Любові, прыгажосці і натхнення!

- 11:07Актуально, Апошнія запісы

5 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню. Павіншаваць цудоўных жанчын, прафесійнае жыццё якіх звязана з педагагічнай справай, прыйшлі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка, іншыя прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” з рук міністра адукацыі Ігара Карпенкі атрымала настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 36 Мінска Наталля Макарэвіч.

У прывітальным слове Ігар Карпенка адзначыў, што жанчына — гэта сімвал любові, прыгажосці і стваральнай сілы. “Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць вам, дарагія жанчыны, за тое, што вы заўсёды знаходзіцеся “на перадавой” сістэмы адукацыі, натхняеце і накіроўваеце нас, мужчын. Ваш прафесіяналізм, глыбокае разуменне патрэб сучаснай адукацыі дапамагае маладому пакаленню дасягаць значных вынікаў і ў асабістым жыцці, і ў вучэбнай дзейнасці. Жадаю вам заўсёды ўсміхацца, дарыць цяпло і несці ў свет дабрыню”.

Аляксандр Бойка падкрэсліў, што вялікая роля ў падтрымцы школы і сям’і належыць жанчыне, і пажадаў цудоўнай палове чалавецтва заўсёды быць крыніцай прыгажосці і гармоніі.

Дасягненні прадстаўніц педагагічнай працы ў прафесійнай, грамадскай і творчай дзейнасці былі адзначаны заслужанымі ўзнагародамі. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымалі: дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Таццяна Пятроўна Валевач, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 імя У.Маркелава Гомеля Марыя Пятроўна Кумашова, настаўніца інфарматыкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2 Ірына Аляксееўна Лосева, педагог дадатковай адукацыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Яраслава Міхайлаўна Марозава, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 36 Мінска Наталля Маркаўна Макарэвіч, настаўніца інфарматыкі Глыбоцкай раённай гімназіі Лідзія Анатольеўна Раманчук, майстар вытворчага навучання Слуцкага дзяржаўнага каледжа Ірына Іосіфаўна Рудзеня, старшыня Фрунзенскай раённай арганізацыі прафсаюза (Мінск) Таццяна Лявонцьеўна Берасцевіч.

Таксама былі ўручаны шматлікія граматы і падзякі Міністэрства адукацыі Беларусі, прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Святочным падарункам для прысутных стаў балет Ф.Амірава “Тысяча і адна ноч”, падчас прагляду якога ўсе прысутныя ў зале атрымалі порцыю добрага настрою і натхнення.

Святлана МАЗУРЫНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.