Людзі ўжо не прымаюць аднабаковай сувязі “выканкам — насельніцтва”

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Ідэалагічнай вертыкалі трэба выбудаваць добрую сістэму прамой работы з людзьмі. Аб гэтым заявіў на сустрэчы з ідэалагічным актывам Магілёўскай вобласці намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк.

На думку Уладзіміра Жаўняка, пры выбудоўванні ідэалагічнай работы ў сучасных хутка зменлівых умовах, трэба зыходзіць з таго, што няма раз і назаўсёды ўсталяваных шаблонаў. Формы і метады ідэалагічнай работы павінны вызначацца на месцах, улічваць умовы канкрэтнага раёна, арганізацыі, інтарэсаў сацыяльнай групы і канкрэтнага чалавека. “Калі гэтага не зразумець — вынікаў у рабоце не будзе”, — лічыць намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — Пры гэтым задачы ідэалагічнай работы застаюцца ранейшымі: прыцягненне насельніцтва да актыўнай эканамічнай, сацыяльнай і грамадскай дзейнасці, пастаянныя сустрэчы з людзьмі, задавальненне іх патрэбнасцей, умацаванне даверу грамадзян да ўлады”.

Агульнымі павінны застацца і базавыя прынцыпы работы: уважлівае стаўленне да людзей, улік розных меркаванняў і інтарэсаў, арыентаванасць на вынік, адкрытасць і адказнасць перад грамадзянамі. “У сферы ідэалогіі нам трэба выбудаваць добрую сістэму работы непасрэдна з людзьмі, асучасніць яе. І гэтай работай трэба займацца ўсім, уключаючы кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый”, — звярнуў увагу Уладзімір Жаўняк.

На яго думку, неабходна і якаснае змяненне ідэалагічнай работы — пераходзіць ад уздзеяння на аўдыторыю да ўзаемадзеяння з ёй. Ва ўмовах, калі інфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, ідэалагічныя работнікі павінны авалодаць новымі сродкамі камунікацыі, умець іх прымяняць, працаваць з рознымі катэгорыямі грамадзян, весці дыялог, аргументавана спрачацца, купіраваць канфлікты і праводзіць інфармацыйныя кампаніі.

“Сёння нельга проста давесці да людзей агульную інфармацыю праз мясцовую газету або тэлеканал, агучыць на сустрэчы з працоўным калектывам і на гэтым супакоіцца, — заўважыў Уладзімір Жаўняк. — Людзі ўжо не прымаюць аднабаковай сувязі “выканкам — насельніцтва”. Яны хочуць атрымліваць канкрэтныя адказы на свае пытанні, ведаць, што іх праблему заўважылі, удзельнічаць у абмеркаванні планаў развіцця раёна, горада. Мясцовыя СМІ павінны ператварыцца з простага транслятара афіцыйнай інфармацыі ў паўнацэнныя пляцоўкі абмену думкамі, месца сустрэчы і дыялогу неабыякавых, ініцыятыўных людзей і мясцовых улад”.

“Галоўная задача — фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, адкрыты і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй. Толькі ў такім выпадку мы атрымаем вынік”, — падкрэсліў Уладзімір Жаўняк.