Мае першыя фінансы

- 10:58Нам пішуць

Вядомы афарызм сцвярджае, што шчасце не ў золаце. Аднак кожны разумее значнасць матэрыяльных каштоўнасцей у штодзённым жыцці. Грошы — важны інструмент, які дапамагае здзяйсняць мары і задавальняць патрэбы чалавека.

Калі з’явіліся грошы? Хто іх прыдумаў? Колькі іх патрэбна чалавеку для шчасця? Узнікае шмат пытанняў. Мерапрыемства “Мае першыя фінансы” дало магчымасць адказаць на гэтыя пытанні.

Удзельнікамі тэматычнай класнай гадзіны сталі вучні пятага і восьмага класаў. Трэба зазначыць, што пяцікласнікі наведваюць факультатыў па фінансавай граматнасці і добра валодаюць інфармацыяй па тэме.

Мерапрыемства пачалося з вядомай цытаты: “Багацце — гэта не нагрувашчванне матэрыяльных каштоўнасцей. Гэта ўменне траціць менш, чым зарабляеш”. Сапраўды, нават дарослыя людзі не заўсёды могуць жыць згодна з гэтым прынцыпам. Калі чалавек навучыцца правільна размяркоўваць свае даходы, то, напэўна, ён зможа задаволіць больш уласных патрэб. Вучні паразважалі над афарызмам, выказалі свае меркаванні. Пасля школьнікам быў прапанаваны цікавы фільм, які даў уяўленне пра паходжанне назваў грашовых адзінак розных краін.

Беларускі народ заўсёды славіўся мудрасцю. Пра грошы існуе шмат прыказак, якія адлюстроўваюць народнае бачанне фінансавага боку жыцця. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся на групы. Ім было прапанавана скласці прыказкі з асобных кампанентаў, а пасля патлумачыць іх сэнс. Час пайшоў. Вучні ўключыліся ў актыўнае абмеркаванне. Усе каманды справіліся з гэтай няпростай задачай.

Крэдыт, аванс, рахунак — гэтыя тэрміны трывала ўвайшлі ў слоўнік сучаснага чалавека. Але ці ведаюць школьнікі дакладнае значэнне гэтых тэрмінаў? Ведаюць, дакладна ведаюць. Іх яны неаднаразова чулі ад бацькоў, сяброў, знаёміліся з тэрмінамі праз сродкі масавай інфармацыі. Таму вучні з лёгкасцю справіліся і з задачай.

Кожны чалавек павінен быць культурным. Правільна паводзіць сябе ў гасцях, на вуліцы, у грамадскіх месцах. Гэта паказчык агульнай культуры. Аднак ёсць яшчэ і эканамічная культура. Яна таксама надзвычай важная для кожнага чалавека. Не заўсёды можна дазволіць купіць сабе тое, што хочацца. Аднак залішняя сквапнасць таксама не ўпрыгожвае. Грошы нельга зрабіць галоўнай каштоўнасцю ў жыцці, аднак яны адкрываюць розныя магчымасці і гарызонты для кожнага. Узгадваецца вядомы твор Бальзака “Габсек”, дзе галоўны герой вельмі ашчадна ставіўся да грошай, стараўся адкласці як мага больш. Так ён і памёр у адзіноце з вялікай колькасцю грошай. Адсюль вынікакае глыбокая і важная думка: грашыма трэба ўмець правільна распарадзіцца. Толькі ў такім выпадку яны прынясуць карысць.

Пасля вучні прыгадалі, што ў нашай краіне нядаўна прайшла дэнамінацыя, пасля якой мы пачалі карыстацца новымі грашовымі адзінкамі. Было праведзена параўнанне новых грашай і тых, якія паступова выходзяць з ужытку.

У заключным слове вучням былі дадзены важныя парады. Выходзячы з аўдыторыі, кожны для сябе зразумеў многае. Не заўсёды трэба патрабаваць ад бацькоў каштоўных падарункаў, бо зарбляць грошы — цяжкая справа. Акрамя таго, кожны зразумеў, што да кішэнных грошай неабходна ставіцца ашчадна, не траціць сродкі на непатрэбныя рэчы. Мерапрыемства дало магчымасць кожнаму ўзбагаціць свае веды, стаць крыху больш дасведчаным у эканоміцы і фінансах.

Марта МАЦКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу
“яслі-сад — сярэдняя школа”, Гроденская вобласць.