Мабільнае навучанне дапаможа…

З мэтай павышэння ўзроўню інфармацыйнай кампетэнтнасці сталічных педагогаў Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі ў дыстанцыйнай форме было арганізавана пасяджэнне гарадскога метадычнага аб’яднання па інфарматызацыі па тэме “Новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў практыцы работы ўстаноў адукацыі: тэндэнцыі, напрамкі, перспектывы”. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся вопытам работы ў сферы выкарыстання ІКТ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

…пераадолець руціну ўрокаў

— Даводзіцца назіраць, што многія навучэнцы, упершыню прыйшоўшы на ўрок інфарматыкі, лічаць, што ўжо ўсё ведаюць пра камп’ютар, і бываюць вельмі здзіўлены, даведаўшыся, што гэта тэарэтычна складаны прадмет. Не апраўдаўшы чаканняў, яны губляюць цікавасць да прадмета. Альбо навучэнцы ўжо маюць дастаткова самастойны вопыт выкарыстання камп’ютара і мабільных прылад, але пры гэтым бачны істотны недахоп выкарыстання іх у адукацыйных мэтах. Яны не ўмеюць працаваць з адборам вучэбнага кантэнту, — адзначае настаўніца інфарматыкі гімназіі № 37 Мінска Алена Жарская. — Таму сёння неабходна шукаць такія метады работы, якія будуць стымуляваць і падтрымліваць у навучэнцаў пазнавальную цікавасць, імкненне да самастойнай работы з вучэбным матэрыялам.

Настаўніца выкарыстоўвае сістэму электроннага навучання G Suite for Education (пакет воблачных сэрвісаў Google). Сярод яе пераваг — усе магчымасці воблачных тэхналогій, але пад кіраўніцтвам адміністратара дамена; інтуітыўна лёгкая настройка і кіраванне (кіраваць вучэбнымі курсамі і нават стаць адміністратарам дамена можа любы настаўнік), агульная адрасная кніга дае магчымасць адпраўляць лісты па імені адрасата, калі адпраўшчык піша на рускай мове прозві­шча і націскае “адправіць” (гэта дазваляе настаўніку і навучэнцам адпраўляць лісты, каментарыі ў рэжыме рэальнага часу без неабходнасці запамінаць іх электронныя адрасы); наяўнасц­ь інтэграцыі з пабочнымі сэрвісамі інтэрнэту, у сувязі з чым няма неабходнасці дадатковай рэгістрацыі ў розных інфармацыйных сістэмах, вэб-парталах, сэрвісах і інш.

Пры арганізацыі навучання з дапамогай Classroom педагог бярэ пад увагу шэраг аспектаў. Па-першае, перад друкаваннем вучэбнага кантэнту эфектыўней выкарыстоўваць наступны алгарытм: настаўнік дакладна плануе, вызначае, што будзе выкарыстоўвацца: уваходнае апытанне, тэарэтычны матэрыял, вучэбнае відэа, прамежкавы кантроль, распрацоўвае сістэмы праверкі работы вучняў з матэ­рыялам (формы зваротнай сувязі), рабочыя лісты, матэрыя­л для замацавання; стварае курс, структуруе і размяшчае яго на платформе для ўсёй паралелі; дубліруе створаны курс для асобных груп ці класаў. Па-другое, выкарыстанне такой методыкі патрабуе пастаяннага кантролю з боку настаўніка. Педагогу даводзіцца заўсёды заставацца на сувязі, на дапамогу прыходзіць мабільны інтэрнэт і бясплатны дадатак для мабільнага тэлефона. Па-трэцяе, на кожным уроку неабходна ўдзяляць час і акцэнтаваць увагу навучэнцаў на неабходнасці выканання заданняў для замацавання, размешчаных у Classroom.

Калі навучэнец захварэў ці доўгі час знаходзіцца на аздараўленні, ён таксама можа падключыцца ў любы час і ў любым месцы, вывучыць матэрыял і выканаць заданне. Навучэнцы атрымліваюць практыкаванне праз сэрвіс, выконваюць яго анлайн у Google-дакументах і прымацоўваюць сваю работу да задання. Усе дакументы захоўваюцца ў структураваным выглядзе ў каталогах на Google-дыску. На этапе замацавання вывучанага педагог вяртае работу з каментарыямі, каб навучэнец перагледзеў, выправіў памылкі і палепшыў свае вынікі.

Для фармірання вучэбнага кантэнту, інтэрактыўнасці і правядзення апытанняў сярод разнастайнасці сэрвісаў Алена Жарская адабрала рэсурсы, якія маюць інтэграцыю з Classroom. Для ацэнкі разумення тэмы выкарыстоўваецца сэрвіс Edpuzle, які дазваляе любое відэа зрабіць інтэр­актыўным. Унутры рада ўстройваюцца пытанні ці каментарыі, і толькі пасля адказу на пытанне навучэнец зможа працягнуц­ь прагляд. Такі рэжым вывучэння тэорыі забяспеч­вае зваротную сувязь і стварае ў навучэнцаў фарміруючае ацэньванне. Для тлумачэння новага матэрыялу ў класе звычайную прэзентацыю пераўтварыць у інтэрактыўную дазваляе дадатак да Google-прэзентацый PearDeck. Ён дадае ўнутры прэзентацыі слайды, на якіх можна ўставіць пытанні для абмеркавання, тэсты, выбар пазіцыі для рэфлексіі і крытычнага аналізу. З дапамогай сэрвісу Wizer.me педагог стварае для навучэнцаў інтэрактыўныя рабочыя лісты  з шырокім спектрам тыпаў заданняў: адкрытыя пытанні, выбар адказу, супастаўленне, устанаўленне адпаведнасці, упарадкаванне, запаўненне пропускаў у тэксце і інш. Сэрвіс хутка прадастаўляе зваротную сувязь — няправільныя адказы каменціруе, каб навучэнец змог прааналізаваць памылкі.

…вучыцца лепш

Магчымасці мабільнага навучання прадставіла настаўніца інфарматыкі гімназіі № 10 Ганна Міхейчык. “Якія перавагі мабільнага навучання? Па-першае, фарміраванне лічбавага мыслення (мабільнае навучанне ляжыць у аснове дальнабачнага лічбавага падыходу да жыцця і гэта гарантуе, што навучэнцы будуць гатовы да рэальнага свету і будуць здольны справіцца з ім лепш за тых, хто баіцца тэхналогій); па-другое, гібкасць для навучэнцаў пры выбары прылады, на якой яны хочуць вучыцца, калі яны жадаюць гэтага і, што найбольш важна, у тэмпе, які для іх камфортны; па-трэцяе, зручнасць для настаўніка. Акрамя таго, цікавыя фарматы для вывучэння, якія забяспечаць лепшае ўспрыманне і запамінанне вучэбнага матэрыялу (відэа, інтэрактыўныя відэа, гульні і г.д.), а таксама мікранавучанне, якое дазваляе навучэнцам пагружацца ў вучэбны матэрыял, не турбуючыся аб выдатках часу”, — адзначае педагог.

Сярод карысных мабільных дадаткаў — сэрвіс Plickers, які дазваляе рэалізаваць хуткую зваротную сувязь з класам (аўдыторыяй бацькоў, слухачоў), мабільныя галасаванні і франтальныя апытанні падчас вучэбных заняткаў па пройдзеным або бягучым матэрыяле, імгненны ўлік наведвальнасці заняткаў. Прычым работа з мабільным дадаткам аднімае не больш за некалькі хвілін. Атрыманне вынікаў апытання адбываецца без працяглай праверкі. Наяўнасць смартфонаў або камп’ютараў навучэнцам не патрабуецца. Мабільны дадатак Plickers пад кіраваннем iOS або Android, усталяваны на планшэт ці мабільны тэлефон педагога, счытвае QR-коды з папяровых картак навучэнцаў. Камп’ютар або ноўтбук з адкрытым сайтам Plickers у рэжыме Live View і праектар дазволяць навучэнцам бачыць пытанне педагога. У канцы апытання яго вынік можна вывесці на экран, бо дадатак адлюстроўвае статыстыку адказаў і выбудоўвае дыяграму на аснове яе аналізу.

Яшчэ адзін дадатак — сэрвіс Evernote — арганізацыйны дадатак для настаўнікаў. Яго выкарыстанне вар’іруецца ад планавання курса да складання плана ўрока. Ён дазваляе рабіць нататкі, здымаць фота, ствараць спісы спраў, запісваць галасавыя нагадванні і робіць усе матэрыялы цалкам даступнымі для пошуку незалежна ад месцазнаходжання. Сэрвіс Showbie — выдатны дадатак, які дапаможа педагогу лёгка і хутка даць заданні, раздатачныя матэрыялы, спасылкі сваім вучням. Вучні ў сваю чаргу могуць прадставіць работу на праверку настаўніку праз гэты дадатак. У Showbie ёсць магчымасць пакідаць галасавыя нататкі з заданнямі. Сэрвіс Mentimer дазваляе задаваць пытанні класу і атрымліваць імгненную зваротную сувязь праз любыя мабільныя прылады, якія маюць доступ у інтэрнэт. Настаўнік можа ўстанавіць час выканання тэста ці адказу на пытанне. Вучні ўстаўляюць у пошукавы радок браўзера спасылку govote.at і код віктарыны (апытання) або могуць сканіраваць QR-код, які педагог паказвае на экране. Дысплэй на мабільнай прыладзе ўяўляе сабой шэраг каляровых варыянтаў адказаў на пастаўленае пытанне. Прычым, акрамя альтэрнатыўнага тэста, настаўнік можа прапанаваць варыянт з некалькімі правільнымі адказамі. Такі інструмент набліжае сэрвіс да канструктараў Kahoot, Triventy і інш. У адрозненне ад названых сэрвісаў апытанне праводзіцца ананімна. Замест імя на экране з’яўляюцца аватары. Імёны бачныя толькі настаўніку пры захаванні вынікаў тэста.

На думку Ганны Міхейчык, мабільнае навучанне — гэта выдатны спосаб дапамагчы людзям вучыцца лепш.

…дапоўніць вучэбны працэс

Настаўнік інфарматыкі гімназіі № 50 Сяргей Кошман прадставіў удзельнікам пасяджэння мабільны дадатак Aurasma, які  выкарыстоўвае тэхналогію дапоўненай рэальнасці, каб ажыўляць старонкі часопісаў, фотаздымкі, афішы і іншыя аб’екты масавага карыстання, зачароўваючы карыстальніка і з поспехам дасягаючы сваёй рэкламнай мэты. Прынцып работы Aurasma падобны з тэхналогіяй распазнання QR-кодаў. Дадатак выкарыстоўвае камеру тэлефона, GPS, Bluetooth, Wi-Fi, акселерометр для ідэнтыфікацыі розных аб’ектаў з навакольнага асяроддзя. У далейшым гэтыя аб’екты транслююцца на экране прылады з накладзеным наверх відэа, малюнкамі, фотаздымкамі або іншымі файламі, званымі аўрамі. Стваральнік меткі, па якой Aurasma бу­дзе распазнаваць аб’ект, сам настройвае вынік адлюстравання і час трансляцыі.  

Галоўныя перавагі тэхналогіі Aurasma — яе даступнасць і шырокая ўжывальнасць. Адукацыйныя відэа, выявы і спасылкі можна прывязваць да прадметаў у класе, да парт­рэтаў матэматыкаў, малюнкаў на старонках падручніка і да любых рэчаў, якія часта знаходзяцца ў дзяцей пад рукой, напрыклад, да сшыткавага ліста ў клетку або вокладкі дзённіка. Каб прагледзець элементы дапоўненай рэальнасці, дзіцяці дастаткова быць падпісаным на канал настаўніка ў дадатку і навесці камеру смартфона на прадмет, да якога прывязана адукацыйнае відэа, загружанае настаўнікам. Дадатак Aurasma з-за асаблівасцей выкарыстання і неабходнасці пэўнага матэрыяль­нага забеспячэння не можа служыць паўнавартасным самастойным сродкам навучання, але дазваляе выдатна дапаўняць адукацыйны працэс там, дзе ёсць магчымасці для яго прымянення.

…наладзіць прадукцыйнае ўзаемадзеянне

Настаўнікі англійскай мовы гімназіі № 21 Ірына Зонава і Інта Шкурай расказалі, як ва ўстанове выкарыстоўваецца патэнцыял Prestigio Complex, які складаецца з інтэрактыўнай дошкі MultiTouch Board, 15 планшэтаў, праграмнага забеспячэння Prestigio EasiNote і Classroom Management Prestigio. Так, праграмнае забеспячэнне Classroom Management Prestigio дазваляе настаўніку цалкам кантраляваць змесціва планшэтаў навучэнцаў, што зводзіць да мінімуму адцягваючыя фактары і павышае іх уцягнутасць у працэс навучання. Гэта асяроддзе для эфектыўнага навучання як франтальнага, так і ў рэжыме “настаўнік-вучань” і “вучань-вучань” з выкарыстаннем планшэтаў. Настаўнік можа выкарыстоўваць дошку, каб падзяліцца графічнымі элементамі, малюнкамі, скрыншотамі і дакументамі са сваімі вучнямі.

Праграмнае забеспячэнне Classroom Management Prestigio складаецца з двух камплектаў: Prestigio Teacher і Prestigio Student. Праграмны камплект настаўніка мае некалькі функцый. Так, функцыю кіравання класам ён можа выкарыстоўваць, каб кіраваць мадэллю класа і дазволіць вучням рэгістравацца. Трансляцыя (перадача) экрана ў­яўляе сабой адну з найбольш важных функцый праграмнага забеспячэння. Настаўнік можа трансліраваць свой экран для аднаго або больш вучняў у поўнаэкранным або аконным рэжыме. Таксама гэта дазваляе педагогу выбіраць вучня з мэтай прадэманстраваць яго дзеянні на рабочым стале іншым вучням.

Упраўленне групавой работай (Group Management) дае магчымасць падзяляць вучняў класа на некалькі розных груп для ажыццяўлення функцый групавога чата (Group Chat) і групавога навучання (Group Teaching).  Настаўнік можа ствараць тэмы для зносін, а пры дапамозе групавога чата і тэматычнага чата (Topic Chat) вучні могуць ажыццяўляць тэкставую камунікацыю ў кожнай групе і ў свабодным рэжыме выбіраць групу, да якой яны хочуць далучыцца для групавога абмеркавання.

Групавое навучанне дазваляе настаўнікам падзяляць вучняў на некалькі груп, дазваляючы навучанне па мадэлях “роўны навучае роўнага” і “сумеснае навучанне”. У кожнай групе ёсць адзін актыўны член і адзін або больш пасіўных членаў. Актыўныя могуць задзейнічаць шматлікія функцыі для навучання сваіх аднагрупнікаў: навучанне праз трансляцыю, галасавое навучанне, галасавы чат, аддаленае кіраванне і інш.

Эфектыўнае выкарыстанне ўсіх магчымасцей гэтага дэвайса педагогі прадэманстравалі пры рабоце з сістэмай практыкаванняў па граматыцы. У яе ўваходзяць практыкаванні на падстаноўку, выконваючы якія можна замацаваць новы граматычны матэрыял (для замены слова/фразы часта выкарыстоўваецца малюнак), практыкаванні на трансфармацыю (дапамогуць сфарміраваць навыкі замены, скарачэння, камбінавання ці пашырэння новых структур), практыкаванні на дапаўненне (дапамогуць сфарміраваць хуткасць рэагавання на прапанаваную сітуацыю), канструюючыя практыкаванні (развіваюць здагадку па кантэксце, а таксама дапамагаюць лягчэй запомніць новы матэрыял).

…пашырыць адукацыйныя межы

Настаўніца інфарматыкі гімназіі № 18 Марына Мінкевіч прадставіла  пляцоўку ў сістэме дыстанцыйнага навучання, якая ўяўляе сабой шырокі спектр форм узаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Тэхнічная сістэма грунтуецца на выкарыстанні сайта дыстанцыйнага навучання на платформе Moodle і пляцоўкі для правядзення вэбінараў на платформе воблачнага сэрвісу відэаканферэнцый Webiring, на якіх размешчаны віртуальныя кабінеты. Сістэма дыстанцыйнага навучання дазваляе камбінаваць разна­стайныя формы навучання, забяспечвае камунікатыўнае ўзаемадзеянне, якое рэалізуецца ў форме інтэрнэт-канферэнцый, форумаў, дыскусій. Настаўнік мае магчымасц­ь аўтаматызаваць працэс навучання і кіра­ваць ім. На сайце дыстанцыйнага навучання створаны курсы, цьютарскае суправаджэнне якіх ажыццяўляецца педагогамі гімназіі пры правядзенні факультатыўных заняткаў па фізіцы, біялогіі, хіміі, аказанні дадатковых адукацыйных паслуг па рускай мове па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, па матэматыцы. Асноўная задача цьютара — дапамагчы вучню выбудоўваць навучанне з прымяненнем ІКТ.

Сайт дыстанцыйнага навучання гімназіі і пляцоўка для правядзення вэбінараў выкарыстоўваюцца педагогамі пры арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг. Напрыклад, заняткі па падрыхтоўцы да выпускнога экзамену па матэматыцы праводзяцца ў форме вэбінара. Усе ўдзельнікі размяшчаюцца дома каля сваіх камп’ютараў. Настаўнік дэманструе слайды прэзентацыі, розныя дакументы, вылучаючы ў іх галіны, якім неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу, ажыццяўляючы кіраванне адукацыйным працэсам у рэжыме анлайн. Узаема­дзеянне паміж удзельнікамі вэбінара ажыццяўляецца з дапамогай аўдыясувязі і чата, дзякуючы якому адбываецца абмен паведамленнямі. Эфектыўным сродкам правядзення вэбінара з’яўляюцца галасаванні і апытанні, якія дазваля­юць у рэальным часе сабраць інфармацыю ад слухачоў па тым ці іншым пытанні.


Практыка паказвае, што выкарыстанне мабільнага навучання адкрывае вялікія магчымасці як вучню, так і педагогу, дазваляе стварыць умовы для развіцця самастойнасці мыслення, ініцыятыўнасці, творчасці навучэнцаў, павысіць эфектыўнасць работы ўстановы адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.