Мабільны даведнік па галоўнай спартыўнай падзеі лета распрацавалі ў ПВТ

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

У Парку высокіх тэхналогій прэзентавалі афіцыйны мабільны дадатак II Еўрапейскіх гульняў — Minsk2019.

Распрацоўшчыкам дадатку з’яўляецца кампанія Synesis Sport — рэзідэнт ПВТ.

Дадатак працуе на платформах Android і iOS і зусім не ўступае мабільнай версіі сайта гульняў. Яго галоўная асаблівасць у тым, што асноўная інфармацыя аб гульнях і інфраструктуры будзе да­ступна карыстальнікам нават ва ўмовах адсутнасці інтэрнэт-падключэння.

Акрамя таго, афіцыйны дадатак II Еўрапейскіх гульняў дае карыстальнікам магчымасць атрымліваць push-паведамленні з самымі актуальнымі навінамі, фарміраваць інфармацыйную стужку па інтарэсах, праглядаць расклад спаборніцтваў з фільтрам па­дзей, пракласці самы хуткі і зручны шлях да спартыўнага аб’екта, а таксама знайсці інфармацыю аб мясцовых славутасцях.

Распрацоўшчыкі адзначаюць, што Minsk2019 — гэта не проста афіцыйны дадатак гульняў, а даведнік па галоўнай спартыўнай па­дзеі гэтага лета. Дарэчы, ён ужо даступны для бясплатнага спампоўвання ў Google Play і App Store.

Кампанія Synesis Sport таксама створыць 3D-візуалізацыі для спартыўных аб’ектаў II Еўрапейскіх гульняў.

Пілотная версія сістэмы 3D-візуалізацыі распрацавана на прыкладзе стадыёна “Дынама”. Гледачу будзе даступна віртуальная панарама з цэнтра арэны, дзе ён можа павярнуцца на 360 градусаў, разгледзець усе трыбуны і выбраць сектар або катэгорыю білета. Зрабіўшы выбар, карыстальнік пераходзіць на панараму 180 градусаў з трыбуны, адкуль адкрываецца від на арэну і дзе падсвечваюцца зоны правядзення спаборніцтваў для розных відаў спорту.

Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, 3D-візуалізацыя дасць гледачам магчымасць ацаніць агляд спартыўнай пляцоўкі з розных трыбун у залежнасці ад катэгорыі білета, а таксама зразумець, наколькі відаць канкрэтныя зоны.