«Любові невычэрпная крыніца…» Як прайшоў першы Калядны баль устаноў адукацыі Ленінскага раёна Мінска

- 14:06Духовность и патриотизм, Репортаж

Баль, дамы, кавалеры, контрданс, паланэз… Мы не ў ХІХ стагоддзі, а на першым Калядным балі ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна Мінска “Любові невычэрпная крыніца…” у Мінскім гарадскім палацы культуры — на свяце, прысвечаным тэме сям’і і захавання сямейных каштоўнасцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучэнцы з 21 установы адукацыі раёна і курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС — усяго 40 пар — выканалі 26 бальных танцаў. 

На ўрачыстасць завіталі паважаныя госці — супрацоўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска на чале з кіраўніком Раманам Мельнікам, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, а таксама дырэктары ўстаноў адукацыі, педагогі, бацькі. Госці з радасцю далучаліся да ўдзельнікаў танцавальных кампазіцый, да вясёлай “Рускай кадрылі”, свабоднага вальса, танцавальнай гульні “Ручаёк”.

Адраджэнне баляў спрыяе выхаванню культуры, жаданню пазнаваць гісторыю сваёй краіны, перадаваць традыцыі з пакалення ў пакаленне. Сёння ў класічным танцы разам з маладым пакаленнем беларусаў закружыліся і тыя, каго больш звыкла бачыць у строгіх касцюмах, — службовыя асобы краіны.

— Баль — гэта прыгажосць, выхаванне, вытанчанасць пачуццяў і адносін. Мэта іх правядзення — стварыць умовы для развіцця творчага патэнцыялу ў вучняў на аснове традыцыйных хрысціянскіх і культурных каштоўнасцей. У Ленінскім раёне існуе свая традыцыя баляў, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска старшыня Ленінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталля Кучынская. — Першы школьны баль “Вера, Надзея, Любоў” адбыўся ў сярэдняй школе № 123 у 2017 годзе пры ўдзеле Яго Высокапраасвяшчэнства, Высокапраасвяшчэннейшага Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Гэтая падзея паклала пачатак штогадоваму правядзенню калядных баляў у сярэдняй школе № 123, якіх за гэты час адбылося ўжо 7! Да арганізацыі свята далучылася і наша раённая арганізацыя БСЖ.

Слова для віншавання і благаславення ўзяў настаяцель храма Cвятога апостала Андрэя Першазванага горада Мінска, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Мікалай Балахоўскі:

— Свята Раства мае не толькі багаслоўскае значэнне, але і чалавечае вымярэнне. У ім прысутнічае цеплыня, радасць, добрыя эмоцыі. Калі ў свет прыходзіць чалавек, нараджаецца дзіця, вакол яго збіраецца ўся яго вялікая сям’я, і ўсе моляцца за нованароджанага, благаслаўляюць, разважаюць пра тое, якім будзе яго далейшы шлях, што добрага ён зробіць на зямлі.

У гэтыя святочныя дні людзі імкнуцца несці дабро адно аднаму, наведваюць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, адзінокіх, слабых. Радасна, што і мы сабраліся з нагоды вялікага свята і ад імя Беларускай Праваслаўнай Царквы я благаслаўляю наша мерапрыемства. Дай бог, каб яно мела працяг, склалася добрая традыцыя баляў.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам і сцэнарыстам балю стала педагог-арганізатар сярэдняй школы № 123 Мінска Юлія Казлоўская. Пад гучныя апладысменты публікі таленавіты педагог за сваю творчую дзейнасць атрымала падзяку камітэта па бальнай культуры Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі з рук старшыні камітэта і намесніка старшыні прэзідыума танцавальнай лігі Антона Гапановіча.

— Падрыхтоўка да мерапрыемства працягвалася тры месяцы, — расказала Юлія Мікалаеўна. — Яшчэ да рэпетыцый юнакі і дзяўчаты вывучалі бальны этыкет і культуру. Дарэчы, у кнігах па этыкеце ХІХ стагоддзя адзначалася, што баль — гэта адна з форм інтэрната, заснаваная на хрысціянскіх законах, якая патрабуе любові, згоды, цярплівасці, лагоднасці і дабрыні. Урачыстасць стала вынікам карпатлівай​ працы​ ўсіх яе ўдзельнікаў над сабой, сваім унутраным светам, духоўным і культурным ростам.

Якой жа была праграма першага балю ў Ленінскім? У адпаведнасці з традыцыяй у самым пачатку быў абвешчаны цырыманіяльны танец паланэз. Першае аддзяленне свята суправаджаў канцэртны аркестр​ “Няміга”​ гарадскога Палаца культуры (галоўны дырыжор — Сяргей Гарбуз). Нельга ўявіць баль без яго вялікасці вальса. У праграму ўвайшлі вялікі фігурны вальс, вальсы “Аглядкі” і “Калядная казка” (хрустальная рапсодыя), “Калядны кругавы вальс”, свабодны вальс. Не абышлося без полькі, танга, марша, танцаў розных народаў і г.д.

Баль слаўны не толькі класічнымі танцамі, але і гульнямі. Адна з іх — вальс-гульня з веерам. На гэтую гульню запрасілі не толькі ўдзельнікаў балю, але і гасцей. Сутнасць яе простая: кавалеры па парах выстройваюцца з аднаго боку залы, а лэдзі па парах — з другога. У вядучай у руках веер, і яна пачынае гульню. Перад ёй два кавалеры. Аднаму яна аддае веер, а з іншым ідзе вальсаваць. Цяпер кавалер, у якога ў руках веер, выбірае адну з дзвюх лэдзі. Адной аддае веер, з другой ідзе вальсаваць і гэтак далей.

Баль — гэта не толькі класічныя танцы, рэверансы і паклоны. Гэта і сучасныя танцы, якія з вялікім задавальненнем выконвала моладзь, і песня, якая ўжо стала традыцыйнай: пранікнёны верш Роберта Раждзественскага і чароўная музыка Арно Бабаджаняна ператварыліся ў музычны шэдэўр “Накцюрн”. Гасцей уразіла і прыгожае выступленне хору “Ладдзя” нядзельнай школы прыхода храма Святога апостала Андрэя Першазванага.​

Кожнаму​ танцавальнаму​ нумару​ папярэднічалі​ тэматычныя​ вершы і аповеды пра свята Нараджэння Хрыстова, сямейныя традыцыі хрысціянскага выхавання і сямейныя каштоўнасці — разуменне, павагу, дабрыню, дапамогу, клопат, сяброўства, гасціннасць. Гаворачы пра сям’ю, варта сказаць аб нараджэнні і выхаванні дзяцей. Шанаванне бацькоў — яшчэ адна важная сямейная каштоўнасць і хрысціянская дабрадзейнасць. Здаўна ў праваслаўных сем’ях была традыцыя даведвацца пра сваіх продкаў, складаць радавод — генеалагічнае дрэва. У кожным чалавеку павінна жыць гістарычная памяць — аснова духоўных і культурных традыцый нацыі, якая фарміруе ўнутраны стрыжань кожнага грамадзяніна-патрыёта.

Пакідаючы ўрачыстасць, кожны панёс з сабой пачуццё прыгажосці, яднання, любові.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА