Мабільнае навучанне і эфектыўнае кіраванне

- 16:28Планёрка ў рэгіёне

Кожная ўстанова адукацыі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца ў пошуку свайго непаўторнага шляху развіцця, але пры гэтым падпарадкоўваецца адзінай мэце — забеспячэнню даступнасці і якасці адукацыі. Аб тым, чаго ўдалося дасягнуць і з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца педагогам сёння, расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Радковіч.

— Галіна Уладзіміраўна, якімі дасягненнямі ў сістэме адукацыі Кобрынскага раёна вы можаце зараз ганарыцца?
— Магу адзначыць, што ў 2015 годзе намі былі задаволены ўсе звароты бацькоў аб уладкаванні дзяцей у дашкольныя ўстановы. Ганарымся мы і тым, што па выніках сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання некаторыя ўстановы адукацыі раёна ўвайшлі ў лік лепшых па краіне. Так, сярэдняя школа № 7 Кобрына ўвайшла ў топ-50 лепшых устаноў краіны, а выпускнікі сярэдняй школы № 8 паказалі лепшыя вынікі па англійскай мове.
Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 9 Наталля Мікалаеўна Гапанюк стала пераможцай абласнога і ўдзельніцай рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2013—2014 гадах. Адміністрацыя дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4 у 2015 годзе атрымала дыплом ІІ ступені на абласным конкурсе “Кіраванне сучаснай школай: адзінства, калегіяльнасць, эфектыўнасць”.
Штогод у раёне праводзяцца алімпіяды па вучэбных прадметах для навучэнцаў: школьныя — пачынаючы з 4 класа, раённыя — з 6-га, у тым ліку па краязнаўстве, прававых ведах, пытаннях здаровага ладу жыцця, фінансавай дасведчанасці. На сайце аддзела адукацыі ў дапамогу настаўнікам створаны і пастаянна папаўняецца раздзел “Заданні алімпіяд па вучэбных прадметах”. Для малодшых школьнікаў праводзяцца навукова-практычная канферэнцыя “Першыя крокі ў навуку”, паэтычны конкурс “Дэбют”, па выніках якога выдаюцца зборнікі вершаў.
Стала добрай традыцыяй арганізоўваць сустрэчы прадстаўнікоў выканаўчай улады з навучэнцамі, якія дасягнулі поспехаў у алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, для адораных дзяцей праводзіцца раённая дабрачынная акцыя. Рашэннем Кобрынскага райвыканкама ад 3 сакавіка 2015 года заснаваны прэміі пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Лаўрэатамі прэмій ужо сталі 24 навучэнцы, агульная сума выплат склала больш за 10 млн рублёў. У 2015 годзе прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымаў навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 6 Кобрына Уладзімір Гангала, пераможца Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.
Паказчыкам якаснай арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца паспяховае выступленне навучэнцаў у творчых конкурсах, выставах, фестывалях. За мінулы навучальны год яны атрымалі 87 дыпломаў міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўню.

Якія інавацыйныя падыходы выкарыстоўваюць вашы педагогі ў адукацыйным працэсе? Як укараняюцца ў раёне інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— У бягучым навучальным годзе на базе ўстаноў адукацыі рэалізоўваюцца некалькі інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі: “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” — у яслях-садзе № 6 Кобрына і ў Ярэміцкім яслях-садзе; “Укараненне мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў I ступені з дапамогай выкарыстання праектных задач” — у Кісялевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.
Са жніўня 2011 года ў рамках сумеснага праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” шэраг устаноў раёна актыўна ўключыўся ў рэалізацыю праграмы “Зялёныя школы”, якая накіравана на фарміраванне ў школьнікаў беражлівых адносін да прыроды. Сёння 20 нашых устаноў паспяхова працуюць у гэтым кірунку, 13-ці з іх прысвоены статус “Зялёная школа”.
55% педагогаў нашага раёна маюць сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. Для дэманстрацыі вучэбнага матэрыялу яны выкарыстоўваюць прэзентацыі, у тым ліку інтэрактыўныя, відэа- і аўдыяфрагменты. З мэтай кантролю ведаў і актыўнай зваротнай сувязі з навучэнцамі прымяняюцца сістэмы тэсціравання. Некаторыя педагогі ўкараняюць у сваю дзейнасць сэрвісы інтэрнэту (сэрвіс learningapps), сумесныя дакументы, вядуць блогі, праводзяць сеткавыя конкурсы, выкарыстоўваюць у дамашняй рабоце ClassRoom. Нашы настаўнікі выкарыстоўваюць мабільнае навучанне (QR-коды, Kahoot.it), плануюць “паркавыя” ўрокі.
Па выніках абласнога конкурсу “ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці” гімназія Кобрына ўзнагароджана дыпломам І ступені (2012), дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджана настаўніца гімназіі Святлана Мікалаеўна Суботка за выступленне на абласных конкурсах “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” (2013, 2014). Віктар Якаўлевіч Лагвіновіч, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 6, двойчы стаў лаўрэатам інтэрнэт-прэміі “ТІВО-2014” за лепшы сайт у намінацыі “Арганізацыя ўязнога турызму”, а ў 2015 годзе па выніках “Конкурсу педагагічных ідэй і майстэрства” атрымаў падзяку адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій “За падтрымку таленавітай моладзі і ўклад у развіццё даследчай дзейнасці навучэнцаў”.
Канечне, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі не так шырока прымяняюцца і ўкараняюцца, як належыць. Працэс стрымліваюць недастатковы ўзровень забяспечанасці ўстаноў адукацыі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай і іншым абсталяваннем, нізкая хуткасць інтэрнэту, невялікая колькасць пунктаў свабоднага доступу
Wi-Fi, а таксама негатоўнасць многіх педагогаў да самаўдасканальвання. Да таго ж для падрыхтоўкі якаснага ўрока з прымяненнем ІКТ патрабуецца больш часу, чым для падрыхтоўкі звычайных заняткаў.

— Галіна Уладзіміраўна, ці праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі ў Кобрынскім раёне ў сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй?
— З 1 верасня 2015 года ліквідаваны раённы міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, спыніў сваю дзейнасць раённы цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў — ён аб’яднаўся з раённым цэнтрам дзіцячай творчасці. За апошнія тры гады былі ліквідаваны вячэрняя школа, сярэдняя і базавая школы, дзіцячы сад — базавая школа. Шэраг школ рэарганізаваны ў вучэбна-педагагічныя комплексы “яслі-сад — сярэдняя школа”. Усе навучэнцы і выхаванцы дашкольных груп пераведзены ў бліжэйшыя навучальныя ўстановы, для іх арганізаваны падвоз да месца навучання.

Надзея ЦЕРАХАВА.