Мабільны навігатар INVO для пошуку аптымальнага і бяспечнага маршруту

Навучэнкі 1 курса Мінскага радыётэхнічнага каледжа Юлія Стэфняк і яе сястра Алена сталі аўтарамі праекта “Мабільны навігатар для людзей з інваліднасцю INVO”, які дапаможа кожнаму чалавеку з асаблівымі патрэбамі перамяшчацца па неабходным яму маршруце з улікам наяўнасці безбар’ернага асяроддзя. Над рэалізацыяй ініцыятывы разам з дзяўчатамі працуюць навучэнцы каледжа і студэнты БДУІР. Праект адзначаны шэрагам узнагарод на кірмашы інавацыйных ідэй Smart Рatent — 2018 і перамог у конкурсе “100 ідэй для Беларусі — 2019” у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі”.

Юлія і Алена Стэфняк — актыўныя члены маладзёжнага грамадскага аб’яднання інвалідаў “Адкрыццё”, валанцёры UNICEF, лаўрэаты (3-е месца) гарадскога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэн­скай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, на якім у 2018 го­дзе яны выступілі з праектам “Інклюзіўнае абсталяванне для камфортнага жыцця”. Дзяўчаты вучацца на курсах праграмавання ЕРАМ, прайшлі тыднёвы курс першай у Беларусі школы сацыяльнага прадпрымальніцтва для падлеткаў “SEI Youth: Мой першы бізнес”, арганізаваны ОДБ Брусель і беларускім маладзёжным аб’яднаннем “Новыя твары”. Увогуле ў скарбонцы сясцёр больш за 150 дыпломаў за ўдзел у конкурсах, праектах і ініцыятывах.

Юлія Стэфняк скончыла сярэднюю школу № 130 Мінска. Марыла стац­ь журналісткай, але падчас прахо­джання пасля 9 класа медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі ёй патлумачылі, што прафесія журналіста дзяўчыне не падыходзіць, бо яна перамяшчаецца на калясцы. Юлію прывабіла ІТ-сфера, і дзяўчына паступіла ў Мінскі радыётэхнічны каледж на спецыяльнасць “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, прычым на дзённае аддзяленне.

“З моманту паступлення ў радыётэхнічны каледж прайшло няшмат часу, а столькі ўсяго добрага і цікавага адбылося, — згадвае дзяўчына. — Само паступленне было шокам для мяне. Прахадны бал — 9,5! Думала, не прайду. Перажыванняў хапала: і з-за адсутнасці безбар’ернага асяроддзя ў будынку каледжа, і з-за таго, што ён знаходзіцца далёка ад дома — з Лошыцы трэба паспяваць прыязджаць ва ўстанову да 8 гадзін раніцы. Хвалявалася нават, ці спраўлюся з вучобай. Але ўсё склалася выдатна. Паступіла, вучуся, маю шмат сяброў, працую над некалькімі праектамі. А адсутнасць безбар’еркі — гэта нават не нагода для перажыванняў: у каледжы заўсёды дапамогуць. Жыццё крута змянілася пасля школы, я адчуваю сябе шчаслівай”.

Ужо ў снежні мінулага года падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў, якая прайшла ў тэхнапарку БНТУ, Юлія і Алена Стэфняк атрымалі дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” за работу “Інклюзіўнае абсталяванне для камфортнага жыцця”. Увазе журы сёстры прадставілі праект інклюзіўнай кухні, які яны рэалізавалі ў сваёй кватэры. На такой кухні зручна гатаваць, мыць посуд — і таму, хто сядзіць у інваліднай калясцы, і ўвогуле кожнаму чалавеку, незалежна ад росту і камплекцыі.


“Дыягназ адабраў у мяне магчымасць хадзіць, але з самага нараджэння даў стымул займацца вынаходствам, ператвараючы звычайнае непрыдатнае для людзей з інваліднасцю жыллё ў месца, дзе можна свабодна сябе адчуваць і вучыцца быць самастойным, — гаворыць Юлія. — Наша кватэра на некаторы час ператварылася ў эксперыментальную лабараторыю. Без мамы ў нас нічога не атрымалася б. Падчас работы над праектам яна навучыла мяне, сястру і брата паважаць адно аднаго. Нам было няпроста, але вельмі цікава. Мы і далей працягнем ствараць і распрацоўваць даступнае абсталяванне для людзей з інваліднасцю, якое дапаможа ім жыць самастойна. Такім жа чынам можна прыстасаваць жыллё для пажылых людзей, для дзяцей, а таксама тых, хто мае нізкі рост”.

Распрацоўка навігатара, які будзе прапаноўваць людзям з інваліднасцю найбольш аптымальны і бяспечны маршрут па гора­дзе — яшчэ адна паспяховая ідэя Юліі Стэфняк. Такога інфармацыйнага рэсурсу ў нашай краіне пакуль няма.

Юлія не любіць сядзець дома, шмат вандруе. Аднак кожны раз, адпраўляючыся ў дарогу, асабліва ў незнаёмае месца, яна вымушана дэталёва планаваць свой маршрут, каб на ім не ўзнікала неадольных перашкод. Дзяўчына раіцца з сябрамі, вывучае анлайн-маршруты, панарамную карту “Яндэкс”. Аднак вычарпальную інфармацыю не заўсёды ўдаецца атрымаць. Напрыклад, пра расклад нізкападлогавага транспарту (на прыпынках такі транспарт не памечаны спецыяльным знакам). На жаль, і  безбар’ернае асяроддзе, якое ўсталявана ў асобных месцах, не заўсёды функцыянуе — ліфт у падземным пераходзе можа не працаваць, пандус будзе занадта высокі, таму ім не скарыстаешся.

“Сёння ў Беларусі жыве больш за 500 тысяч людзей з інваліднасцю, з іх каля 20,5 тысячы — інваліды-калясачнікі, — падкрэслівае Юлія. — Яны часта баяцца выйсці з дому, бо сутыкаюцца на гарадскіх вуліцах з мноствам пера­шкод. Штодня бацькі з дзіцячымі каляскамі, людзі, якія выкарыстоўваюць для перамяшчэння інвалідныя каляскі, ралятары, хадуны, пажылыя лю­дзі пераадольваюць высокія бардзюры, неабсталяваныя ліфтамі падземныя пераходы, няроўныя тратуары і лесвіцы. Нават для веласіпедыстаў адсутнасць даступнага асяроддзя з’яўляецца праблемай. Такім чынам, вызначылася мэтавая аўдыторыя нашага праекта — будучыя карыстальнікі мабільнага навігатара”.

У матываваную каманду стваральнікаў інфармацыйнага рэсурсу “Мабільны навігатар для людзей з інваліднасцю INVO” ўвайшлі навучэнцы і валанцёры радыётэхнічнага каледжа Улад Сандрозд, Анатоль Купава, Цімур Фядосік, Аліса і Мікіта Пушновы, Аляксандр Маркевіч, Вікторыя Качан, Леа­нід Прусаў, Максім Галубоўскі, Арцём Грамыка, студэнтка БДУІР Наталля Сусько, валанцёры ЮНІСЕФ, МГА “Адкрыццё”. Кіраўнікі праекта — выкладчык каледжа Вольга Вінічук і Дзмітрый Арэхаў (ЕРАМ). Кожны ўдзельнік працуе над канкрэтнай задачай. Работа над праектам пачалася ў верасні мінулага года і праходзіць паэтапна.

“Кожны з нас можа быць яркай, моцнай асобай, разумным і матываваным чалавекам, але па-сапраўднаму вялікія справы заўсёды робяцца моцнымі камандамі, — упэўнена Юлія. — У рабоце над праектам мы праяўляем сябе па-рознаму, нам не заўсёды лёгка працаваць, але толькі разам мы можам дасягнуць адчувальнага выніку. Мы прыступілі да стварэння карты Мінска (спачатку Савецкага і Ленінскага раёнаў), на якой адзначаем безбар’ерныя пешыя маршруты. Усю неабходную інфармацыю аб грамадскіх аб’ектах нам прадаставілі ў сталічным камітэце па працы і сацыяльнай абароне, а таксама ў адміністрацыях раёнаў”.


Што такое безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці? Гэта асяроддзе, прыстасаванае да магчымасцей інвалідаў, якое стварае ўмовы для іх самастойнай (без дапамогі здаровых людзей) дзейнасці. Безбар’ернасць — гэта ўласцівасць будынка, прасторы, дызайну і планіроўкі, памяшкання, месца абслугоўвання, якое дазваляе бесперашкодна дасягнуць месца прызначэння і атрымаць паслугу.

Варта згадаць, што 11 лістапада 2013 года міністр архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь падпісаў загад № 417 “Аб зацвярджэнні і ўвядзенні ў дзеянне тэхнічнага нарматыўнага прававога акта ў будаўніцтве”, згодна з п. 5.4.8 ТКП 45-3.03-227-2010 “Вуліцы населеных пунктаў”, месцы перасячэнняў пешаходных пераходаў з праезнай часткай неабходна размяшчаць на адным узроўні, пры гэтым звужэнне праезнай часткі не дапускаецца.

“Інфармацыю аб безбар’ерным асяроддзі для нас збіраюць валанцёры, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, актыўныя людзі на інвалідных калясках, іх сваякі, — гаворыць Юлія. — Уся даныя, якія паступа­юць ад валанцёраў, правяраюцца экспертамі па безбар’ерным асяроддзі. Такім чынам, гарантуецца іх якасць і зваротная сувязь з карыстальнікамі нашага мабiльнага дадатку. У горадзе шмат праблемных месцаў, мы рады супрацоўніцтву з людзьмі або арганізацыямі, якія дасылаюць нам каардынаты з апісаннем перашкод.

У мабільным дадатку выкарыстоўваюцца тры колеры: чырвоным абазначаюцца аб’екты і месцы, недаступныя для перамяшчэння, з указаннем прычыны гэтага (напрыклад, правядзенне рамонтных работ), жоўтым — часткова даступныя, куды можна трапіць пры пабочнай дапамозе, зялёным — даступныя поўнасцю. Карыстацца дадаткам вельмі проста. Напрыклад, у вас ёсць пэўная геапазіцыя, кропка на карце, на якой вы знаходзіцеся. Вы ўносіце ў пошук назву месца, у якое вам трэба трапіць. Навігатар пракладвае маршрут. Магчыма, ён прапануе некалькі варыянтаў, але самы даступны шлях не абавязкова самы кароткі. Яму ў альтэрнатыву будзе прапанаваны больш кароткі, але часткова даступны. У дадатку карыстальнік зможа адзначыць сродак, які прымяняе пры перамяшчэнні, напрыклад, інвалідную каляску, веласіпед або звычайную каляску, у якой вязе немаўля, і г.д.”.

Навігатар будзе ўключаць не толькі пешыя маршруты, але і транспартныя — для аўтамабільнага і грамадскага транспарту. Прадугледжваецца і функцыя выбару спосабу перамяшчэння. Зараз каманда распрацоўшчыкаў сэрвісу супрацоўнічае з прадпрыемствам “Мінсктранс”, каб атрымаць звесткі аб маршрутах нізкападлогавага транспарту. Інфармацыя будзе інтэгравана ў рэсурс. Маладыя лю­дзі плануюць зрабіць бонус карыстальнікам навігатара ў выглядзе аказання ім своеасаблівай хуткай дапамогі. Чалавек з абмежаваннямі ў выпадку ўзнікнення сур’ёзных перашкод на сваім шляху зможа ў рэжыме анлайн размяшчаць свае аб’явы і просьбы аб дапамозе. Кожны, хто ўбачыць гэтую інфармацыю і пажадае дапамагчы чалавеку, які трапіў у складаную сітуацыю ў горадзе, зможа гэта зрабіць.

Пакуль мабільны дадатак працуе ў тэставым рэжыме. Ён пастаянна абнаўляецца і паляпшаецца. Але да II Еўрапейскіх гульняў, калі ў Мінск прыедуць турысты, каманда распрацоўшчыкаў прадставіць яго прататып. Кожны жадаючы зможа спампаваць яго на Play Market і ацаніць, наколькі гэтая ініцыятыва карысная і жыццяздольная.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.