Звяртаючыся да прысутных на форуме прадстаўнікоў сферы культуры, Таццяна Драпакова заклікала іх накіроўваць сваіх калег ва ўстановы адукацыі ў якасці супрацоўнікаў:
— Сёння ёсць такая магчымасць: у агульнадзяржаўны класіфікатар «Спецыяльнасці і кваліфікацыі» мы ўнеслі змяненні, якія дазваляюць нам уладкоўваць на працу ва ўстановы адукацыі спецыялістаў сферы культуры па профілю і кірунку дзейнасці.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара