Любяць і ўмеюць працаваць

- 11:44Адукацыйная прастора

Звыш 30 удзельнікаў сабраў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, які надоечы адбыўся ў Магілёве.

Юнакі і дзяўчаты, якія ўмеюць працаваць рукамі, атрымалі магчымасць прадэманстраваць свае таленты. Удзел у алімпія­дзе прынялі 15 дзяўчат і 16 хлопцаў, якія з’яўляюцца навучэнцамі 11-х класаў.

— Прадугледжаныя заданні ў асноўным засталіся традыцыйнымі. Сёлета тэорыя была па­дзелена на пэўныя раздзелы. Першыя 20 заданняў былі ў форме тэставых пытанняў, якія закраналі розныя тэмы вучэбнай праграмы і не выходзілі за яе межы. Пяць заданняў былі больш складанага разліковага цыкла, дзе для атрымання адказу трэба было ведаць формулы і праводзіць вылічэнні. Яшчэ пяць заданняў былі творчымі. Выконваючы іх, навучэнцы маглі ў поўнай меры праявіць свае здольнасці: прыдумаць вырабы, распрацаваць іх графічную выяву, тэхналогію выканання. Што тычыцца практычнага туру алімпіяды, то па прапанаваных чарцяжы, дэталіроўцы і спецыфікацыі ўдзель­нікам за чатыры гадзіны неабходна было выканаць адпаведны выраб. Калі больш канкрэтна, хлопцы выраблялі макет, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, а дзяўчаты працавалі над стварэннем цукарніцы. Важна, што акрамя выканання задання па чарцяжы, удзельнікі маглі прыўнесці ў свой выраб нейкія творчыя элементы, самастойна эстэтычна яго палепшыць, — расказаў старшыня журы старшы выкладчык кафедры тэхналагічнай адукацыі тэхнолага-біялагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна С.М.Гладкі.

Ацэньванне работ удзельнікаў алімпіяды праводзілася максімальна аб’ектыўна. Журы загадзя распрацавала пэўныя крытэрыі ацэнкі, дэталёва вызначыўшы, за што канкрэтна будуць ставіцца балы, якой будзе іх коль­касць. Напрыклад, было вызначана, якой павінна быць шырыня, даўжыня той ці іншай дэталі, ацэньвалася таксама якас ць зборкі вырабу, творчы падыход, арыгінальнасць, працаёмкасць. Крытэрыі ацэнкі прымяняліся і ў тэарэтычным туры. Балы, якія можна было атрымаць за правільныя адказы ў тэставых і творчых заданнях, адрозніваліся. З вызначанымі крытэрыямі ацэнкі перад выніковым абмеркаваннем выкананых заданняў былі падрабязна азнаёмлены ўсе ўдзельнікі.  

— Такі падыход дапамагае нам справядліва ацаніць работы навучэнцаў. Дарэчы, для выканання алімпіядных заданняў неабходна было не толькі валодаць трывалым запасам ведаў, пэўнымі навыкамі, але і ўменнем праявіць логіку, кемлівасць. Удзельнікі годна паказалі сябе, што сведчыць аб высокім узроўні іх падрыхтоўкі, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.

Хлопцы і дзяўчаты, якіх аб’яднала алімпіяда, сапраўды любяць і ўмеюць працаваць. А яшчэ лічаць, што працоўнае навучанне — вельмі важны прадмет, які заўсёды спатрэбіцца ў штодзённым жыцці.

— Прадметам мяне захапіў наш настаўнік Іван Рыгоравіч Бажко, ён і дапамагае развівацца ў выбранай справе. У алімпіядным руху я ўжо чатыры гады. Сёлета заданне было не вельмі складаным, таму спадзяюся на поспех. А ўвогуле ўпэўнены, што набытыя на ўроках працоўнага навучання і за час удзелу ў алімпіядах навыкі значна дапамогуць мне ў вучобе, ды і ў жыцці яны заўсёды спатрэбяцца, — падзяліўся навучэнец вілейскай гімназіі № 2 Ігнацій Адамовіч.

Прадстаўніцы каманды Віцебскай вобласці Кацярына Гардзеева, Ксенія Янцэвіч і Ірына Пецярэнка таксама не ўпершыню ўдзельнічаюць у рэспубліканскай алімпіядзе. У кожнай з дзяўчат працоўнае навучанне — адзін з любімых вучэбных прадметаў. Да выступлення на заключным этапе алімпіяды яны старанна рыхтаваліся, таму заданні не выклікалі ў іх асаблівых цяжкасцей. Былі пэўныя складанасці ў практычным туры, бо трэба было выконваць выраб у розных тэхніках і з розных матэрыялаў, але яны змаглі мабілізавацца і справіліся.

На тое, што добра справілася з заданнямі, спадзявалася і вучаніца сярэдняй школы № 33 Магілёва Мілена Суворава. Дзяўчына таксама даўно паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядным руху, за што вельмі ўдзячна сваёй настаўніцы Наталлі Мікалаеўне Круталевіч.

— Працоўнае навучанне — вельмі важны прадмет. Многія веды, набытыя на гэтых уроках, я ўжо актыўна прымяняю ў штодзённым жыцці. Акрамя таго, навыкі і ўменні, атрыманыя на школьных занятках, далі мне магчымасць атрымаць першы працоўны вопыт, — паведаміла Мілена.

— У вучняў нашай школы сапраўды ёсць магчымасць для працоўнай занятасці. У асноўным ёй карыстаюцца тыя, хто ўмее працаваць рукамі. У канікулярны і пазаўрочны час такія дзеці працуюць у школьных вытворчых брыгадах, якія дзейнічаюць па дамоўленасці з тэрытарыяльным цэнтрам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Пад кантролем педагогаў вучнёўскія брыгады ствараюць швейныя і мастацкія вырабы, займаюцца рамонтнымі і іншымі работамі. Гэта дазваляе навучэнцам прымяняць на справе навыкі, набытыя на ўроках працоўнага навучання, а яшчэ — зарабляць першыя грошы і набываць першы працоўны стаж, — дадала настаўніца Мілены Н.М.Круталевіч.

Удзельнікі алімпіяды парадавалі журы трывалымі тэарэтычнымі ведамі, разнастайнасцю работ і тэхнік іх выканання, і што самае галоўнае — якасцю і арыгінальнасцю сваіх вырабаў. Вызначэнне пераможцаў далося нялёгка. Па сумарнай колькасці набраных балаў уладальнікам дыплома І ступені сярод дзяўчат стала вучаніца сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна Кацярына Гардзеева. Дыплом І ступені сярод хлопцаў заваяваў навучэнец Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці Эдуард Шарснёў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.