Любоў з першага прэс-туру

- 16:16Гомельшчына

Першы прэс-тур рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” па ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці, які адбыўся ў красавіку 2016 года, быў насычаным на сустрэчы, незабыўным на падзеі, яркім на эмоцыі. Цеплыня, гасціннасць і душэўнасць, з якой нас прымалі педагогі і навучэнцы, кіраўніцтва сістэмы адукацыі рэгіёна, не маглі не пакінуць у самых патаемных куточках душы любоў да маляўнічай Гомельшчыны. У гэтай любові мы прызнаваліся і падчас самога прэс-туру, і ў матэрыялах па выніках камандзіроўкі. Лістапад 2018 года. Другі прэс-тур рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” па ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці…

Новыя знаёмствы, новыя сустрэчы, новыя яркія эмоцыі і ўсё тая ж цеплыня, гасціннасць, душэўнасць Паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Змяніўся толькі пейзаж за акном камандзіровачнага аўтобуса: замест квецені садоў, якой два гады назад нас сустракала Нараўляншчына і Мазыршчына, цяпер былі заснежаныя палі Рэчыцкага, Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў. А вось наша любоў да Гомельшчыны засталася нязменнай, яна па-ранейшаму прыхавана ў самых патаемных куточках душы. У гэтай любові мы неаднойчы прызнаваліся падчас другога прэс-туру. Прызнаемся яшчэ раз і на старонках тэматычнага дадатку.

Пачаць гэтыя прызнанні хочацца з аповеду пра Чырвоны Бераг, што ў Жлобінскім раёне, дакладней, пра аб’екты, якія ўключаны ў турыстычны маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”. Гэта сядзібна-паркавы комплекс, які з’яўляецца помнікам архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца XIX — пачатку XX стагоддзя, і мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”. Галоўным архітэктурным элементам сядзібна-паркавага комплексу з’яўляецца дом, пабудаваны ў 1890—1893 гадах па праекце Віктара Шротара. Двухпавярховы цагляны будынак узведзены з элементамі готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну. Асабліва ўражвае ўнутранае ўбранства палаца. 36 пакояў! А ў кожным пакоі адметная, аўтэнтычная ляпніна на столі, якая захавалася з канца ХІХ стагоддзя. Захаваліся каміны, часткова — керамічная плітка, а таксама некаторыя металічныя каваныя дэкаратыўныя элементы. Не менш цікавае жыццё былых уладальнікаў сядзібы Козел-Паклеўскіх. Аднак хопіць. Ніхто лепш, чым экскурсаводы музея, пра гэта не паведамяць. Таму прыязджайце ў Чырвоны Бераг, пераканайцеся самі.

Уражлівай будзе экскурсія і па мемарыяльным комплексе “Дзецям — ахвярам вайны”, размешчаным непадалёк сядзібнага дома. Аднак уражанні ад яго наведвання бу-дуць іншыя, чым ад наведвання музея. Чырвонабярэжскі мемарыял — адзіны на тэрыторыі СНД, прысвечаны ўсім дзецям, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Афіцыйнае адкрыццё мемарыяла адбылося ў чэрвені 2007 года. Аўтар праекта — Леанід Левін, які праславіўся работай над мемарыяльным комплексам “Хатынь”. Дарэчы, чырвонабярэжскі мемарыял у народзе называюць “Дзіцячая Хатынь”. Напэўна, няма ў краіне педагога, які б не чуў пра гэты мемарыял. Аповед экскурсавода пра мясцовых дзяцей, у якіх падчас Вялікай Айчыннай вайны бралі кроў для параненых нямецкіх салдат, нельга слухаць без слёз…

Ад цэнтральнага месца комплексу плошчы Сонца адыходзяць 8 незвычайных промняў. 7 промняў маюць жоўты колер. Яны сімвалізуюць сённяшняе шчаслівае дзяцінства, святло і мір. І толькі адзін промень чорны. Ён сімвалізуе памяць, нагадвае пра боль і пакуты дзяцей вайны. Гэты промень вядзе наведвальнікаў ад плошчы Сонца да незвычайнага класа, дзе толькі пустыя бетонныя парты, на якіх ніколі не будуць ляжаць падручнікі і сшыткі, і чорная дошка са словамі з ліста 15-гадовай жыхаркі Лёзна Каці Сусанінай: “Дарагі, добры татка! Пішу я табе гэты ліст з нямецкай катаргі. Калі ты, татка, будзеш чытаць гэты ліст, мяне ў жывых не будзе…” Ліст напісаны 12 сакавіка 1943 года. Мяркуецца, што Каця Сусаніна стала правобразам чорнай скульптуры дзяўчынкі, што сустракае наведвальнікаў мемарыяла. Яна вам не нагадвае знакамітую дзяўчынку на шары? А яшчэ паглядзіце на фотаздымкі незвычайнай выставы дзіцячых малюнкаў, якія знаходзяцца на мемарыяле.

Глядзіце і чытайце наступныя старонкі тэматычнага дадатку. Прызнанні ў любові да гасціннай і маляўнічай Гомельшчыны, якая ўзнікла ў сэрцах журналістаў “Настаўніцкай газеты” яшчэ падчас першага прэс-туру, працягваюцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.