Мадэлюем навакольны свет

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Вывучаючы прыродныя аб’екты і з’явы, дашкольнікі пашыраюць веды пра разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, усведамляюць ролю прыроды ў жыцці чалавека, вучацца суперажываць жывым істотам, беражліва да іх адносіцца.

Мадэляванне — адзін з эфектыўных метадаў развіцця пазнавальнай цікавасці дзяцей. Яно заснавана на замяшчэнні рэальных аб’ектаў прадметнымі і схематычнымі малюнкамі і знакамі. Дзякуючы нагляднасці, мадэляванне дазваляе сфарміраваць у свядомасці дашкольнікаў пэўныя вобразы, замацаваць набытыя веды і ўзбагаціцца новымі, навучыцца будаваць простыя лагічныя ланцужкі.

Актыўна звяртаюся да метаду мадэлявання ў практычнай рабоце. Так, у спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выкарыстоўваю мадэлі лесу, пустыні, двара, свойскіх і дзікіх жывёл розных кліматычных зон, каляндар прыроды. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць схемы развіцця раслін і жывёл, экалагічныя ланцужкі харчавання. 

Дашкольнікі ўважліва разглядаюць карцінкі і мадэлі, складаюць апавяданні пра прыроду. Схемы дапамагаюць выявіць і паказаць прычынную сувязь паміж раслінамі, жывёламі і навакольным асяроддзем. Гэта развівае ў дзяцей дапытлівасць і лагічнае мысленне. Так, пры фарміраванні паняцця “рыбы” выкарыстоўваю мадэль, у якой адлюстраваны істотныя наглядныя прыметы гэтай групы жывёл: асяроддзе пражывання, своеасаблівая будова канечнасцей (плаўнікі), форма цела, лускаў, жабры і інш. Усё гэта гаворыць пра тое, як рыбы прыстасаваны да воднага асяроддзя.

З дапамогай картак-схем знаёмлю дзяцей з маскіровачнай афарбоўкай жывёл, спосабамі іх перамяшчэння, абароны ад ворагаў. На абагульняльных занятках замацоўваю ўяўленні пра аднатыпныя аб’екты і аднародныя з’явы прыроды (“Агародніна, садавіна”, “У заапарку”, “Як шмат бывае цікавага восенню” і інш.).

Самая даступная мадэль — каляндар прыроды, запаўненне якога — важная сумесная практычная дзейнасць. Дзеці абазначаюць з’явы прыроды, за якімі назіралі на прагулках, адзначаюць дні тыдня, адлюстроўваюць дрэвы і покрыва зямлі ў адпаведнасці з іх сезонным станам. Значкі і сімвалы дапамагаюць правільна фіксаваць назіранні, абагульняць іх, рабіць простыя высновы.

У календары назіранняў дзеці самі адзначаюць з’явы прыроды, што знаходзяцца ў полі іх зроку кожны дзень (каляндар назіранняў за ростам і развіццём расліны ці жывёлы). Так, дашкольнікі вядуць дзённік назіранняў за цыбуляй, дзе адзначаюць час яе пасадкі, з’яўлення першых парасткаў і інш. У дзённіку назіранняў за птушкамі дзеці адзначаюць час іх прылёту да кармушак, паводзіны і інш.

Знаёмячыся з глобусам Зямлі, дашкольнікі звяртаюць увагу на розныя колеры яго паверхні і плошчу мацерыкоў, задаюць шмат пытанняў. З дапамогай ІКТ тлумачу, што розныя кліматычныя зоны абазначаюцца рознымі колерамі. Такім чынам, дзеці даведаліся пра моры і акіяны, рэкі і азёры (блакітны колер), горы і пустыні (розныя адценні карычневага), лясы (зялёны колер). Знайшоўшы на глобусе Беларусь, выхаванцы самі зрабілі выснову, чаму яна абазначана зялёным колерам.

Замацоўваю набытыя веды праз гульні “Назаві, што гэта”, “Вызначы па колеры”, “Падарожжа па мацерыках” і інш.

Мадэляванне дазваляе раскрыць важныя асаблівасці аб’ектаў прыроды і заканамерныя сувязі паміж імі, сфарміраваць элементарныя паняцці пра з’явы навакольнага асяроддзя.

Марына САЛАГУБ,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Ляхавіч.