Людзі добрыя, памятайце…

- 12:15Выхаванне

“Людзі добрыя, памятайце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні…” — гэтымі словамі пачынаецца зварот загінуўшых жыхароў Хатыні да кожнага з нас, жывых. І мы абавязаны памятаць, як былі абавязаны нашы дзяды і бацькі, як абавязаны нашы дзеці. Гэты абавязак накладзены на кожнага з нас мільёнамі людзей, што сталі бязвіннымі ахвярамі вайны, што прайшлі праз пакуты і аддалі сваё жыццё дзеля нас. Каб памяць аб іх ніколі не згасала, гарыць вечны агонь і чуваць званы Хатыні, якая стала сімвалам усіх знішчаных беларускіх вёсак.

22 сакавіка 1943 года не стала Хатыні. Вёска была спалена разам з яе жыхарамі. Страшна, пакутліва, несправядліва гінулі мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. 149 чалавек. Да 75-годдзя гэтай трагічнай даты ў Беларусі праходзіць шэраг мерапрыемстваў, якія закліканы чарговы раз падкрэсліць важнасць захавання памяці пра гісторыю, пра шматлікіх герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Так, у мемарыяльным комплексе “Хатынь” адбыўся мітынг-рэквіем “Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы”.

Перад мітынгам адбылася цырымонія гашэння мастацкага маркіраванага канверта, прысвечанага 75-годдзю хатынскай трагедыі. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі нашай краіны і Белпошта нярэдка звяртаюцца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 30 выпускаў паштовых мініяцюр складаюць своеасаблівы летапіс ВАВ. Паштовыя праекты — гэта магчымасць нагадаць сусветнай супольнасці аб падзеях ваенных гадоў.

У мітынгу-рэквіеме ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, дыпламаты, навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі, грамадзяне краіны.

Каля мемарыяла была прадстаўлена музычная тэатралізаваная кампазіцыя. Постаці колішніх жыхароў Хатыні быццам паўставалі перад прысутнымі, пранізваючы сэрца кожнага аповедам пра свой лёс. Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да Вечнага агню. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава зачытала зварот А.Р.Лукашэнкі да суайчыннікаў з нагоды 75-годдзя хатынскай трагедыі. У ім прэзідэнт краіны падкрэсліў: “Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну — памяць аб страшных трагедыях людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жудасных злачынстваў фашызму… Мы ніколі не змірымся з жахам бацькоў, на вачах якіх паміралі дзеці. Нам ніколі не забыць страх і бездапаможнасць дзіцяці, якое шукае абароны ў дарослага і не разумее, за што забіраюць у яго жыццё. Нам не дараваць гора бацькі, які выжыў, але страціў свайго сына, і слёз хлопчыка, які знайшоў паратунак пад целам забітай маці”.

“Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: “Няхай самотны бой званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забылі пра тое, што жыццё — гэта дар божы, мір — самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта памятаць заўсёды!” — заявіў прэзідэнт.

Наталля Іванаўна Качанава падкрэсліла, што мірнае жыццё на нашай зямлі — галоўны здабытак, які неабходна захоўваць і берагчы.

— Мы павінны шанаваць тое, што маем: мір, спакой, магчымасць працаваць, вучыцца, рэалізоўваць свае планы і задумкі. Хатынская трагедыя назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, у нашай памяці. Мы павінны і абавязаны перадаць гэта наступным пакаленням, каб ніколі тое, што адбылося шмат гадоў назад на нашай зямлі, не здарылася зноў. Гэтага дапусціць мы не маем права, — выказала меркаванне Н.І.Качанава. — Мы павінны быць удзячны той палітыцы, якая праводзіцца ў беларускай дзяржаве. Палітыцы міралюбнасці, сяброўства з нашымі суседзямі, з краінамі ва ўсім свеце, якія праводзяць такую ж палітыку.

Мір — найбольшая каштоўнасць. У дзень 75-годдзя хатынскай трагедыі гэтая простая ісціна аб’яднала людзей з рознымі поглядамі, розных нацыянальнасцей і веравызнання. Усебеларуская малітва аб міры стала працягам мерапрыемства, удзел у ёй узялі кіраўнікі традыцыйных канфесій Беларусі: Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.

Асабліва важна, каб урокі гісторыі добра вывучыла моладзь. І мемарыяльны комплекс “Хатынь” — гэта “наглядны дапаможнік” для іх засваення. Гэта не толькі сімвал мужнасці і няскоранасці беларускага народа, але і сродак грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення, прадстаўнікоў якога на мітынгу-рэквіеме было нямала. Кожны з іх адчуў той боль, аб якім нема крычыць Хатынь. І таму, хто аднойчы тут пабываў, не трэба тлумачыць, як важна перадаць гэтую інфармацыю нашчадкам.

— У мяне ўнутры ўсё замірае — настолькі моцныя эмоцыі выклікае гэтае месца. Гэтая ідэя, што неабходна памятаць пра мінулае і не паўтараць памылак, здаецца, сама пранікае ў галаву, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка БДПУ Дар’я Гардзіенка. — Для мяне як для будучага настаўніка гісторыі гэта вельмі важна. Я пастараюся расказаць сваім дзецям і навучэнцам пра вайну так, каб і ў іх узніклі такія ж эмоцыі. І абавязкова прывязу іх сюды.

Мы не маем права здрадзіць гэтым людзям. Наша місія — захаваць памяць аб іх. Зварот загінуўшых жыхароў Хатыні завяршаецца так: “Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак ператворацца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!” Гэта запавет для кожнага.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.