Мадэрнізацыі сістэмы бізнес–адукацыі паспрыяе работа сектаральнага савета кваліфікацый

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Сектаральны савет кваліфікацый у сферы бізнес-кіравання створаны пры Міністэрстве эканомікі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінэканомікі.

Сектаральны савет стане пляцоўкай для ўзаемадзеяння паміж Мінэканомікі, рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і работнікаў, установамі адукацыі, што ажыццяўляюць дзейнасць у сферы бізнес-кіравання, а таксама іншымі зацікаўленымі ў мэтах распрацоўкі і зацвярджэння новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый — прафесійных стандартаў, сектаральных рамак кваліфікацый, тыпавых карт прафесійнага развіцця і кар’ернага росту.

Асноўныя задачы сектаральнага савета кваліфікацый — арганізацыя распрацоўкі прафесійных стандартаў для пасад, звязаных з выкананнем функцый кіравання камерцыйнымі арганізацыямі, сектаральнай рамкі кваліфікацый, тыпавых карт прафесійнага развіцця і кар’ернага росту ў сферы бізнес-кіравання. Савет таксама будзе ўдзельнічаць у вызначэнні патрэбнасці ў кваліфікаваных кадрах у сферы бізнес-кіравання і фарміраванні заказу на іх падрыхтоўку ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

У склад сектаральнага савета кваліфікацый увайшлі прадстаўнікі Мінэканомікі, Мінадукацыі, Мінпрацы і сацабароны, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, аб’яднанняў наймальнікаў. Старшынёй савета з’яўляецца намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч.

Такім чынам, зроблены яшчэ адзін крок па ўкараненні ў практыку дзяржаўнага кіравання новых эфектыўных інстытутаў для мадэрнізацыі сістэмы бізнес-адукацыі Беларусі.