Люстэрка лічбавай трансфармацыі

З 1 па 4 чэрвеня на пляцоўцы канькабежнага стадыёна “Мінск-Арэны” праходзіў Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях “ТІБО-2021”. Побач з лідарамі ІКТ-індустрыі ўдзел у гэтым маштабным мерапрыемстве прынялі ўстановы адукацыі і навукі.

Telecom, Information, Bank, Office — менавіта з гэтых англійскіх слоў некалі ўтварылася абрэвіятура ТІБО. Аднак больш чым за чвэрц­ь стагоддзя форум набыў шмат іншых сэнсаў — гэта і дзяржаўнае кіраванне (e-Governance), прамысловая вытворчасць (Industry 4.0), сістэмы беспапяровага гандлю (e-Trade), жыллёва-камунальная гаспадарка (Smart City), транспарт і лагістыка (Intelligent Transport System), энергетыка і нафтахімія (Smart Grid), сельская гаспадарка (е-Agriculture), навука і адукацыя (Science 2.0, Smart Learning) і інш. ТІБО ператварылася ва ўнікальную пляцоўку для абмену перадавым міжнародным вопытам, генерацыі інавацыйных ведаў з мэтай укаранення найноўшых тэхналагічных трэндаў ва ўсе сферы эканомікі, бізнесу і жыцця грамадства.

Сёлета ў форуме прынялі ў­дзел больш за 140 арганізацый з 11 краін (Азербайджан, Германія, Казахстан, Кітай, Латвія, ААЭ, Расія, Узбекістан, Францыя, Японія і, вядома, Беларусь). Дзелавая праграма “ТІБО-2021” уключала 30 тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку III Еўразійскі лічбавы форум, IV Беларускі ІКТ-саміт, форумы “Лічбавая эканоміка” і “Лічбавая будучыня”. На спецыялізаванай выставе былі прадстаўлены найноўшыя тэхналогіі, абсталяванне, рашэнні і паслугі; мультымедыйныя і гульнявыя тэхналогіі; робататэхніка; сучасныя тэхналагічныя трэнды: інтэрнэт-рэчаў, вялікія даныя, воблачныя тэхналогіі, машыннае навучанне, штучны інтэлект, дапоўненая і віртуальная рэальнасць, блокчэйн, тэхналогіі 3D-друку і многае іншае.

Значнае месца ў экспазіцыі займаў стэнд Міністэрства адукацыі і спецыяльны раздзел — “Адукацыйная алея”, дзе свае інавацыі дэманстравалі ўніверсітэты. У складзе экспазіцыі “Дзяржаўныя лічбавыя рашэнні” асобна быў прадстаўлены стэнд Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Тут прэзентавалася новая праграма дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, накіраваная на развіццё ў іх здольнасцей да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.

На “Адукацыйнай алеі” наведвальнікі выставы маглі азнаёміцца з найноўшымі ўніверсітэцкімі распрацоўкамі. Белдзяржуніверсітэт прывёз на “ТІБО-2021” каля двух дзясяткаў інавацый. Сярод іх нанаспадарожнік БДУ, які плануецца да запуску ўжо наступнай восенню; студэнцкі білет з візуальнай ідэнтыфікацыяй уладальніка; праграмна-апаратныя платформы, якія дазваля­юць дыстанцыйна зняць паказанні з розных відаў лічыльнікаў, расхадамераў і рэгістратараў. Выклікалі цікавасць распрацоўкі БДУ, накіраваныя на вырашэнне гаспадарчых задач з выкарыстаннем сучасных геаінфармацыйных сістэм, і інш.

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прадставіў на выставе комплексную шкалу для аналізу друкаваных уласцівасцей паперы; праграмнае забеспячэнне для абароны інтэлектуальнай уласнасці на электронныя дакументы; абарону друкаванай і электроннай прадукцыі на аснове каляровых вектарных узораў і інш.

— Мы пастараліся паказаць розныя напрамкі інавацыйнага развіцця ўніверсітэта, — гаворыц­ь дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДТУ Сяргей Пішчоў. — Сёння ў нас дзейнічае самы малады ў краіне факультэт інфармацыйных тэхналогій, які вядзе падрыхтоўку па чатырох ІТ-спецыяльнасцях. Пры гэтым сучасныя тэхналогіі актыўна ўкараняюцца ва ўсе нашы традыцыйныя спецыяльнасці. Напрыклад, на лесагаспадарчым факультэце шырока прымяняюцца беспілотнікі, ідзе лічбавізацыя розных вытворчых працэсаў. Лічбавыя тэхналогіі ўкараняюцца ў хімічным комплексе. Таксама на выставе мы прадставілі тэхналогію дапоўненай рэальнасці, якая выкарыстоўваецца ў дызайне і праектаванні мэблі і інтэр’ераў.

Трэба адзначыць, што ў выставе “ТІБО-2021” актыўны ўдзел прынялі рэгіянальныя ўніверсітэты. Свае інавацыйныя распрацоўкі прадставілі і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Адным з ключавых мера­прыемстваў “ТІБО-2021” стаў форум “Лічбавая эканоміка”, удзельнікі якога абмяркоўвалі праблемы і фактары поспеху лічбавай трансфармацыі. У рамках гэтага форуму адбылося тэматычнае пасяджэнне “Лічбавізацыя ў адукацыі, навуцы, інавацыях”.

— Лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер дзейнасці прад’яўляе новыя патрабаванні да адукацыі людзей, якія будуц­ь удзельнічаць у мадэрнізацыі вытворчасці і ў грамадстве, — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Мяняецца заказ на адукацыю з боку грамадства, сям’і, самога навучэнца. Адукацыя становіцца бесперапыннай, мабільнай, адкрытай. Пры гэтым паняцце лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі не эквівалентна ўкараненню інфармацыйных тэхналогій. У аснове лічбавай трансфармацыі ляжыц­ь змена мэт, зместу, форм і тэхналогій адукацыі, удасканаленне дзейнасці педагогаў, навучэнцаў, кіраўнікоў і ацэнкі гэтай дзейнасці на базе лічбавых тэхналогій.

Намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава падкрэсліла важнасць секцыі “Лічбавізацыя ў адукацыі, навуцы, інавацыях” у рабоце “ТІБО-2021”.

— Нягледзячы на тое, што форум носіць найперш тэхналагічны характар, гэтая секцыя самая важная для нас. Беларусь нарасціла дастатковыя тэхналагічныя мышцы, і ёсць шмат цікавых рашэнняў і ў навуцы, і ў адукацыі, і ў ІТ-сферы. Цяпер асноўная задача, і гэта ідэалогія нашага форуму, — “накрыць” імі ўсю краіну, даць ім масавы штуршок. Не проста вырашаць асобныя прыватныя задачы, а пераўтварыць гэта ў агульны маштабны працэс. Зараз мы заняліся распрацоўкай дыстанцыйнай платформы па навучанні ІТ-кампетэнцыям кіраўнічага апарату. Ключавым праектам гэтай праграмы мы бачым разумныя гарады і рэгіёны. Ім вельмі патрэбны імпульс, але катастрафічна не хапае людзей. Ёсць зацікаўленасць, ёсць перспектыва, ёсць магчымасць, не выязджаючы ў буйныя цэнтры, атрымаць новую высокамаржынальную работу, але хтосьці павінен ім дапамагчы, навучыць. Гэта наша агульная задача, і мы будзем вельмі ў­дзячныя, калі ў рамках пасяджэння вы прапануеце канкрэтныя рашэнні, — звярнулася да прадстаўнікоў адукацыі і навукі Ганна Рабава.

Удзельнікі пасяджэння (замежнікі далучыліся да размовы ў рэжыме анлайн) гаварылі аб праблемах і перспектывах лічбавай трансфармацыі адукацыйнага, навуковага і інавацыйнага асяроддзя, а таксама аб развіцці адпаведнага кадравага патэнцыялу.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.