Мае маленькія школьнікі — маё вялікае шчасце

- 10:45Людзі адукацыі

Сустракаюцца такія людзі, побач з якімі міжволі хочацца ўсміхацца. Гэткія людзі-сонейкі, якія выпраменьваюць дабрыню і пазітыў. Такую настаўніцу — добразычлівую, лагодную, здольную агарнуць дзяцей цеплынёй і клопатам — хочуць бачыць побач са сваімі дзецьмі ўсе мамы і таты. Навучэнцам пачатковых класаў Языльскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна вельмі пашчасціла, бо іх настаўніца Марына Фёдараўна Вінаградава адпавядае гэтаму апісанню. Калі яна расказвае пра сваіх маленькіх вучняў, здаецца, што ў пакоі становіцца святлей.
Марына Фёдараўна не толькі вучыць дзяцей як настаўніца пачатковых класаў, а яшчэ і выхоўвае іх у групе падоўжанага дня. Той факт, што яна праводзіць з дзецьмі цэлы дзень, педагог лічыць сваім шчасцем і вялікай удачай. “Быць разам з дзецьмі такога ўзросту — проста задавальненне, — кажа Марына Фёдараўна з такой шчырасцю і пяшчотай, што немагчыма сумнявацца ў яе словах. — Мне так многа хочацца ім расказаць, і не толькі па тэмах школьных урокаў, а пра ўсё на свеце. Я адчуваю, што яны цягнуцца да мяне, як і я цягнуся да іх. Мае маленькія школьнікі — маё вялікае шчасце!”

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.