Любяць і шануюць Дастаеўскага

На Іванаўшчыне рыхтуюцца адзначыць восенню 200-­годдзе з дня нараджэння рускага пісьменніка Ф.М.Дастаеўскага.

Увага жыхароў аднаго з рэгіёнаў Палесся да класіка сусветнай літаратуры не выпадковая. У аграгарадку Дастоева — карані роду Дастаеўскіх, прадстаўнікі якога пражывалі тут да сярэдзіны XVII стагоддзя. За доўгі час іх прозвішча істотна змянілася: Ірцішчавы, Рцішчавы­Дастаеўскія, Дастаеўскія. 

На Іванаўшчыне любяць і шануюць пісьменніка. Больш за 40 гадоў краязнаўцы займаюцца пошукава­аднаўленчай дзейнасцю па вывучэнні і папулярызацыі творчай спадчыны Ф.М.Дастаеўскага.

Адна з вуліц райцэнтра названа ў яго гонар. Сярэдняя школа ў аграгарадку Дастоева носіць імя аўтара “Злачынства і пакарання” і “Братоў Карамазавых”. Ва ўстанове адукацыі знаходзіцца адзіны ў краіне народны літаратурна­края­знаўчы музей, прысвечаны жыццю і творчасці Ф.М.Дастаеўскага. На базе музея праводзяцца выставы, канферэнцыі і семінары, у тым ліку міжнародныя (штогадовыя Дастаеўскія літаратурныя чытанні пад эгідай генеральнага консульства Расіі і Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Брэсце). 

Школа ўзаемадзейнічае з Маскоўскім дзяржаўным музеем Ф.М.Дастаеўскага, музеем­кватэрай пісьменніка ў Санкт-­Пецярбургу, музеямі ў Омску, Новакузнецку і інш. Наладжаны сувязі з праўнукам Ф.М.Дастаеўскага — Дзмітрыем Андрэевічам, які пражывае ў Санкт­Пецярбургу, і педагогамі маскоўскай сярэдняй школы № 1148 імя Ф.М.Дас­таеўскага. 

Класіку літаратуры ўсталяваны два помнікі: у парку райцэнт­ра і на тэрыторыі Дастоеўскай сярэдняй школы. У ёй да будучай юбілейнай даты запланаваны шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх настаўніцкія семінары і абласны семінар краязнаўцаў. Сёлета ўжо праведзены раённы конкурс чытальнікаў мабільнага відэа і раённы конкурс­віктарына “Па мясцінах Ф.М.Дастаеўскага”. 

Да святкавання 200­-годдзя з дня нараджэння класіка рыхтуецца і аграгарадок Дастоева. Да юбілею адкрыецца мадэрнізаванае мясцовае кафэ. Працягваецца добраўпарадкаванне парку, дзе адбудзецца свята, прысвечанае Ф.М.Дастаеўскаму. 

У Іванаўскай дзіцячай біб­ліятэцы працуе тэматычная выстава, якая знаёміць юных чытачоў з цікавымі фактамі з жыцця пісьменніка і яго творчай спадчынай. Тут праводзяцца захапляльныя літаратурныя віктарыны. 

Жыхары Іванаўшчыны спа­дзяюцца, што калі-­небудзь чарговы юбілей класіка пройдзе на тэрыторыі былой сядзібы Дастаеўскіх, разбуранай у XVII стагоддзі. Сёння на месцы радавога маёнтка знаходзіцца памятны знак. 

У рамках праекта Саюзнай дзяржавы плануецца стварыць музей-­сядзібу роду Дастаеўскіх. Яго рэалізацыя стане прыкладам захавання агульнай культурнай спадчыны і непарыўных сувязей двух братэрскіх народаў. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.