Мадэрнізаваны цэнтр кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання адкрылі ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы

- 11:12Новости

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар кале­джа Руслан Вінакураў, цэнтр вырашае стратэгічную задачу па забеспячэнні рэгіёна і краіны кваліфікаванымі кадрамі, спалучаючы ў адукацыйным працэсе інавацыйныя падыходы, сучаснае абсталяванне і цесную інтэграцыю з вытворчасцю. Установа адукацыі з 2023 года з’яўляецца вядучай у Беларусі па напрамку грамадскага харчавання.

— Па сеткавым узаемадзеянні да нас прыязджаюць вучыцца з 12 устаноў адукацыі Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, а таксама з Пскоўскай вобласці, — расказаў Руслан Вінакураў. — Мы актыўна супрацоўнічаем з заказчыкамі кадраў, у тым ліку па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў. Трэці вялікі напрамак — работа са школьнікамі па прафарыентацыі і працоўным навучанні. У цэнтры кампетэнцый створаны вучэбны кластар з поўным вытворчым цыклам. Пад кіраўніцтвам педагогаў адны навучэнцы займаюцца непасрэдна вырабам прадукцыі па вучэбным плане, іншыя яе рэалізуюць.

Штодзень каля 600 жыхароў і гасцей горада праходзяць праз нашы аб’екты, дзе іх абслугоўваюць навучэнцы. Прыбытак ад продажу летась перавысіў мільён рублёў, і гэта не мяжа.

Такія падыходы даюць магчымасць рыхтаваць кадры, адаптаваныя да рэальных патрабаванняў рынку працы. І, што вельмі радуе, растуць нашы дзеці, ужо ў перыяд навучання робяць першыя значныя прафесійныя поспехі. За 2024—2025 гады мы атрымалі 49 узнагарод абласных, рэспублі­канскіх і міжнародных конкурсаў. Па выніках ProfSkills Belarus — 2025 мы сярод лідараў па сваіх профільных кампетэнцыях — кулінарным і кандытарскім мастацтве, рэстаранным сэрвісе, хлебапячэнні: на рахунку каманды каледжа залаты і тры сярэбраныя медалі. Выпускнікі цэнтра прыходзяць на прадпрыемствы з грунтоўным вопытам работы — ад гатавання страў па сучасных тэхналогіях да абслугоўвання спажыўцоў. Прадпрыем­ствы-партнёры зацікаўлены не толькі ў нашых выпускніках, але і ў тэхналогіях, якія мы мультыпліцыруем далей на вытворчасці.

Па выніках удзелу ў Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва на “Прадэкспа” прадстаў­нікі каледжа ўзнагароджаны залатым, 4 сярэбранымі і 3 бронзавымі медалямі. Акрамя таго, на іх рахунку 2 залатыя і бронзавы медалі на Міжнародным кулінарным кубку.

Алёна Полесава школу скончыла з высокімі баламі ў атэстаце, мела выдатную перспектыву зра­біць музычную кар’еру, але месцам навучання выбрала прафтэх. На 3 курсе яна паспяхова дэбютавала на WorldSkills Belarus. Сёння гэта адзін з аўтарытэтных прафесіяналаў нашай рэспублікі ў сваёй галіне, лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” і майстар цэнтра кампетэнцый каледжа, дзе раней вучылася. У партфоліа маладой дзяўчыны, якой крыху больш за 20 гадоў, сабраны перамогі на шэрагу самых рэйтынгавых міжнародных прафесійных конкурсаў, што праходзілі ў Расіі, Кітаі, еўрапейскіх краінах. Яе прыклад пераканаўча пацвярджае: вучыцца ў каледжы — прэс­тыжна і перспектыўна. Дарэчы, у ВДІК няма праблем з пошукам кадраў. Тут мэтанакіравана з 1 курса прыглядаюцца да навічкоў і гаду­юць педагагічную змену. Сёлета калектыў папоўнілі 5 маладых спецыялістаў: усе — выпускнікі каледжа.

У лабараторыі інавацыйных тэхналогій Алёна Аляксанд­раўна сустракала гасцей разам з навучэнцамі 1 і 3 курсаў, якія рыхтаваліся да ўдзелу ў прафесійных конкурсах у рамках міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа” і ProfSkills Belarus — 2026. Побач схіліўся да пліты Антон Яшкоў, сёлетні пераможца гэтага конкурсу прафмайстэрства. Сама майстар у парадку выключэння парушыла строгія правілы — замест кухарскай формы апранула дзелавы касцюм. Прычына заслугоўвае павагі: літаральна праз некалькі хвілін яе чакалі на святочным мерапрыемстве з нагоды 85-годдзя сістэмы прафадукацыі. Абласныя ўрачыстасці ў гонар знакавага юбілею прымаў каледж. Алёне Полесавай была аб’яўлена падзяка міністра адукацыі Рэс­публікі Беларусь.   

— Калі я рабіла першыя крокі ў прафесіі, то мы займаліся на дастаткова добрым па тым часе абсталяванні, — адзначыла педагог. — Цяперашняе значна лепшае. Той жа дэгідратар дазваляе ідэальна зрабіць безэ, высушыць агародніну, згатаваць сухафрукты. У прыватнасці, мы практыкуем вядомую тэхналогію zero waste, якая нацэлена на безадходную вытворчасць: навучэнцы гатуюць і вучацца выкарыстоўваць, напрыклад, шалупінне агародніны, садавіны — і атрымліваецца смачна. Радуюць новыя магутныя ўзбівальныя машыны з разнастайнымі насадкамі, да якіх можна падключыць і мясарубку, і пастамашынку, і слайсеры. У цэлым абсталяванне пераважна шматфункцыянальнае, калі адна адзінка замяняе некалькі. Многа падручнага інвентару, што вельмі важна для нас: розныя молдары, формачкі, нажы новыя для карвінгу і выразкі. Пляцоўка выбудавана як на чэмпіянатах. Гэта значыць, не трэба перамяшчаць пэўныя прылады, перадаваць адно аднаму штосьці з інвентару, бо 4 рабочыя месцы поўнасцю ўкамплектаваны асобна на кожнага ўдзельніка. Безумоўна, гэта ўплывае на камфортнасць, якасць і эфектыўнасць работы. Фактычна зараз мы можам любую тэхналогію па гэтым напрамку, якая існуе ў свеце, выву­чыць і адпрацаваць з навучэнцамі і ўсімі жадаючымі. Адна з ключавых нашых задач, безумоўна, работа з майстрамі вытворчага навучання.

Пад адным дахам з лабараторыяй інавацыйных тэхналогій у цэнтры кампетэнцый пасля яго мадэрнізацыі размясціліся 3 вучэбна-вытворчыя майстэрні — кулінарнай, кандытарскай і пякарнай вытворчасці. На новым абсталяванні штодзень змогуць працаваць каля 100 навучэнцаў. Сімвалічны стартавы запуск тэхна­лагічных ліній разам ажыццявілі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін і навучэнцы каледжа.

Па словах намесніка дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Марыны Уласевіч, сярод прыярытэтных задач мадэрнізацыі было вызначана зрабіць сучасную майстэрню для падрыхтоўкі пекараў. На сёння тут устаноўлены асобныя лініі па вытворчасці хлебабулачных вырабаў, пячэння і вырабаў са слаёнага цеста. Напрыклад, фармовачная машына дазваляе з дапамогай матрыцы рабіць пячэнне з рознага цеста — ад пясочнага да заварнога.

— Працэсы максімальна меха­нізаваны, — пракаменціравала Марына Уласевіч. — Ніхто, канечне, не кажа, што не павінна быць ручных працэсаў у навучанні і вытворчасці, але разам з гэтым нашым выпускнікам неабходна ўмець працаваць на абсталяванні, якое выкарыстоўваецца на буйных галіновых прадпрыемствах, хлебазаводах. Возьмем ратацыйную печ — яна разлічана на выпуск да 3000 выра­баў у суткі. Або цестаадсадачную машыну — па-мойму, нідзе ў беларускіх каледжах такой няма, толькі на вытворчасці. Цестаакруг­ляльнікі і цестадзялільнікі — аналагічна. Хаця сэнс не ў эксклюзіве або колькасці адзінак абсталявання, а ў тым, каб усё гэта было максімальна задзейнічана для навучання і вытворчасці прадукцыі. Яшчэ наш калектыў наблізіўся да рэалізацыі сваёй вялікай мары. Справа ў тым, што мы сістэмна зай­маемся адраджэннем тэхналогій выпечкі рамеснага хлеба, выкладчыкі і навучэнцы даўно шчыруюць над закваскамі і рэцэптурамі. Тэма актуальная — гэта здаровае харчаванне. Закваскі трэба рабіць дастаткова працяглы час, бо яны капрызныя, таму прамысловыя прадпрыемствы з імі мала працуюць, мы цяпер маем такую магчымасць. Акрамя таго, каледж рыхтуе біятэхнолагаў, якім будзе вельмі цікава нават у рамках адукацыйнага працэсу вырошчваць гэтыя жывыя закваскі. А спажыўцу, я ўпэўнена, прыйдзецца даспадобы наш хлеб. Яшчэ мы зрабілі шыкоўную рэстаранную залу ў комплексе сталовай. На сёння існуюць розныя формы абслугоўвання банкетаў, уключаючы мерапрыемствы з поўным абслугоўваннем афіцыянтамі. У прынцыпе, даволі рэдкая тэма, але нашы выпускнікі павінны гэта ўмець і ведаць.

Наша “Кафэ 16” вырасла ў сетку з трох аб’ектаў грамадскага харчавання пад адной назвай, прычым мы працягваем яе развіццё, гаворка ідзе пра адкрыццё чацвёртага кафэ. А вось рэстарана ў нас не было. Думаю, што ў новым годзе расчы­нім дзверы для наведвальнікаў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара