“Люм’ер” высвечвае таленты

Франкамоўны аматарскі тэатр “Люм’ер” быў створаны ў сярэдняй школе № 8 Гродна ў студзені 1993 года намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнікам французскай мовы Раісай Канстанцінаўнай Чэкан. Вядучы кірунак дзейнасці тэатра — спектаклі на французскай мове.

“Люм’ер” — гэта тэатр, які аб’ядноўвае разнастайныя жанры: паэзію і пантаміму, танец і вакал. Асновай навучання з’яўляюцца развіццё камунікатыўных навыкаў, творчае і эстэтычнае выхаванне вучняў праз французскую мову. На спектаклях гледачы знаёмяцца з творчасцю французскіх аўтараў.

Кіраўнікі вельмі ўважліва ставяцца да падбору рэпертуару, што спрыяе развіццю цікавасці дзяцей да далейшых заняткаў. Удзельнікі калектыву прымаюць актыўны удзел у выбары пастановак. “Гаўрош”, “Жыццё ў чорным і ружовым колеры” (аб жыцці французскай эстраднай спявачкі Эдзіт Піяф), “Жанна д’Арк: з дзяцінства да вогнішча інквізіцыі” знаёмяць з гістарычнымі падзеямі і вядомымі асобамі Францыі.

Важныя задачы калектыву — узнімац­ь у сваіх спектаклях сацыяльна значымыя праблемы і прымаць удзел у дабрачыннай дзейнасці. Са спектаклем “Чырвоная Шапачка” тэатр удзельнічаў у дабрачыннай акцыі нашай школы “Дзеці — дзецям”, прысвечанай навучэнцам з парушэннем слыху. Прэм’ера спектакля “Сабакі…?”, прысвечанага праблеме бяздомных жывёл, адбылася ў пачатку тыдня дабрыні, які праводзіўся ў сярэдняй школе № 8 сумесна з Гродзенскім грамадскім аб’яднаннем абароны жывёл “Адданае сэрца”, а са спектаклем “Глыток жыцця” сумесна з сацыяльна-дабрачыннай установай “Цэнтр Пара” тэатр удзельнічаў у дабрачыннай акцыі па аказанні дапамогі дзецям, якiя сутыкнулiся з анкалагічнымі захворваннямі. Сёлетні спектакль “Раненыя сэрцы” быў прысвечаны праблеме дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Удзельнікі калектыву пастаянна пашыраюць сваю адукацыйную прастору шляхам цеснага супрацоўніцтва з франкамоўнымі аматарскімі тэатрамі Гродзенскай вобласці. Па ініцыятыве тэатра “Люм’ер” з 2015 года на базе сярэдняй школы № 8 Гродна штогод праводзіцца абласны фестываль франкамоўных аматарскіх тэатраў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “ВосьМая школа запрашае сяброў”. На адкрыцці 5-га фестывалю прысутнічалі высокія госці з Францыі — члены групы дружбы “Францыя-Беларусь” сената Французскай Рэспублікі на чале з кіраўніком дэлегацыі, намеснікам старшыні Камісіі сената Французскай Рэспублікі па фінансах, старшынёй групы дружбы “Францыя — Беларусь” Шарлем Гэне і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дідзье Канесам, якія мелі магчымасць ацаніць веды і творчасць беларускіх школьнікаў.

За час свайго існавання “Люм’ер” стаў вядомым і за межамі Гродзенскай вобласці. Штогод, з’яўляючыся ўдзельнікам фестывалю франкафонных аматарскіх тэатраў у Мінску, калектыў неаднаразова адзначаўся дыпломамі за лепшы спектакль, лепшы музычны і танцавальны спектакль, лепшую жаночую ролю і ў многіх іншых намінацыях, а таксама спецыяльным прызам журы. Лепшыя акцёры тэатра неаднаразова прахо­дзілі летнюю моўную стажыроўку ў Францыі.

Франкамоўны аматарскі тэатр “Люм’ер” — гэта калектыў адна­дум­цаў, дзейнасць якога дзеці і педагогі будуюц­ь разам. Гэта галоўная ўмова, якая вядзе калектыў да росту і поспеху, забяспечвае зацікаўленасць усіх яго удзельнікаў, з’яўляецца дадатковым стымулам да вывучэння французскай мовы. У дзяцей адзначаюцца павышаная цікавасць да французскай мовы, высокая якасць ведаў, цікавасць да тэатральнага мастацтва ў цэлым.

У мінулым навучальным годзе рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама тэатр “Люм’eр” пацвердзіў сваё званне “ўзорны аматарскі калектыў”.

Святлана АНТРОПАВА,
кіраўнік тэатра, настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 8 Гродна.