Мае апавяданні вучаць дабрыні

- 10:50Спецыяльная адукацыя

Жыхары аднаго з раёнаў Брэста часта заўважаюць на сваіх вуліцах усмешлівага хлопчыка — вучня 10 класа сярэдняй школы № 27 Данііла Мазоля. У яго парушэнне апорна-рухальнага апарату (ДЦП), але, нягледзячы на гэта, ён перамяшчаецца на веласіпедзе. Ходзіць хлопчык толькі з дапамогай спецыяльных хадункоў, а веласіпед асвоіў у 4 гады. Данііл шмат чытае, захапляецца музыкай, псіхалогіяй, вучыцца толькі на 8—10 балаў. А яшчэ ён піша добрыя казкі і апавяданні. У яго нават выйшла кніга “Я ёсць” ( https://cloud.mail.ru/public/Zkwd/yZUtbzFwy).

“Мяне завуць Даніла. Мне шаснаццаць гадоў. Я люблю падарожні­чаць і радуюся кожнаму дню свайго жыцця, — піша ён у сваёй кнізе. — Мае бацькі, сястра Кацюша, адзіная бабуля Надзя — гэта мая вера і сіла. Я не адзін, пакуль ёсць неабыякавыя людзі! Мой герой — гэта Сімба (м/ф “Кароль Леў”)”. Кніга “Я ёсць” выдадзена пры падтрымцы Брэсцкага дабрачыннага мясцовага фонду “Новае пакаленне”.

“Кожны чалавек верыць, што народжаны пад шчаслівай зоркай, — звяртаецца да чытачоў мама хлопчыка Ірына. — Мы расцём, вучымся, і кожны дзень нашага жыцця напоўнены радасцю і клопатамі. Сустрэўшы сваю любоў, чалавек упэўнены: большага шчасця і не можа быць! Доўгачаканае нараджэнне дзіцяці. Але… Дзе мой анёл-ахоўнік? У мяне няма сіл, сэр­ца ў трывозе, душа спустошана. Чаму менавіта гэта здарылася са мной і маім сынам? Пачаліся вельмі цяжкія дні, месяцы, гады — барацьба за права жыць! Нам спа­трэбілася шмат часу, каб адпусцілі боль, трывога, смутак і слёзы проста не каціліся з вачэй… Цяпер я дакладна ведаю, што нараджэнне і жыццё сына адкрылі маё сэрца для дабрыні і міласэрнасці. Я берагу і цаню кожную хвілінку гэтага хуткацечнага жыцця. Усміхаюся, мару і проста люблю ўсім сэрцам! У нашай сям’і двое дзяцей — Кацярына і Данііл. Калі нарадзіўся Даніла, Кацюшы было 14 гадоў. Некалькі вельмі сур’ёзных праблем пакідалі мізэрны шанс мець другое дзіця. З першых дзён цяжарнасці мне вельмі хацелася ўба­чыць нашу крывіначку. Гэта адбылося на 32-м тыдні. Толькі і ўявіць мы тады не маглі, які лёс быў наканаваны нашаму дзіцяці. Жыццё па­дзялілася на да і пасля. За гэтыя гады мы прайшлі шматлікія курсы рэабілітацыі, кансультацыі спецыялістаў, санаторнае лячэнне і аперацыі. Велізарная праца дала магчымасць паціху перамя­шчацца і вучыцца. Выдатна развітая па­мяць, валоданне камп’ютарам, чытанне — залог яго добрых адзнак у школе. Гэта радуе і нас, бацькоў, і ўсіх педагогаў Данілы. Нягледзячы на складанасці, наш сын не страціў веры ў людзей, дабро, справя­длівасць. Тысячу ласкавых слоў мы чуем кожны дзень ад нашага добрага дзіцяці. У яго душы жыве прыгажосць. Ён піша добрыя казкі і апавяданні. Мы вельмі ўдзячны нашаму сыну за тое, што сталі больш добрымі, міласэрнымі, набылі веру і надзею. Кожнае імгненне непаўторнае, і бясцэнныя хвіліны жыцця разам са сваёй сям’ёй — самае вялікае шчасце! Ён проста іншы, мой сын, унікальны, выдатны, самы лепшы. Дзіця прыйшло ў гэты свет менавіта такое, значыць, гэта яго жыццёвая задача — справіцца з усімі цяжкасцямі”.

З 5 класа Данііл вучыцца дома. Жыве сям’я ў прыватным доме, дзе ўсё асяроддзе адаптавана пад патрэбы хлопчыка. Данііл вельмі дружалюбны, з нецярпеннем чакае ў госці аднакласнікаў. Яго мара — знайсці верных сапраўдных сяброў. Хлопчык любіць гуляць па вуліцы, у горадзе перамяшчаецца з дапамогай прыстаўных хадункоў і толькі ў суправаджэнні дарослых, а таксама катаецца на спецыяльным веласіпедзе. З настаўнікамі Даніілу вельмі пашанцавала: яны знайшлі да яго індывідуальны падыход. Пісаць ручкай ён не можа, толькі друкаваць на камп’ютары. І настаўнікі, у першую чаргу дакладных навук, рыхтуюцца да ўрокаў з Данілам вельмі грунтоўна, адаптуючы для яго вучэбны матэрыял на камп’ютары. Асабліва цёплыя ўзаемаадносіны ў хлопчыка і яго сям’і склаліся з намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце Галінай Паўлаўнай Згера.

Кожны дзень у хлопчыка дакладна распісаны. Пасля ўрокаў абавязковыя фізічныя нагрузкі: заняткі ЛФК, на вертыкалізатары, велатрэнажоры і прагулкі на свежым паветры. Крок за крокам, пераадольваючы фізічныя бар’еры, Данііл Мазоль з усмешкай сустракае кожны дзень. Творчасць у яго жыццё прыйшла разам з руціннымі трэніроўкамі за камп’ютарам. Каб развіць маторыку і захаваць добрую хуткасць набору, кожны дзень Данііл набірае тэксты. Спачатку тэксты яму дыктавала мама, з часам ён стаў прыдумваць і разві­ваць свае тэмы. Данііл стварыў 16 займальных гісторый, якія сталі адной кнігай “Я ёсць” з апавяданнямі, дзе птушкі і звяры трапля­юць у складаныя жыццёвыя сітуацыі і, калі б не чалавечая дабрыня, усё магло б скончыцца дрэнна. Кожны раз Данііл прыходзіць на дапамогу сваім героям, рабіць дабро — яго жыццёвая філасофія. “Мае апавяданні вучаць дабрыні”, — гаво­рыць Данііл. Ён тонкая і вельмі ранімая натура. Часам раіцца з мамай: “Што, калі да мяне на вуліцы падыдуць дзеці і пачнуць з мяне смяяцца?” “Нічога не гавары ім, сынок, — заўважае мама. — Разумны чалавек не будзе смяяцца, ён ведае, што кожны крок для цябе — каласальная праца!”

Бацькі непакояцца пра будучыню сына пасля заканчэння школы. Многія прафесіі для Данііла недаступныя, а часам перашкодай з’яўляецца адсутнасць безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, дзе мог бы працягнуць вучыцца хлопчык. Сёння на курсах ён вывучае асновы праграмавання, стварае разам з педагогам камп’ютарныя гульні. Падабаецца яму і журналістыка. “Багатае ўяўленне і фантазія дазволілі Даніілу стварыць добрыя апавяданні. Сваёй творчасцю ён дорыць радасць і надзею людзям, а перш за ўсё — сабе і нам, яго бацькам, надзею на тое, што мары здзяйсняюцца, — адзначае яго мама. — Зараз канікулы, а значыць, ёсць час па­працаваць над новымі апавяданнямі. Усё больш Данілу натхняюць гісторыі людзей з моцным характарам і добрым сэрцам, пра іх ён і раскажа ў сваёй новай кнізе”.

Надзея ЦЕРАХАВА.