Мабільны дадатак для прафесіяналаў

У мінулым навучальным годзе навучэнка гімназіі № 1 Ліды пад кіраўніцтвам настаўніцы замежнай мовы Лізаветы Аляксееўны ГЕРАСЮЦІНАЙ атрымала дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па нямецкай мове. Сёлета іншая навучэнка ўзяла дыплом І ступені на абласным этапе ў секцыі “Замежныя мовы”, а настаўніцу занеслі ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.

Сродкі масавай інфармацыі маюць вялікі ўплыў на людзей. Нездарма СМІ часта называюць чацвёртай уладай. Газеты з’яўляюцца адным з іх відаў. Зараз, калі практычна ўсе навіны мы атрымліваем праз інтэрнэт, паўстае лагічнае пытанне: як павінна выглядаць сучасная газета, каб прывабліваць чытачоў?

Па маіх назіраннях, друкаваныя выданні ў большасці чытаюць людзі сталага ўзросту. Моладзь застаецца анлайн і атрымлівае інфармацыю бясплатна, адразу і ў адным месцы. Мне здаецца, газеты павінны ўсё больш асвойваць інтэрнэт-прастору і асабліва звярнуць сваю ўвагу на фармат, адаптаваны хутчэй да мабільных прылад, чым да камп’ютараў, — штосьці накш­талт мабільнага дадатку.

Чытачы маглі б успрымац­ь інфармацыю не толькі праз літары і карцінкі, але і праз відэа-, аўдыяфайлы, якія немагчыма прымацаваць да папяровай газеты. Пры падпісцы на карыстанне такімі дадаткамі можна атрымліваць больш разнастайную інфармацыю, падзеі павінны тычыцца непасрэдна жыцця людзей. Думкі ў газеце павінны выказвацца розныя, нават калі яны часам не супадаюць з пазіцыяй іншых бакоў. Складана разважаць пра змест, бо розныя выданні маюць розную накіраванасць і аўдыторыю. Але ў нашым прафесійным выданні хацелася б заўсёды знаходзіць падтрымку, атрымліваць парады.

Фота Настассі ХРЫШЧАНОВІЧ.