Любоў да Радзімы выхоўваецца з маленства

Да знаёмства з выхавальніцай беларускамоўнай групы дзіцячага сада № 8 Смаргоні я ведала толькі адну жанчыну з іменем Эдзіта. Не буду арыгінальнай — Эдзіту П’еху. Ну, і яшчэ Эдзіт Піаф. У Смаргоні ж ёсць свая славутасць — Эдзіта БРАНЦЭВІЧ.

Калі б мне давялося адказваць на пытанне, што аб’ядноўвае гэтых жанчын, я сказала б: найперш прыемны голас. Яны велічныя, ведаюць сабе цану і любяць тое, чым займаюцца.

Эдзіта родам з Астравеччыны, з Міхалішак. Скончыла Лідскае педвучылішча, беларускае аддзяленне філфака БДПУ імя Максіма Танка. Адзінаццаць гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў. А пасля зрабіла перапынак у педагагічнай дзейнасці: дачушка пачала хварэць, і на сямейным савеце вырашылі, што маці павінна больш увагі ўдзя­ляць свайму дзіцяці. Але гэты перапынак не быў застоем для Эдзіты-асобы, Эдзіты-педагога. Яна скончыла курсы коўча і праз інтэрнэт пачала кансультаваць людзей.

 “Я стала працаваць з дарослымі і зразумела, што практычна ўсе іх праблемы родам з дзяцінства, — гаворыць суразмоўніца, — і гэты факт у нейкай ступені вызначыў мой далейшы педагагічны шлях. Калі дачка падрасла, я вярнулася да дзяцей, толькі не ў школу, а ў сад. Вырашыла, што буду працаваць з маленькімі выхаванцамі, якія пакуль як чысты ліст паперы. На 3—6-гадовае дзіця можна яшчэ моцна паўплываць, каб яно вырасла шчаслівым дарослым, упэўненым у сабе. І бацькі, калі дзіця малое, таксама гатовы працаваць над сваім светапоглядам у адносінах да яго. Чатыры гады я працавала ў садзе і магу сказаць, што наша ўзаемная праца дала плён”.

Эдзіце прапанавалі беларускамоўную групу — яна з радасцю пагадзілася і тут жа стала думаць, як зацікавіць дзяцей гаварыць на роднай мове, як разнастаіць іх дашкольныя будні. Што найперш зрабіла выхавальніца? Пачала шу­каць асяроддзе, дзе гучыць не калькаваная беларуская мова, а жывая, сакавітая, дзе можна сваю мову ўдасканальваць. І знайшла. А пасля Эдзіта Бранцэвіч стала ствараць аўтарскія праекты. Дзеці пачалі не толькі размаўляць па-беларуску, але і спяваць беларускія песні, танцаваць народныя танцы, гуляць у народныя гульні, забаўляць трапнымі беларускімі прымаўкамі, гукаць вясну, разам з бацькамі ствараць казкі — цікавыя, змястоўныя і, самае галоўнае, з характэрнымі для менавіта нашай, беларускай, культуры героямі і персанажамі.

Выхавальніца вывела дзяцей за межы ўстановы дашкольнай адукацыі, туды, дзе таксама гучыць беларуская мова. Яны наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, касцёл Святога Міхаіла Арханёла, народны гісторыка-этнаграфічны музей у сярэдняй школе № 5 Смаргоні, зімовы сад у Смаргонскім політэхнічным ліцэі. Эдзіта Эдуардаўна наведала не адну цырульню з просьбай правесці там экскурсію па-беларуску. Толькі адна пагадзілася прыняць юных наведвальнікаў у Дзень роднай мовы і правесці для іх майстар-клас па доглядзе валасоў. Такім чынам дзеці і іх бацькі, якія пастаянна ўдзельнічаюць у праектах Эдзіты Бранцэвіч, яшчэ раз пераканаліся, што беларуская мова жыве не толькі ў вершах і песнях як гістарычная з’ява, яна прыгожа і арганічна акружае нас у штодзённым жыцці.

Калі планавалася паездка ў Крэва, Эдзіта Эдуардаўна склала цэлую ілюстраваную кнігу “Нізка гісторый, адаптаваных для дзяцей дашкольнага ўзросту”. Дзеці малявалі, канструявалі, гулялі ў Крэўскі замак, правяралі веды ў бацькоў па гісторыі Крэва.

“Любоў, міласць, пачуццё гонару і павагі да Радзімы не пустыя словы. Гэтыя пачуцці растуць разам з людзьмі з самага дзяцінства, варта іх толькі абудзіць, — упэўнена Эдзіта Бранцэвіч. — Менавіта з маленства дзіця вучыцца цаніць важныя чалавечыя якасці: працавітасць, кемлівасць, сціпласць, дбайнасць, ашчаднасць, гаспадарлівасць. Каб іх выхоўваць, мне вельмі дапамагаюць веды па этнапедагогіцы”.

Праект Эдзіты Бранцэвіч “Дзіцячыя строі ХІХ стагоддзя смаргонскай зямлі” — не імітацыя, не разважанне на тэму, гэта дакладна вывучаны і ўвасоблены ў рэальнасць матэрыял. Шэсць відаў вілейскіх строяў (менавіта такія насілі на Смаргоншчыне), у адпаведнасці з узростам дзіцяці, распрацавала разам з дачкой, будучым дызайнерам адзення, а спецыяліст з сада пашыла.

Сама Эдзіта Эдуардаўна вельмі актыўна прапагандуе наш рэгіянальны строй, які стварыла разам з дачкой. Часта наведвае мерапрыемствы фальклорна-этнаграфічнай тэматыкі, якія ладзяцца на Смаргоншчыне і за яе межамі. Добра танцуе беларускія традыцыйныя танцы.

І яшчэ адзін надзвычай цікавы сюрпрыз для дзяцей выхавальніца падрыхтавала напярэдадні гэтага навучальнага года — стварыла кнігу (яна ўнікальная, самаробная, у адным экзэмпляры) казак па матывах маляванак Ніны Бохан.

Нядаўна шырокаму колу смаргонцаў адкрылася імя самабытнай мастачкі Ніны Бохан, якая на працягу трыццаці гадоў стварала маляванкі і карціны. Імі жыхары Смаргоншчыны аздаблялі сваё жыллё. Эдзіта Эдуардаўна ўпэўнена: “Спадчыну мастачкі, якую ўдалося заха­ваць да нашых дзён, варта не толькі зрабіць вядомай для шырокай аўдыторыі дарослых, але і знаёміць з ёй дзяцей пачынаючы з дзіцячага сада.

З гэтай мэтай я і стварыла кнігу казак, сюжэты якіх будуюцца вакол важных для беларусаў каштоўнасцей: любові да свайго краю, сям’і, гармоніі прыроды і чалавека, працавітасці, ушанавання людскіх талентаў, а таксама на аснове гісторыі і культуры Беларусі.

Усе казкі праілюстраваны фотаздымкамі маляванак Ніны Бохан. Пасля кожнай казкі дзецям прапануюцца гульні і творчыя заданні па развіцці маўлення і выяўленчым мастацтве. Дзеці могуць размаляваць любімых герояў, скласці па сюжэце пазлы, стварыць свой дыван з дапамогай цікавых штампаў, атрымаць наклейку за лепшы адказ па змесце казкі, пагуляць у моўныя і дыдактычныя гульні і многае іншае. Усе заданні распрацаваны згодна з узроставымі асаблівасцямі дзяцей і праграмнымі патрабаваннямі дашкольнай адукацыі”.

Дыдактычныя матэрыялы да заданняў — прыгожыя, яскравыя і зручныя ў выкарыстанні — змешчаны ў электронны дадатак, якім могуць карыстацца выхавальнікі і бацькі па сваёй патрэбе, раздрукаваць іх у залежнасці ад колькасці дзяцей.

Няўрымслівая, улюбёная ў сваю работу і сваіх выхаванцаў Эдзіта Бранцэвіч зрабіла так, што бацькі не толькі не баяцца афармляць дзяцей у беларускамоўную групу, але і аддаю­ць перавагу менавіта гэтай выхавальніцы і роднай мове.

Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва Эдзіты Бранцэвіч.