Мабільнае навучанне

- 12:33Портфолио

Тэлефон можа быць надзвычай карысны на ўроках англійскай мовы, у пазакласнай дзейнасці і самастойнай рабоце. 

Дзякуючы яму, развіваюцца пазнавальныя інтарэсы і актыўнасць вучняў, павышаецца матывацыя да вывучэння прадмета, паляпшаецца авалоданне ўсімі відамі маўленчай дзейнасці.  

Мабільны тэлефон — незаменны памочнік у арганізацыі адукацыйнага працэсу. Тэхналогіі BYOD (Bring Your Own Device — прынясі з сабой сваю прыладу) і m-learning (мабільнае навучанне) дазваляюць развіваць маўленчую кампетэнцыю і павышаць мабільную дасведчанасць вучняў.

Вопыт паказвае, што для эфектыўнага прымянення мабільных тэхналогій трэба вызначыць мэту навучання, адабраць дадаткі, якія адпавядаюць тэме заняткаў, і спосабы рацыянальнага выкарыстання сэр­вісаў і дадаткаў да іх без перагрузкі ўрока.  

На этапе актуалізацыі ведаў (“мазгавы штурм”) часта выкарыстоўваю дадатак Mentimeter. На першым уроку прапаную з дапамогай яго і мабільнага тэлефона адправіць 3—5 слоў-асацыяцый па пэўнай тэме. Так, пры вывучэнні тэмы “Святы” прапаную выбраць 3 любімыя святы. Варыянты адказаў з’яўляюцца ў рэжыме рэальнага часу на экране тэлевізара/электроннай дошкі. Зыходзячы з памераў літар, можна вызначыць самы папулярны ці найменш папулярны адказ. На аснове атрыманых даных праводжу далейшае абмеркаванне тэмы. Работу з дадаткам Mentimeter выкарыстоўваю пры вывучэнні тэм “Злучанае Каралеўства”, “Школа”, “Ежа”, “Музыка”, “Кнігі”, “Кіно”.

Мабільныя тэлефоны актыўна выкарыстоўваю на этапе маўленчай практыкі, які прадугледжвае прымяненне засвоеных ведаў і лексічных навыкаў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці і фарміраванне прадукцыйных уменняў, а таксама патрабуе творчага падыходу. Вялікі вучэбны патэнцыял маюць функцыя відэаздымак на камеру тэлефона і адукацыйная платформа Flipgrid. Так, да відэаздымак звяртаюся пры арганізацыі праектнай работы і пазакласнай дзейнасці па прадмеце. Рэалізуючы праект “Мая школа”, вучнёўскія групы здымаюць кароткаметражныя фільмы пра сваю ўстанову адукацыі. Кожная група выконвае свае задачы. Прэзентуючы відэафільмы, праводзім абмеркаванне і анлайн-галасаванне на платформе Mentimeter.

Адукацыйная платформа Flipgrid дазваляе арганізоўваць сумесныя ўрокі з вучнямі з іншых краін, дзякуючы функцыі GidPals. Па папярэдняй дамоўленасці з замежнымі настаўнікамі праводжу ўрок-гульню Mystery country, урок-прэзентацыю і ўрок-дэбаты па пэўнай тэме з вучэбнага дапаможніка для 8 класа. 

Пры вывучэнні тэмы “Ежа” прапаную зняць відэаролік аб гатаванні любімай стравы. Пры гэтым трэба выкарыстаць мінімум 5 дзеясловаў, звязаных з гатаваннем ежы, правільна назваць і напісаць коль­касць неабходных прадуктаў. Запісваючы відэаролікі, вучні імкнуцца дасягнуць ідэальнага выніку, бо ведаюць, што ён будзе ацэнены іншымі.

Мабільныя дадаткі пры правільным выкарыстанні даюць добрыя вынікі: актывізуюць маўленча-мысліцельную дзейнасць, развіваюць маўленчую кампетэнцыю, павышаюць матывацыю.

Для развіцця маўленчай кампетэнцыі часта звяртаюся да месенджараў, напрыклад, Viber. Так, калі працуем з тэмай “Кнігі”, у якасці дамашняга задання прапаную парэкамендаваць сваю любімую кнігу: вучні адпраўляюць у рабочы чат фота сябе з кнігай, апісваюць 3—4 сказамі, пра што яна, і аргументуюць свой выбар мінімум 3 прыметнікамі/выразамі з урока. На наступных занятках дзеці ў групах дзеляцца думкамі аб любімых кнігах аднакласнікаў і выбіраюць адну, якую таксама хацелі б прачытаць, і адну, якую не хацелі б (з тлумачэннем прычыны). У сваіх выказваннях (згоды/нязгоды) школьнікі павінны прытрымлівацца пэўнага плана. 

Не абыходжу ўвагай платформу Vznaniya, у функцыянале якой ёсць запіс голасу, дзякуючы чаму вучні могуць самі агуч­ваць не толькі асобныя словы ці рэплікі, але і невялікія відэаролікі. 

Выкарыстоўваючы ўбудаваны каляндар, адпрацоўваю ўжыванне прыназоўнікаў часу і лічэбнікаў пры вывучэнні тэмы “Брытанскія і беларускія святы”. У парах школьнікі абмяркоўваюць планы на пэўныя даты: What are you going to do
on … ? When (what day) is your birthday this year? Christmas in Belarus was celebrated on Sunday in 2018?

Вывучаючы тэмы “Падарожжы” і “Складанне маршруту”, дзеці вучацца пытацца пра знаходжанне аб’ектаў у горадзе, складаць маршрут, апісваць славутасці з дапамогай актыўнай лексікі і граматыкі з урока/раздзела. Наглядны сродак для выканання гэтых задач — карты Google (дадатак Google Earth) і ўбудаваная функцыя вір­туальных тураў. 

Мабільныя дадаткі пры правільным выкарыстанні даюць добрыя вынікі: актывізуюць маўленча-мысліцельную дзейнасць, развіваюць маўленчую кампетэнцыю, павышаюць матывацыю. Дзякуючы BYOD-тэхналогіі, вучні з задавальненнем удзельнічаюць у міжнародных моўных адукацыйных праектах, не баяцца наладжваць зносіны з замежнымі равеснікамі.

Юлія КОЗІНА,
настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.